Зяленскі заклікае ЕС прыняць сёмы пакет санкцый супраць Расіі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што «Расія павінна адчуваць сталае ўзмацненне ціску за вайну і за сваю агрэсіўную антыеўрапейскую палітыку».

«Ва ўсіх перамовах пастаянна падкрэсліваю — сёмы пакет санкцый Еўрасаюза патрэбны як мага хутчэй», — сказаў Зяленскі ў відэазвароце ў 21 чэрвеня ўвечары.
«Чарговыя пагрозы Літве, чарговая хваля энергетычнага ціску, чарговыя порцыі хлусні расійскіх чыноўнікаў наконт харчовага крызісу, — усё гэта аргументы, каб узгадніць сёмы пакет санкцый», — заявіў Зяленскі.
31 траўня Еўрасаюз узгадніў шосты пакет санкцый у дачыненні да Расіі. Прадугледжаная ім частковая забарона на экспарт расійскай нафты не датычыць, аднак, нафты, якая пастаўляецца трубаправодамі. Украінскія ўлады настойваюць, што патрэбны сёмы, яшчэ больш магутны санкцыйны пакет, у тым ліку з газавым эмбарга.
21 чэрвеня стала вядома, што Еўрасаюз абмяркоўвае магчымасць уключэння ў сёмы пакет санкцый супраць Расіі золата.
Паводле некаторых тэлеграм-каналаў, сёмы санкцыйны пакет прадугледжвае і вялікі «беларускі» спіс.
