Зяленскі: Крэмль не спыніць агрэсіўную палітыку нават пасля паразы ад Украіны
Параза Расіі ў вайне супраць Украіны не будзе азначаць спынення агрэсіўнай палітыкі Крамля: Пуцін паспрабуе распаліць новыя канфлікты, упэўнены прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Таму Украіна працягвае ўзбройвацца, ЗША прымуць «санкцыі Грэма», а расійская нафта застаецца ў моры. Ідуць 1603-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 253 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 40 атак арміі РФ у раёнах Шахава, Новааляксандраўкі, Радзінскага, Новасяргееўкі і ў кірунках Уладзіміраўкі, Васільеўкі, Філіі, Грышына, Маладзецкага, Сафіеўкі, Дарожнага, і іншых.
На Славянскім кірунку расійцы здзейснілі 26 штурмаў у раёнах Крывой Лукі, Закітнага і Рэзнікоўкі, а таксама ў кірунках Старадубаўкі і Рай-Аляксандраўкі.
На Гуляйпільскім і Канстанцінаўскім кірунках зафіксавана па 20 атак на кожным.
На Ліманскім кірунку расіяне 16 разоў атакавалі ў раёнах Лімана, Дзібровы і Азёрнага, а таксама ў кірунках Новаміхайлаўкі, Навасёлаўкі і Дробышава.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ адбілі 10 атак у раёнах Вільчы, Старыцы і Лімана, а таксама ў кірунках Шаўякоўкі, Гранава і Казачай Лапані.
* * *
У ноч на 15 ліпеня расійскія войскі атакавалі Украіну 2 кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69 і 122 БпЛА, СПА УСУ ўдалося збіць 101 дрон.
У выніку камбінаванага ўдару Расіі па Ізюму Харкаўскай вобласці ёсць пацярпелыя, а таксама шмат разбурэнняў і пашкоджанняў.
Кіраўнік Адэскай ГВА Сяргей Лысак паведаміў пра атаку на горад з боку расійскіх войскаў. Пашкоджаны жылыя дамы, загінулі 3 чалавекі.
Сілы беспілотных сістэм УСУ ў ноч на 15 ліпеня паразілі 20 караблёў «ценявога флоту» Расіі паблізу акупаванага Крымскага паўвострава, паведаміў камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Роберт «Мадзяр» Броўдзі. Усяго Сілам беспілотных сістэм за 9 дзён удалося ліквідаваць 116 суднаў у Азоўскім моры.
* * *
* * *
Двухпартыйная група сенатараў ЗША заклікала як мага хутчэй вынесці на галасаванне законапраект аб новых санкцыях супраць Расіі, над якім больш за два гады працаваў нябожчык сенатар Ліндсі Грэм.
Сенатары заявілі, што законапраект ужо ўзгоднены з Белым домам, мае шырокую двухпартыйную падтрымку і не патрабуе перагляду.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў дадаць у законапраект санкцыі, звязаныя з Іранам ці групоўкай «Хезбала». Суаўтар дакумента, сенатар-дэмакрат Рычард Блюменталь заявіў, што амерыканскі прэзідэнт падтрымлівае законапраект, аднак прыняць яго варта ў цяперашнім выглядзе.
«Прэзідэнт ухваліў гэты законапраект, і мы павінны рухацца наперад менавіта з ім, а не адкрываць яго для іншых патэнцыйных мэт. Калі адміністрацыя хоча прапанаваць асобныя заканадаўчыя ініцыятывы ў дачыненні да Ірана ці "Хезбалы", Кангрэс можа разгледзець іх асобна», — заявіў ён.
Сенатары выказалі ўпэўненасць, што дакумент будзе прыняты да жнівеньскага перапынку. Яны паведамілі, што лідар рэспубліканскай большасці Джон Тун гатовы вынесці яго на галасаванне, як толькі пацвердзіцца наяўнасць неабходнай колькасці галасоў. Па меркаванні аўтараў законапраекта, такая падтрымка ўжо ёсць.
