Замежныя СМІ пра Беларусь: 20-26 кастрычніка

У той жа час нельга не заўважыць, што Лукашэнка (падчас інтэрв’ю) у чарговы раз даў сігнал Захаду, што гатовы весці размовы пра аднаўленне адносін. Праўда, для таго, каб дыялог адбыўся, Еўропа павінна прабачыць Лукашэнку «яго маленькія недэмакратычныя слабасці», праглынуўшы тэзіс пра тое, што беларуская дыктатура — гэта таксама дэмакратыя, толькі іншага ўзору. Але, як і беларускія тавары матэрыяльнага парадку, якія прадаюцца ўсё горш, паколькі зробленыя па саўковай тэхналогіі, так гэты ідэалагічны тавар не знойдзе збыту. «Независмая Газета» (Расія)



smi.jpg

Лукашэнка аспрэчвае інфармацыю пра падрыхтоўку хлопчыка ў якасці свайго пераемніка. Тым не менш ён ахвотна прызнае, што выхаванне сына адрозніваецца ад яго ўласнага. Ён быў выгадаваны маці-адзіночкай, якая працавала на малочнай ферме. Гэта было «катастрафічна цяжка», а Коля, па словах кіраўніка Беларусі, жыве ў «залатой клетцы». Клетка для большасці людзей у Беларусі значна горш залатой, асабліва цяпер, калі сусветны эканамічны крызіс ударыў па краіне і пагражае «беларускаму цуду», пра які даўно кажа Лукашэнка.
«Independente» (Вялікабрытанія)
Галоўным вынікам кіравання Лукашэнкі з’яўляецца тое, што ён не стварыў самадастатковую беларускую эканоміку, а ператварыў краіну ў «бяздонную бочку» для вонкавай дапамогі і падтрымкі. Беларусь пераўтворана ў рэальную эканамічную «чорную дзірку», бо былы — ужо такі звыклы для афіцыйнага Мінска — аб’ём расійскіх датацый і прэферэнцый даўно недастатковы. Дапамога павінна павялічыцца мінімум у два разы, гэта значыць яшчэ дзесьці на 9–9,5 мільярдаў долараў на год. Пытанне, дзе іх узяць? Лукашэнка лічыць, што толькі ў Расіі…
«Politobzor» (Расія)
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Расіі адным ходам вырашыць усе наяўныя супярэчнасці ў нафтавай сферы: набыць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) у абмен на доступ беларускіх кампаній да расійскіх нетраў. Галіновыя эксперты ў Расіі сумняваюцца ў рэальнасці такога праекта. З геапалітычных меркаванняў можна было б пайсці насустрач і даць некаторыя льготы па распрацоўцы радовішчаў, дапамагчы крэдытамі, дамовіцца пра допуск да трубы. Але Мінск заўсёды можа адыграць усё назад.
«Deutche Welle» (Германія)
Уласна, дзе б ні выступаў бацька — гэта заўсёды шоў. Аднак яго прамовы на адрас рускіх адрозніваюцца асаблівай глыбінёй і сілай. Навекі адлучаны ад крамлёўскага трона, у гэты дзень ён раз на год бярэ рэванш. Адводзіць душу. Адчувае сябе, груба кажучы, Пуціным.
«Грани» (Расія)