Зяленскі ініцыюе стварэнне механізму па расследаванні расійскіх злачынстваў

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыняў рашэнне аб стварэнні спецыяльнага механізма правасуддзя ва Украіне для расследавання і судовага разгляду кожнага злачынства расійскіх акупантаў на тэрыторыі краіны.

Салдат ідзе каля разбуранага пасля абстрэлу гандлёвага цэнтра 21 сакавіка ў Кіеве. AP Photo/Rodrigo Abd

Салдат ідзе каля разбуранага пасля абстрэлу гандлёвага цэнтра 21 сакавіка ў Кіеве. AP Photo/Rodrigo Abd

«Сутнасць гэтага механізму — сумесная праца нацыянальных і міжнародных спецыялістаў: следчых, пракурораў і суддзяў. Гэты механізм дапаможа Украіне і свету прыцягнуць да канкрэтнай адказнасці асоб, якія развязалі або якім-небудзь чынам удзельнічалі ў гэтай страшнай вайне супраць украінскага народа і ў злачынствах супраць нашых людзей», — паведаміўУладзімір Зяленскі.
Міністэрства замежных спраў, Офіс Генеральнага пракурора, Нацыянальная паліцыя, Служба бяспекі, разведка і іншыя структуры згодна са сваёй кампетэнцыяй павінны накіраваць усе намаганні на тое, каб гэты механізм пачаў працаваць неадкладна.
Уладзімір Зяленскі таксама заклікаў усіх украінскіх грамадзян і сяброў Украіны ў свеце далучыцца да гэтай працы і дапамагчы ва ўсталяванні справядлівасці.
«Свет ужо бачыў шмат ваенных злачынстваў. У розны час. На розных кантынентах. Але прыйшоў час зрабіць усё, каб ваенныя злачынствы расійскіх вайскоўцаў сталі апошняй праявай такога зла на зямлі. Кожны вінаваты ў такіх злачынствах будзе ўнесены ў спецыяльную Кнігу катаў, будзе знойдзены і пакараны», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Ён таксама адзначыў, што ўсе партнёры Украіны будуць падрабязна паведамлены аб тым, што адбывалася на часова акупаванай тэрыторыі краіны.
«Ваенныя злачынствы ў Бучы і іншых гарадах падчас расійскай акупацыі будуць прадметам разгляду і ў Радзе Бяспекі ААН у аўторак», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.