Знайшоўся? Расійскія СМІ паказалі Шойгу па відэасувязі

РІА «Новости» апублікавала інфармацыю пра расійскага міністра абароны Сяргея Шойгу, «знікненне» якога з публічнай прасторы ў апошнія дні прыцягнула грамадскую ўвагу, піша reform.news.

clip_3_6.jpg

Расійскае агенцтва са спасылкай на прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова паведамляе, што Шойгу далажыў Уладзіміру Пуціну і чальцам Рады Бяспекі «аб ходзе спецаперацыі ва Украіне, гуманітарнай дапамозе і аднаўленні інфраструктуры на вызваленых тэрыторыях».

Таксама абмяркоўвалася макраэканамічная сітуацыя ў Расіі, антысанкцыйная тэматыка і перамоўны працэс з Украінай. Паведамляецца, што «было выказана шкадаванне ў сувязі з марудлівасцю ўкраінскага боку».

Агенцтва апублікавала 11-секундны ролік. На другой секундзе ў верхнім правым куце відэаканферэнцыі ўзнікае акенца з Шойгу, камера набліжаецца, гук на відэа адсутнічае.

Нагадаем, Сяргей Шойгу не з'яўляецца на публіцы 13 дзён, з 11 сакавіка. Тады абароннае ведамства РФ паведамляла, што ён правёў тэлефонную размову са сваім турэцкім калегам Хулусі Акарам, а таксама распаўсюдзіла відэа, на якім ён наведвае Цэнтральны вайсковы клінічны шпіталь імя Мандрыка. Пасля міністр абароны згадваўся ў навінах, аднак без актуальных відэа і фота. «Агенцтва» са спасылкай на знаёмага міністра пісала аб магчымых праблемах з сэрцам, аднак пацверджанай інфармацыі з гэтай нагоды не агучвалася. Сёння Пяскоў патлумачыў «знікненне» Шайгу тым, што ў таго «шмат клопатаў».