Зяленскі: Альбо Украіна стане часткай еўрапейскай сістэмы бяспекі, альбо некаторыя ў Еўропе стануць часткай «рускага міру»
Украіна адзначыла Дзень работнікаў ваенна-прамысловага комплексу. І ёй ёсць чым ганарыцца, і ёсць што прапанаваць свету, лічыць прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. А Расія ў той жа час губляе грошы з-за заходніх санкцый: яны больш балючыя, чым падавалася раней. Ідуць 1511-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 125 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 21 штурм расіян у раёнах Радзінскага, Мірнаграду, Удачнага, Запаведнана, Біліцкага, Грышына, Пакроўску і Мураўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Сцяпанаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і Навапаўлаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 11 атак расіян у раёнах Залізнічнага, Прылук, Горкага і Гуляйполя.
На Ліманскім кірунку украінскія воіны адбілі восем атак расіян, на Аляксандраўскім кірунку — сем атак.
* * *
У ноч на 14 красавіка Расія атакавала Украіну чатырма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69 і 129 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана кіраваная авіяцыйная ракета і 114 БпЛА.
У выніку расійскага ўдару ноччу 14 красавіка атрымалі пашкоджанні цывільнае судна пад сцягам Панамы і партовая інфраструктура горада Ізмаіл у Адэскай вобласці. Абышлося без пацярпелых, на месцы працягваюцца аварыйна-аднаўленчыя работы.
Расійскія войскі атакавалі Днепрапятроўскую вобласць, у выніку чаго ёсць разбурэнні, адзін чалавек атрымаў раненні.
* * *

* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце з нагоды Дня работніка ўкраінскага абаронна-прамысловага комплексу заявіў, што Украіна ўпершыню ў сваёй гісторыі мае дастатковы ўзровень узбраення, каб абараняцца ад расійскіх удараў.
«Упершыню ў гісторыі нашай дзяржавы ўзброены дастаткова, каб абараняцца ад расійскіх удараў. Расія не ўпершыню прыйшла знішчыць нас, украінскую дзяржаўнасць і волю, але зараз украінцы знаходзяцца на больш моцных пазіцыях, чым гэта было раней: і ў 2014 годзе, і ў 20-м стагоддзі, і яшчэ раней.
Гэта, безумоўна, гістарычны вынік нашай дзяржавы. Украіна змагла выстаяць у поўнамаштабнай вайне і абараняцца годна, абараняцца сучасна і мець магчымасць пераносіць вайну на тэрыторыю ворага — у Расію», — заявіў ён.
«Украіна — сярод лідараў у развіцці тэхналогій бяспекі. Наш украінскі вопыт у сферы бяспекі, наша ваенная экспертыза — цяпер гэта самы жаданы тавар для дзясяткаў краін свету. Але новае супрацоўніцтва з партнёрамі па зброі мы будуем не так, як у дзевяностых ці нулявых, калі ўкраінскую зброю і сілу распрадавалі, як на Чорную пятніцу. Мы не ладзім кірмаш нашай зброі і не спусташаем нашы склады, мы прапануем партнёрства ў сферы бяспекі — доўгатэрміновае і прыбытковае для Украіны», — адзначыў ён.
* * *
Па выніках размоў з міністрамі абароны Бельгіі і Іспаніі міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў паведаміў, што Бельгія ў гэтым годзе выдзяляе 1 млрд еўра абароннай дапамогі Украіне і пацвердзіла намер перадаць дадатковыя знішчальнікі F-16, тады як Іспанія таксама дае 1 млрд еўра на падтрымку Украіны.
Украіна прапанавала магчымасць тэсціравання іспанскіх беспілотнікаў у баявых умовах.
* * *
Крэмль зноў абвінавачвае краіны Балтыі і Фінляндыю ў саўдзеле ў атаках на расійскую тэрыторыю. Пра гэта ў размове з расСМІ заявіў памочнік расійскага дыктатара і кіраўнік Марской калегіі Мікалай Патрушаў.
«Наданне краінамі Прыбалтыкі і Фінляндыяй паветранай прасторы для пралёту ўдарных БПЛА азначае прамы ўдзел дзяржаў – членаў НАТА ў атаках на расійскую тэрыторыю і інфраструктуру. З усімі высновамі і наступствамі», – заявіў Патрушаў.