Дакумент прадугледжвае жорсткія санкцыі супраць Расіі, яе кампаній, алігархаў і пасярэднікаў, а таксама другасныя санкцыі і пошліны ў дачыненні да найбуйнейшых пакупнікоў расійскай нафты і газу. Упершыню асобны раздзел законапраекта накіраваны на барацьбу з так званым «ценявым флотам» Расіі — сеткай танкераў, якія Масква выкарыстоўвае для абыходу міжнародных санкцый і экспарту нафты. Па словах Блюменталя, новая рэдакцыя змяшчае дзейсныя і мэтанакіраваныя інструменты для абмежавання дзейнасці гэтага флоту, што павінна ўскладніць Расіі атрыманне даходаў ад продажу энерганосьбітаў.
* * *
Украіна да канца гэтага года атрымае ад Францыі новыя ўзмоцненыя французска-італьянскія антыбалістычныя сістэмы SAMP/TNG, расказаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
«Францыя надасць два комплексы SAMP/T для ўзмацнення нашай абароны ўжо ў гэтым годзе. Адначасова Францыя і Італія паскораць пастаўкі ракет Aster 30 да кастрычніка гэтага года», — расказаў кіраўнік Украіны.
Ён адзначыў атрыманне Украінай ліцэнзій на вытворчасць «вельмі сур’ёзнай зброі». Размова ідзе пра ракеты SCALP, бомбы AASM і сумесна з Італіяй ракеты Aster 30. «Францыя будзе супрацоўнічаць з намі і іншымі партнёрамі таксама і ў рамках антыбалістычнай праграмы FREYJA — нашай асаблівай будучай сілы», — адзначыў Зяленскі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон таксама паведаміў, што Парыж перадасць Кіеву знішчальнікі Rafale. Чакаецца, што самалёты з’явяцца ва Украіне ў 2028-2029 гадах.
* * *
За чатыры тыдні да 12 ліпеня сярэдні аб’ём марскіх паставак расійскай сырой нафты склаў 4,21 мільёна барэляў у суткі — усяго на 10 тысяч барэляў менш за самы высокі паказчык з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Аднак рост экспарту не азначае хуткага продажу сыравіны — наадварот, усё больш танкераў прастойваюць у моры ў чаканні пакупнікоў або перавалкі, піша Bloomberg.
Пяць танкераў з нафтай маркі Urals стаяць каля егіпецкага порта Мерса-эль-Хамар. Яшчэ пяць суднаў чакаюць ля архіпелага Рыау недалёка ад Сінгапура — аднаго з галоўных раёнаў працы так званага «ценявога флоту», які перавозіць расійскую нафту ў абыход санкцый.
Партыі нафты Sokol, Sakhalin Blend і ESPO з Далёкага Усходу могуць чакаць перавалкі некалькі тыдняў. Агульны аб’ём расійскай нафты ў моры вырас прыкладна да 135 мільёнаў барэляў. Частка танкераў адпраўляецца без указання канчатковага пункту прызначэння, што можа сведчыць пра пошук новых пакупнікоў.
Па чатырохтыднёвым сярэднім паказчыку валавы кошт нафтавага экспарту да 12 ліпеня складаў 1,68 мільярда долараў уна тыдзень — прыкладна на 200 мільёнаў менш, чым тыднем раней.
* * *
Параза Расіі ў вайне супраць Украіны не будзе азначаць аўтаматычнага спынення агрэсіўнай палітыкі Крамля. У такім выпадку расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць распаліць новы канфлікт і атакаваць іншыя краіны, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю BFMTV.
Па словах кіраўніка Украіны, калі Расія не дасягне сваіх мэт ва Украіне, Пуцін будзе ўяўляць пагрозу не толькі для ўкраінцаў, але і для іншых дзяржаў. «Ён паспрабуе акупаваць іншае месца, іншых людзей і зноў забіваць, забіваць людзей», — падкрэсліў Зяленскі.
Лідар Украіны таксама выказаў здагадку, што Крэмль можа спрабаваць уцягнуць у канфлікт новыя краіны, калі не дасягне жаданага выніку ў вайне супраць Украіны.
Асобна Зяленскі пракаментаваў перспектывы магчымага спынення агню. Па яго словах, Украіна імкнецца да заканчэння вайны, аднак галоўнай перашкодай застаецца пазіцыя Расіі. «Нам неабходна пакласці канец гэтай вайне. І ёсць адзін бок — Расія, — які гэтага не хоча. Яны дэманструюць гэта толькі на словах», — адзначыў кіраўнік Украіны.