Замежныя СМІ пра Беларусь: 9–16 мая

Краіна, якая яшчэ ў 1990-я гады абрала ў прэзідэнты савецкага патрыёта, афіцыйна вярнулася да савецкай атрыбутыкі і прагаласавала на рэферэндуме за рускую ў якасці дзяржаўнай мовы. Здавалася б, зліццё з Расіяй павінна адбывацца амаль у аўтаматычным рэжыме. Але жыццё не зводзіцца да фармальных прыкметаў.



smi4.jpg

 Здарылася тое, што дваццаць гадоў таму нікому і ў галаву не прыходзіла. Сёння ясна, што ніхто не зрабіў так шмат для будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы, як Аляксандр Лукашэнка. Яго рэжым цалкам трывалы і, пры велізарнай матэрыяльнай залежнасці ад Масквы, на здзіўленне, незалежны ад яе палітычна. А каб падкрэсліць ідэалагічную дыстанцыю, Лукашэнка, які і раней, насцярожана ставіўся да георгіеўскай стужкі, на гэты раз фактычна выключыў яе з афіцыйнай атрыбутыкі святкавання 9 мая ў Беларусі. Зазіраць наперад заўсёды рызыкоўна, але сённяшняя Беларусь — вельмі сумнеўны ўдзельнік "збірання земляў", у ашаламляльным кантрасце з Беларуссю дваццацігадовай даўніны.

«Росбат» (Расія)

Мінск не будзе блакаваць падпісанне дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), запланаванае на 29 мая, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Пытанні, якія нас хвалявалі, атрымалася зняць", — паведаміў ён. Праўда, сярод экспертаў поспехі Лукашэнкі станоўчай ацэнкі не выклікаюць. Эканоміка краіны ў рэцэсіі, вытворчасць падае, растуць цэны, грошы абясцэньваюцца, і гэты працэс не здольная спыніць нават падтрымка з золатавалютных рэзерваў. Крэдытнае падсілкоўванне пры адсутнасці рэформаў працуе толькі на ўтрыманне ўлады Лукашэнкі. Больш за тое, растуць даўгі і залежнасць ад Расіі.

«Корреспондент» (Расія)

Пуцін праводзіць «узмоцненую апрацоўку прэзідэнтаў краін-сатэлітаў». Варта хаця б узгадаць нядаўняе правядзенне вучэнняў УС РФ з адпрацоўкай пытанняў прымянення ядзернай зброі пад асабістым кіраўніцтвам Пуціна, з запрашэннем прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Кіргізіі і Таджыкістана. Пры гэтым прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які раней не падтрымліваў агрэсію супраць Украіны, раптам па незразумелых прычынах рэзка змяніў рыторыку. Гэта змена пазіцыі дзіўным чынам супала з паведамленнем пра гатоўнасць Расіі даць Беларусі крэдыт на папаўненне золатавалютных рэзерваў у памеры 2 мільярда долараў.

«Украинфо» (Украіна)

Сумная доля ў перыяд сусветнага хакейнага першынства спасцігла мясцовых праваабаронцаў. Улады краіны, баючыся дыскрэдытацыі ў вачах заўзятараў, якія прыехалі на чэмпіянат, змясцілі самых палітычна нядобранадзейных у турмы. Усе сілы беларускіх уладаў сканцэнтраваны на тым, каб ніхто не змог сапсаваць лубачную карцінку шчаслівай і квітнеючай Беларусі. Праўда, як падкрэсліваюць у сваіх публікацыях многія замежныя журналісты, галоўны прынцып дзеяння беларускіх уладаў — забараняць і кантраляваць — усё ж схаваць не атрымоўваецца. Больш за тое, гэта перашкаджае якаснай працы. Гаворка ідзе пра шматлікія блокпосты пры ўваходзе ў арэны з амаль распрананнем, блакаваннем інтэрнэту ў будынку падчас прысутнасці там Аляксандра Лукашэнкі, забароне на фатаграфаванне першай асобы дзяржавы, выстаўленне дадатковага асвятлення і інш.

«Независимая газета» (Расія)