Замежныя СМІ пра Беларусь: 14–22сакавіка

Акрамя вучэнняў сіл СПА, у пятніцу побач з Польшчай былі праведзены манеўры сухапутных войскаў. Па словах Міністэрства абароны Беларусі, яны былі планавымі, і ў іх рамках бранятанкавыя войскі, якія належаць да падраздзяленняў Заходняга аператыўнага камандавання беларускага войска, адпрацоўвалі вядзенне агню.



smi4.jpg

Відавочна, што ініцыятыва іх правядзення зыходзіла ад Расіі. Гэта частка кампаніі ціску, якую Крэмль вядзе ў адносінах да Украіны. Лукашэнка паводзіў сябе як адданы саюзнік Расіі, і паказаў, што, нягледзячы на заявы пра прызнанне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, гатовы рухацца ў кірунку, паказаным Крамлём.

«Gazeta Wyborcza» (Польшча)

Больш за іншых, верагодна, занерваваўся лідар Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Па словах экспертаў, у палітычных кругах паўсталі асцярогі, што ўсёдазволенасць Пуціна распаўсюдзіцца і на Мінск. Чыннік у настроях, якія паўсталі ў нашым грамадстве: вельмі шмат хто, уключаючы службоўцаў, жадае атрымаць грамадзянства РФ. Неадназначныя настроі і ў вайскоўцаў. Надоечы Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на аднаго з расійскіх губернатараў, які гасціў у Мінску, чаго раней сабе не дазваляў. Яму не спадабалася, як расійскія СМІ асвятляюць ваеннае супрацоўніцтва з Мінскам. Але ўсё ж супраць Пуціна Лукашэнка ў адкрытую не пойдзе, і яму давядзецца падтрымаць рэферэндум у Крыме.

«Сегодня» (Украіна)

Паколькі Украіна загразла ў глыбокім дзяржаўным крызісе, відавочна, надоўга, Еўрасаюзу ёсць сэнс прыцягнуць на свой бок «апошняга дыктатара Еўропы». Украіна, у якасці моста ў Расію, прагніла. І замест таго, каб замяніць газ з Расіі на арабскія пастаўкі, значна танней укласці сродкі ў «беларускі калідор». Тым больш, што ЕС (з падачы Германіі) не збіраецца змяншаць таваразварот з Расіяй. У сваю чаргу, Лукашэнка з задавальненнем будзе патрабаваць ад Еўропы даць грошай і на «дэмакратызацыю» Беларусі. Тым больш, што наступнай у чарзе на рассячэнне, пасля Грузіі і Украіны, варта лічыць менавіта Беларусь. У Крамлі не забыліся, што Лукашэнка сябраваў з Саакашвілі і замест прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі атрымаў шматмільярдныя крэдыты Захаду.

«24.UA» (Украіна)

Крымскія падзеі, найверагодней, прывядуць да імклівага распаду самой структуры СНД — для Украіны пасля 16 сакавіка заставацца ў гэтым аб'яднанні няма сэнсу, а яе магчымы выхад па чыста геаграфічных чынніках паставіць падобнае ж пытанне пра мэтазгоднасць далейшага сяброўства перад Малдовай. З еўрапейскіх удзельнікаў застаецца толькі Беларусь, але калі ў Крамлі разлічваюць, што А. Лукашэнка будзе жыць і ўчэпіста ўтрымліваць краіну ў сваіх руках яшчэ 30–40 гадоў, падобна, там «будуюць планы на пяску». Пра палітычны курс «пасля Бацькі» краіны з 30% каталіцкага насельніцтва, дзе выспявае апазіцыя прамаскоўскаму рэжыму Расіі, патрэбна б задумацца ўжо цяпер. Калі з СНД у будучыні выпадзе і Мінск, Садружнасць канчаткова страціць жыццяздольнасць.

«AVA» (Малдова)