Замежныя СМІ пра Беларусь: 11–19 верасня
Дзеянні Крамля ва Украіне, а таксама "відавочны нейтралітэт Лукашэнкі ва ўкраінскім крызісе" могуць спрыяць дасягненню новага ўзроўню паразумення паміж Захадам і Беларуссю. Хоць Беларусь працягвае знаходзіцца ў эканамічнай залежнасці ад Расіі, Лукашэнка больш зацікаўлены ў падтрыманні нейтралітэту Беларуссю і рээкспарце заходняй сельскагаспадарчай прадукцыі, чым ва ўдзеле ў канфлікце і ў поўнай падтрымцы Крамля. "The Guardian" (Вялікабрытанія)
Расійскае эмбарга не аказала крытычнага ўплыву на аб'ёмы экспарту малдаўскай садавіны, прынамсі яблыкаў. Вытворцы, якія раней арыентаваліся на расійскі рынак, кажуць, што па-ранейшаму адгружаюць вялікія аб'ёмы прадукцыі. Проста зараз яна трапляе ў РФ праз Беларусь, дзе змяняюцца сертыфікаты паходжання тавараў. Бярэцца беларускі фермер, у якога ёсць сад, і паказваецца ўраджайнасць 100 тон з гектара. Гэтым займаюцца экспарцёры-пасярэднікі, якія маюць сваю рэнту.
«Newsmaker» (Малдова)
Сёння, каментуючы нібы паспяховы дыялог АБСЕ з уладамі, мясцовыя назіральнікі не маюць ніякіх ілюзій адносна яго вынікаў. Афіцыйны Мінск будзе рабіць выгляд, што прыслухоўваецца і гатовы штосьці змяняць, а насамрэч будзе рабіць тое, што трэба ўладзе. Яны нагадваюць, што яшчэ зусім нядаўна Дуня Міятавіч не магла атрымаць беларускую візу. Самому офісу АБСЕ ў Мінску было адмоўлена ў падаўжэнні паўнамоцтваў за непатрэбнасцю. Цяперашняе пацяпленне эксперты звязваюць з геапалітычнымі зменамі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка імкнецца наладзіць адносіны з Еўропай, бо баіцца быць "задушаным у абдымках" найбліжэйшым саюзнікам. Захад, у сваю чаргу, ужо не такі катэгарычны ў ацэнках дэмакратычнасці беларускіх улад.
«Независимая газета» (Расія)
Ва ўзаемаадносінах трох самых магутных постсавецкіх дзяржаў — Расіі, Казахстана і Беларусі — паўстаў раскол, які становіцца тым шырэй, чым даўжэй цягнецца вайна на Данбасе. Калі Расія прайграе геапалітычнае сутыкненне ў Наваросіі, то яны паспрабуюць далучыцца да мацнейшага лагера. Такая вось прагматычная, цынічная і ў вядомым сэнсе беспрынцыповая палітыка. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка схіляецца да той жа пазіцыі. З моманту публічнага агучвання ідэі ЕАЭС, беларускі лідар не раз акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварэння выключна апалітычнага альянсу з гандлёва-эканамічным яго напаўненнем.
«Biznes» (Расія)
З 8 па 11 верасня Мінск упершыню за 4 гады наведала з візітам міжведамасная дэлегацыя ўраду ЗША. Мяркуючы па пасадах гасцей, амерыканцаў цікавяць дзве тэмы: пашырэнне прасторы дзейнасці празаходняй апазіцыі, якая дапамагла б у будучыні ўплываць на курс Лукашэнкі, і гатоўнасць Беларусі даць Расіі плацдарм для вайны супраць Украіны. Нагадаем, што ад мяжы з Беларуссю да сталіцы Украіны — усяго тры гадзіны на машыне, і гэта самая блізкая кропка для наступу на Кіеў. Беларусь, са свайго боку, цікавіць, найперш, адмена эканамічных санкцый, уведзеных раней Вашынгтонам і Брусэлем. Адразу пасля далучэння Крыму да Украіны Аляксандр Лукашэнка ў адным з інтэрв'ю выказаў на гэта надзею, заявіўшы, што зараз для Захаду не ён, а Пуцін — "апошні дыктатар Еўропы". Словам, пацяпленне паміж Мінскам і Вашынгтонам сапраўды ў наяўнасці.
«Россбалт» (Расія)