Замежныя СМІ пра Беларусь: 5–12 лютага

Калі Пуцін і ў далейшым будзе праводзіць такую ж «міралюбную» палітыку, не тое, што Фінляндыя, Лукашэнка паспрабуе ўступіць ў NATO.    «Цэнзор» (Украіна)  



smi_nnm_me.jpg

Фота nnm.me.
Цяпер афіцыйны Мінск дэманструе дыпламатычныя намаганні для таго, каб санкцыі былі не прыпынены, а адмененыя. Пра тое, што беларуска-еўрапейскі дыялог ідзе, сведчаць узаемныя візіты. (...) Эканамічная накіраванасць перамоў гаворыць аб тым, што ЕС прыняў умовы Беларусі і гатовы абмяркоўваць менавіта тое, што згодны абмяркоўваць Мінск. У свой нядаўні прыезд дэлегацыя БДІПЧ АБСЕ, канстатаваўшы, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі далёкія ад дэмакратычных стандартаў, фактычна толькі пагразіла пальцам.
«Независимая газета» (Расія)
Слабасць Лукашэнкі заключаецца ў тым, што ён стварыў сітуацыю, калі ў Еўропе ў яго няма саюзнікаў. Мы бачылі на прыкладзе вайны Расіі з Грузіяй у 2008 годзе і на прыкладзе вайны з Украінай у 2014–2015 гадах, што ў Грузіі і Украіны саюзнікі знайшліся. Гэтыя саюзнікі не гатовыя былі ўвесці свае войскі на тэрыторыю Грузіі і Украіны, але па меншай меры аказалі на Расію дыпламатычны, палітычны і нават нейкі эканамічны ціск. А вось, калі заўтра расійскія войскі ўвойдуць у Беларусь, ды яшчэ, ведаючы Пуціна, гэта будзе арганізавана як патрабаванне беларускага народа па далучэнні да РФ, то, вядома, бараніць незалежнасць Беларусі Еўропе будзе дастаткова складана, паколькі прыхільнікаў Лукашэнкі ў Еўропе няма.
«Aravot» (Арменія)
Улічваючы сумны вопыт украінскага калегі, Лукашэнку варта або выразна расставіць свае прыярытэты і зрабіць стаўку на поўную зачыстку ўсіх сфер грамадства ад праяваў нацыяналізму, альбо чакаць паўтарэння ўкраінскага майдана ў сябе ў краіне. Пры цяперашнім стаўленні беларускіх уладаў да росту русафобіі, дзяржаўны пераварот у краіне — гэта ўсяго толькі пытанне часу. Але часу застаецца ўсё менш.
«Фонтанка» (Расія)
Мінск традыцыйна імкнецца праводзіць актыўную дыпламатычную дзейнасць на ўсіх напрамках. Гэта можна толькі вітаць: у сучасным свеце нельга пазбягаць міжнародных зносін. Аднак, па меры развіцця гэтых кантактаў, гаворка ўсё часцей заходзіць пра каштоўнасці беларускага грамадства, якія, на думку еўрачыноўнікаў, маюць патрэбу ў карэкціроўцы. Прадстаўнікі аб’яднанай Еўропы маюць намер ушчыльную заняцца «беларускай Вандэяй», якая не прыняла ўльтраліберальныя правілы гульні пасля распаду СССР. (…) На Захадзе Беларусі прапануюць змяніць амплуа, прымераўшы на сябе ролю «новай Швейцарыі», нейтральнай у дачыненні да Расіі.
RuBaltic.Ru (Расія)
Беларусь у плане ваеннай ацэнкі з’яўляецца дзяржавай, на якую трэба глядзець сур’ёзна, нягледзячы на тое, што ў апошні час публічна робяцца заявы пра тое, што ў Лукашэнкі намячаецца свая гульня ў сферы бяспекі. Беларусь — гэта саюзная Расіі дзяржава, яна неаднаразова надавала сваю тэрыторыю для размяшчэння расійскіх войскаў у ходзе ваенных манеўраў з агрэсіўнымі сцэнарамі з мэтай дэблакіроўкі Калінінградскай вобласці. Гэтыя ваенныя гульні прайграваліся неаднаразова, і несумненна, калі такія сцэнары прайграюцца, то ўзброеным сілам Беларусі надаецца пэўная роля.
Delfi (Літва)
Кіраўніцтва Беларусі зрабіла заказ на канструяванне новай ідэнтычнасці беларусаў, заблакаваўшы пры гэтым магчымасці змены ўлады, адстойвання сваіх правоў у судзе і іншыя механізмы народаўладдзя. Масква не ўмешваецца ў тое, што адбываецца, як не ўмешвалася раней у працэсы на Украіне, у Прыбалтыцы і ў іншых постсавецкіх утварэннях.
REGNUM (Расія)
Рэзкага павароту на 180 градусаў у нацыянальнай палітыцы чакаць, відавочна, не варта. Ідзе акуратнае прамацванне глебы для змены палітыкі. Яна і мяняецца. Асцярожна, без рэзкай дэманстрацыі. Што, у прынцыпе, зразумела. Працэсы, якія набралі ў сілу «ў цішыні», лепш гучных заяў з «пшыкам» замест вынікаў. Адным словам, хуткай і рэзкай беларусізацыі не будзе. А вось паступовая праца будзе працягвацца. 
НТН (Украіна)