Абаронца першых народаў

5 лютага 2024 году на 101-м годзе з жыцьця пайшоў вядомы францускі этноляг Жан Маляры. Пісьменьнік, навуковец (першапачаткова геоляг, потым этноляг) і абаронца першых народаў, як раіў ён называць тыя народы, якія па каляніялісцкай традыцыі дасюль часта называюць «прымітыўнымі», памёр у Д’епе. 

1707166249290blob.jpg

Жан Маляры прысьвяціў усё жыцьцё вывучэньню і абароне культураў Поўначы (Грэнляндыя, Нунавік, Чукотка). Ён літаральна жыў паміж Грэнляндыяй, Сыбірам і Францыяй.

Яго праславіла кніга ў абарону інуітаў «Апошнія каралі Туле», апублікаваная ў выдавецтве Plon у 1955 годзе, у якой ён асудзіў выкарыстаньне і забруджаньне ядзернымі экспэрымэнтамі тэрыторыі інуітаў уладамі ЗША, якія стварылі свае авіябазы на тэрыторыі першых народаў бязь іх дазволу. Жан Маляры апісаў жыцьцё малавядомага народу і прыцягнуў увагу заходняга сьвету да іх крохкага стану. Кніга стала першай у пасьпяховай калекцыі Terre humaine, якая дасюль выдаецца ў Францыі. Зрэшты, падчас экспэдыцыяў, у якіх ён сабраў матэрыялы для сваёй першай кнігі, ён да ўсяго стаў першым эўрапейцам, які дасягнуў Паўночнага геамагнітнага полюсу на сабачых запрэжках у траўні 1951 году.

22752060lpw_22752149_mega_une_jpg_10097892.webp

У 2022 годзе ён апублікаваў сваю апошнюю кнігу – успаміны «Ад каменя да душы», зноў жа ў калекцыі «Terre humaine». Гэтая назва цудоўна адлюстроўвае ягоную навуковай канцэпцыі, згодна зь якой культуру і сыстэму вераваньняў асобы (душа) немагчыма зразумець без уліку ейных адносінаў з навакольным асяродкам (камень).

unnamed_305.png

Аўтар пакінуў багатую навуковую спадчыну: больш за 20 фундамэнтальных працаў па этналёгіі, этнагісторыі і геамарфалёгіі. 

Як і многія ягоныя паўночныя ўлюбёнцы, ён адкрыта дэкляраваў сябе «радасным» анімістам.

У кнігах, інтэрвію і ўспамінах ён бязупынку падкрэсьліваў экалягічную мудрасьць першых народаў, якой калісьці цывілізаваны Захад вымушаны будзе навучыцца, калі жадае захаваць плянэту і ня стаць цывілізацыяй апошніх народаў: «Усё адбываецца так, быццам прадбачаньне паўночных народаў гучыць як звон па ўсім чалавецтве».

Спадзяемся, будзе спраўджанае жаданьне вялікага дасьледніка Поўначы Жана Маляры, які ў адным з інтэрвію ў 2020 годзе неяк сказаў: «Я хацеў бы, каб мой прах быў разьвеяны над Туле ў Грэнляндыі. Так ці інакш я буду жыць далей, можа, вярнуся ў выглядзе мятлушкі?».