Бацькаўшчына — вялікі клопат Барыса Кіта

Сто гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і Уладзіміра Кіты, служачага дэпартамента тэлеграфа і пошты, нарадзілася немаўля, якому ў метрычным пасведчанні запісалі — «Барыс», а прозвішча — «Китъ», з цвёрдым знакам у канцы замест літары «а». Тым самым нібы наканавалі яму адметную знакавую сутнасць, адмысловую «кітовую» ролю і значэнне ў грамадскім віры, у людскім атачэнні.



04ad5632029cbfbed8e136e5f6f7ddfa.jpg

Сто гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і Уладзіміра Кіты, служачага дэпартамента тэлеграфа і пошты, нарадзілася немаўля, якому ў метрычным пасведчанні запісалі — «Барыс», а прозвішча — «Китъ», з цвёрдым знакам у канцы замест літары «а». Тым самым нібы наканавалі яму адметную знакавую сутнасць, адмысловую «кітовую» ролю і значэнне ў грамадскім віры, у людскім атачэнні.

(На здымку: Барыс Кіт у сваёй кватэры падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі Генадзем Кеснерам і Кастусём Лашкевічам 22 сакавіка 2010 г. Франкуфурт-на-Майне)


Здольнае хлапчанё ўжо ў дзіцячым ніцым узросце адчула складанасць свету, у які прыйшло, яно зразумела, што ёсць несправядлівы падзел у грамадстве, зразумела, чым гэты падзел абарочваецца для збяднелага люду.
Суцішваецца Грамадзянская вайна. Голад. З Санкт-Пецярбурга бацькі вярнуліся ў Беларусь, у дзедаву хату ў Агародніках — вёску пад Карэлічамі. І ўжо тут пранікнёнай душой Барыс усвядоміў новы падзел люду — на паноў-палякаў і мужыкоў-беларусаў… Ён з бацькамі апынуўся ў ліку апошніх, і зноў — голад і ўціск разам з паняволеным карэнным насельніцтвам. Выключную ролю ў фарміраванні самасвядомасці хлопчыка аказвае вясковы настаўнік Сцяпан Рамановіч, ён, урэшце, і дапамагае Барысу спакваля выйсці ў людзі — падрыхтавацца да іспытаў і паступіць у Наваградскую беларускую гімназію — яскравы і жывы асяродак беларушчыны. Ішлі 1920-я гады.
Трэба меркаваць, менавіта ў Наваградку Барыс Кіт сфарміраваўся як свядомы, цэльны чалавек, носьбіт і праводца беларускасці. Зрэшты, шмат чаго для яго выспявання дадаў і Віленскі універсітэт, з ягоным прагрэсіўным і бойкім студэнцкім асяродкам.
Адметны момант. Яшчэ будучы студэнтам і далей — выкладчыкам матэматыкі ў Віленскай беларускай гімназіі, Кіт вельмі блізка сышоўся з вядомым у свеце вучоным, прафесарам матэматыкі Антоні Зыгмунтам, жыццё і дзейнасць якога потым спадобіцца яму раскрыць у доктарскай дысертацыі.
Вялікую мітрэнгу і неспакой для Кіта прынёс 1939-ы, калі гэтак званыя Усходнія крэсы былі вернуты ў Беларусь. З канца 1939 года беларуская Вільня па загаду Масквы адыходзіць пад Літву. Падзея моцна ўдарыла па Віленскай беларускай гімназіі, у якой Кіт працаваў на той час дырэктарам. Што рабіць? Не палічыўшыся з турботамі, ён перавёў, перавёз сваіх узрушаных і занепакоеных вучняў з Вільні ў Наваградак, дзе аднавіў сваю беларускую гімназію, зачыненую было палякамі.
Але нядоўга бавіўся — неўзабаве гэткага дзейнага чалавека выцягнулі з Наваградка ў Баранавічы, зрабілі яго акруговым інспектарам аддзела народнай адукацыі баранавіцкай акругі (вобласці). Асноўнымі намаганнямі Кіта было там адкрыццё новых беларускіх школ. Праца падабалася. Адначасова выкладаў матэматыку ў тагачасным Баранавіцкім педінстытуце.
Акурат у тыя перадваенныя гады веснім рэхам на яго накацілася другое каханне. Першую каханку сваю — Рыву ён згубіў раней у Карэлічах. Яркая, адметная дзяўчына! Але карэліцкі кагал не мог дапусціць, каб гой узяў шлюб з яўрэйкай, і Рыву звезлі з Карэліч далей за ягоныя вочы.
На гэты раз завалодала сэрцам Барыса Ніна Корсак, асоба з адметнай і слаўнай беларускай сям’і з Лебедзева, што пад Маладзечнам. Ён вучыўся разам з Нінай у Вільні. У сям’і Корсакаў шанавалі беларускія народныя традыцыі, песні. Цесць Іван Корсак адмыслова спяваў і быў старастам царкоўнага хору-капэлы. Кіт любіў, музыку, іграў, між іншым, на скрыпцы. Сышліся з цесцем…
Пройдзе час, і, калі ўжо пачнецца крывавы закалот паміж фашысцкай Германіяй і СССР, Ніна народзіць Барысу першага сына, Уладзіміра. А ў Барыса ж не толькі хатнія справы. У Барыса ў галаве школа. Адсутнасць школы аслабіць народ, змарнее духоўны патэнцыял.
Барыс Кіт, спачатку тоячыся, як што быў савецкім служачым, ціха настаўнічаў у вёсцы Лебедзева, на радзіме любай жонкі, а потым, як памяняліся трохі абставіны, узначаліў Пастаўскую настаўніцкую семінарыю. Нечакана працу ў Паставах перапыняе нямецкая турма, дзе кожны дзень пагражалі расстрэлам. Схудалы, зняможаны, ён больш чым праз месяц выходзіць з турмы і, верны свайму наканаванню асветніка, адкрывае ў Маладзечна Адміністрацыйна-гандлёвую школу; праграма навучання якой была блізкая да інстытуцкай, чым Кіт нямала ганарыўся.