Паводле яго слоў, такая падтрымка дазваляе наносіць удары па аб’ектах «неваеннай марской інфраструктуры» і гандлёваму флоту Расіі, уключаючы порты ў Ленінградскай вобласці. Ён адзначыў, што адлегласць ад паўночных межаў Украіны да Ленінградскай вобласці перавышае 1400 кіламетраў, і таму, на яго думку, дроны не могуць пераадольваць такі маршрут без згоды краін НАТА, над тэрыторыяй якіх ён праходзіць.
Краіны Балтыі і Украіна абвяргаюць падобныя вымыслы.
* * *
Кіеў рыхтуецца да перагавораў з еўрапейскімі партнёрамі па стварэнні сумеснай сістэмы СПА, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, перадае Офіс прэзідэнта Украіны.
«Ужо на гэтым тыдні ў нас будзе размова з еўрапейцамі — перагаворы аб стварэнні сумеснай сістэмы абароны неба» — сказаў ён.
Зяленскі падкрэсліў, што інтэграцыя Украіны ў еўрапейскую сістэму бяспекі з’яўляецца пытаннем стратэгічнага выбару.
«Я ўпэўнены: альбо Украіна стане неад’емнай часткай еўрапейскай сістэмы бяспекі, альбо некаторыя ў Еўропе рызыкуюць стаць часткай "рускага міру"», — заявіў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Украіна ўжо мае значны вопыт у процідзеянні паветраным пагрозам, у прыватнасці дронам-камікадзэ, і гатовая дзяліцца гэтымі напрацоўкамі.
«Радарнае поле, неабходныя РЭБ-сістэмы, сувязь паміж кампанентамі СПА і само перахопліванне — усё гэта ўмее рабіць Украіна», — падкрэсліў Зяленскі.
Ён дадаў, што ўкраінскія рашэнні ўжо прымяняюцца па-за межамі Еўропы: перахопнікі працуюць у краінах Блізкага Усходу і Персідскага заліва, дзе Украіна супрацоўнічае з Саудаўскай Аравіяй, ААЭ і Катарам.
* * *
РФ заяўляе, што паспяхова спраўляецца з санкцыямі, аднак на самой справе яны наносяць ёй велізарную шкоду, піша ў справаздачы латвійская разведывальная служба Satversmes aizsardzības birojs (SAB).
Па даных латвійскай разведкі, за чатыры гады Расіі так і не ўдалося знайсці альтэрнатыўныя рынкі збыту замест заходніх. Параўнальна з паказчыкамі 2021 і 2025 гадоў, аналітыкі зафіксавалі істотнае падзенне экспарту па ключавых кірунках:
- жалезная руда — скарачэнне на 40%;
- драўніна і цэлюлоза — падзенне на 50%;
- хімічная прадукцыя — скарачэнне на 35%;
- чорныя металы — падзенне на 20%.
Згодна з рэальнымі прагнозамі, гэтыя сектары не змогуць кампенсаваць страты як мінімум на працягу наступных пяці гадоў.
Чакаецца, што з-за сукупнасці рызык знешні гандаль Расіі да 2030 года скароціцца на 175,5 млрд долараў, з якіх 136 млрд — прамое наступства заходніх абмежаванняў. У SAB адзначаюць, што нават гэтыя лічбы з’яўляюцца аптымістычнымі, а рэальнае ўздзеянне санкцый можа быць у некалькі разоў большым.
Хоць бягучы рост цэн на энерганосьбіты з-за крызісу ў Армузскім праліве і вайны ў Іране дае РФ часовую фінансавую палёгку, яна не вырашае структурных праблем, выкліканых вайной і санкцыямі.
Разведка паказвае на значны разрыў паміж рэальнасцю і афіцыйнай прапагандай. У вышэйшым эшалоне ўлады РФ разумеюць крытычнасць сітуацыі, аднак публічна транслююць тэзісы аб «паспяховым замяшчэнні рынкаў». Больш за тое, існуе высокая верагоднасць, што расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну прадстаўляюць скажоную інфармацыю, дзе акцэнт робіцца толькі на «поспехах». Гэта падмацоўвае яго перакананасць, што эканамічныя страты з’яўляюцца другараднымі ў параўнанні з мэтай усталяваць кантроль над украінскімі тэрыторыямі, таму ён не гатовы мяняць агрэсіўны курс.
У справаздачы адзначаецца, што санкцыі застаюцца адным з самых эфектыўных інструментаў для абмежавання фінансавых рэсурсаў Расіі.