Пры сканчэнні вайны ў Еўропе — ён у ліку перамешчаных асоб — у Германіі, потым у ЗША. Усё той жа просты, шчыры і дзейны беларус, ён фарміруе ў эміграцыі дыяспару, яе жыццё. Пачаўшы сваю працу з хімічнага кантролю ў фармацэўтычнай вытворчасці ЗША, яму собіць неўзабаве заняцца распрацоўкай хімічна-матэматычных формул вадароднага паліва ў галіне аэранаўтыкі і дабіцца бліскучага поспеху. У сааўтарстве з Эверэдам Дугласам выпусцілі кнігу па касмічнаму паліву. І памятная капсула з іменем Барыса Кіта знаходзіцца ў сцяне Капітолія.
Пачынаючы з 1970-х гадоў, Кіт працуе ў асноўным у Еўропе прафесарам матэматыкі, выкладае ў Еўрапейскім аддзеле Мерылендскага універсітэта і адначасова даводзіць да ладу доктарскую дысертацыю, прысвечаную Зыгмунту. У апошнім занятку неацэнную дапамогу яму аказвае Тамара Казевіч, шматбакова адукаваная і цэльная музычная натура. Яе вопыт спатрэбіўся асабліва пры аператыўных перакладах матэрыялаў дысертацыі з адной мовы на іншыя. Сталы, паджылы і акрылены жыццём чалавек, у гэтай гожай Тамары ён знаходзіць сваё новае моцнае захапленне і ласкава называе яе часам сваім анёлам.
З пачатку 1990-х гадоў Барыс Кіт аднаўляе свае сувязі з Радзімай. У душу вяртаюцца парыванні маладосці ў слугаванні свайму беларускаму народу, Айчыне. Ён неаднойчы прыязджае ў Беларусь, наведвае свае блізкія сэрцу мясціны, сустракаецца з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», засноўвае для пісьменнікаў і вучоных прэмію ўласнага імя. Энергія чалавека пульсуе на ўсю моц, але што ён на радзіме знаходзіць? Школьная адукацыя разыходзіцца з запытамі самой беларускай душы і культуры народа, у ёй пераважае расейшчына, як колісь — пальшчызна, амаль няма сапраўды нацыянальных вышэйшых устаноў.
Сітуацыя ў галіне адукацыі прымушае сэрца Кіта занепакоена і моцна біцца. Тут жа ён выступае з задумай, каб на дабрачынныя сродкі міжнародных арганізацый і фондаў стварыць на Беларусі нацыянальны, то бок беларускамоўны універсітэт — як падарунак народу, які толькі-толькі набыў сваю незалежнасць і суверэнітэт. Яму дапамагае прыяцель, вядомы амерыканскі юрыст, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Леслі Тэнан, і яны разам распачалі кампанію па папулярызацыі гэтай ідэі ў свеце. На жаль, ад задумы Барыса Кіта практычна адмовіліся беларускія ўлады, што прынесла Барысу Уладзіміравічу горкае расчараванне.
Барыс Кіт прызнаны ганаровым доктарам навук Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы і ганаровым грамадзянінам горада Навагрудка. Ягоны жыццёвы шлях і дзейнасць раскрываюцца ў выдадзеных у Беларусі кнігах: «Космас беларуса» Лідзіі Савік, у шыкоўна выдрукаваным фотаальбоме, у зборніку асобных літаратурных твораў, успамінаў і дакументаў пад назвай «Грамадзянін свету», дзе сярод іншых публікацый аповеды пра Кіта — «Цярновы шлях» Васіля Быкава і мастацка-публіцыстычная аповесць «Сведка стагоддзя» Вольгі Іпатавай. Апроч усяго пералічанага, ён адзін з асноўных гістарычных персанажаў у маім рамане-трылогіі «Пакутны век».
Просты, светлага розуму, дасціпны, жывы, ды проста унікальны чалавек сярэдняга росту. Цягам жыцця ён закаханы і кахае, любіць гутарку з сябрамі і жарт. Святы і грэшны чалавек, ён знаходзіць асаблівую прыгажосць і замілаванне, вядома ж, у жанчынах.
Аднойчы, да прыкладу, вядзе ён мяне (перад ад’ездам з Франкфурта-на-Майне дадому), у агенцтва аэрафлоту. Яму — пад сто. У агенцтве за невысокім сталом маладзенькая чарнявая супрацоўніца, яна знаёмая Кіта, родам з Тайланда, як потым стала вядома. Ён, лагодны, прыязны, сядае перад ёю і кладзе сваю руку на яе руку, ён тлумачыць ёй нешта на незразумелай мне мове. Яна смяецца. Тады, усё яшчэ трымаючы яе руку ў сваёй, Барыс Уладзіміравіч звяртаецца да мяне: «А ведаеце, што я ёй сказаў? Я сказаў: «Каб вы ведалі, як я ўдзячны свайму сябру, што ён прыехаў да мяне! Гэта ж дзякуючы яму ў мяне з’явілася магчымасць зноў пабываць тут і паглядзець на вас, маю кветку незвычайнай прыгажосці!»
Вядомы беларускі паэт Масей Сяднёў у свой час выказаў меркаванне, што Кіт займае адно з першых месцаў у беларускім нацыянальным Пантэоне, маўляў, дасюль там былі толькі паганскія багі, а цяпер побач Скарыны і Ефрасінні Полацкай здабыў сабе месца геніяльны вучоны Сучаснасці, касмічны Чалавек Барыс Кіт.
Барыс Уладзіміравіч Кіт на сёння з’яўляецца бацькам беларускай нацыі. Ён не растрос марна, ён захаваў сабе жыццё і жыве беларускім клопатам; толькі гэта яшчэ больш натхняе і павінна натхняць свядомыя беларускія сілы на адраджэнне нацыянальнай культуры і мовы.

---------------------------------------------------------------------------------
Святкаванне дня народзінаў Барыса Кіта
Як паведаміў старшыня аргкамітэта па святкаванні юбілею, пісьменнік і грамадскі дзеяч Васіль Якавенка, 6 красавіка ў 17.00 у сталічным Палацы мастацтва адбудзецца святочная вечарына ў гонар 100-годдзя Кіта.
На вечарыну будуць запрошаны прадстаўнікі айчыннай навукі і культуры, беларускай дыяспары і ўладаў краіны, амбасадары шэрагу дыпмісій, у тым ліку Германіі, ЗША, Украіны і Швецыі.
Як адзначыў Якавенка, ён будзе звяртацца да кіраўніцтва Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці з прапановай адкрыць у Карэлічах мемарыяльны знак у двары школы, дзе вучыўся юбіляр. Тым больш, што старшыня Мінскага культурна-асветніцкага клубу «Спадчына» Анатоль Белы прапанаваў для гэтага знака бронзавы барэльеф Кіта.
У планах аргкамітэта — правядзенне святочнай вечарыны з выставай у музеі «Зямля і людзі» (Карэлічы) і лекцый у школах Навагрудка, выданне каталога архіва Кіта, які захоўваецца ў фондах Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і падрыхтоўка фільма пра вучонага. Запланаваны таксама чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў Навагрудка, выданне паштовага канверта ў гонар юбіляра, яго віншаванне прадстаўнікамі дзяржаўных структур Беларусі ў Франкфурце-на-Майне, дзе зараз жыве Барыс Кіт.