Калі і пыл мае значэнне...

Магія бывае рукатворная. Міхаіл Тумеля — майстар падобных цудаў: ён стварае герояў і свет, у які на колькі хвілінаў перасяляецца чалавек. Рэжысёр-мультыплікатар Міхаіл Тумеля ў беларускай анімацыі працуе фактычна ад часу яе заснавання. Ён верыць і ведае, што мульцікі — не простая і не адназначная штука. Апошнія гады Міхаіл Тумеля працаваў над вельмі каларытнымі і запамінальнымі фільмамі — «Выцінанка-выразанка» і «Беларускія прымаўкі». Сваімі думкамі знаны рэжысёр падзяліўся з Вольгай Хвоін і чытачамі НЧ.



a4ed074907dc9bc3c86cc52904d763e3.JPG


— Міхаіл Браніслававіч, раскажыце, чым адметная беларуская анімацыя? Ці ёсць у ёй нешта такое, каб глядач мог мультфільм ад «Беларусьфільму» гэтак жа проста пазнаваць, як і ад Walt Disney?

— У свеце ёсць камерцыйная анімацыі, і Walt Disney — яе самы яскравы прадстаўнік. Калі ж у савецкі час пачыналася беларуская анімацыя, то яна была ў асноўным аўтарская, штучная. Можна па пальцах пералічыць серыялы ці поўныя метры, якія рабілі беларускія мультыплікатары. Мы ў розных вагавых катэгорыях. Можна сказаць, што пасляваенная сусветная анімацыя развівалася як антытэза Walt Disney. У яго камерцыйны, я б сказаў, класічны стыль. Усе аніматары звычайна пачынаюць з гэтага класічнага стылю, але потым кожны абірае свой кірунак развіцця. Увогуле, пра адметнасць некамерцыйнай анімацыі той ці іншай краіны няпроста гаварыць. Ці многа людзей змогуць назваць адрозненні чэшскіх мультфільмаў?
— Ці ёсць у «Беларусьфільма» мультфільмы-візітоўкі?
— У «Беларусьфільма» вельмі маладая анімацыя. Два гады таму мы віншавалі сваіх калег з Украіны з пяцідзесяцігоддзем, а беларускай анімацыі хіба што 35 гадоў. Армянская анімацыя старэй за нашу, бо яна пачыналася з 1930-х гадоў. У кожнага свой шлях. Калі я ў дзяцінстве глядзеў мультфільмы, то мне былі сімпатычныя «Квака-задавака» — у гэтым мультфільме спявалі «Песняры», «Дудка-весялушка» — там выкарыстоўвалі плеценую саломку. Нас вучылі маскоўскія спецыялісты. Напрыклад, Юрый Пузанаў, Юрый Бутырын, які рабіў знакаміты фільм «Светлячок і расінка». Усе патроху вучыліся ў Маскве на вышэйшых рэжысёрскіх курсах, у нас агульная школа з расійскімі, украінскімі калегамі.
— Як змяніліся тэхнікі анімацыі?
— Зараз не робім фільмы на цэлулоідзе, бо гэта адышло ва ўсім свеце. Матэрыял не здымаецца на плёнку. Але на «Беларусьфільме» некаторыя аўтары трымаюцца кансерватыўнай традыцыі. Ірына Кадзюкова і Уладзімір Пяткевіч здымаюць на плёнку. Гэта нават не кожная студыя можа сабе дазволіць, але ім падабаецца так працаваць. І, калі гаварыць шчыра, то больш кампазітнага матэрыялу няма. Бо ў выпадку стужкі працуюць хімія, фізіка і оптыка — срэбра змешваецца са светам. А ў кампутарных тэхналогіях — матэматыка і фізіка, атрымліваецца іншая карціна, іншы колер. Мы працавалі з Аляксандрам Пятровым, ён рабіў фільм «Маё каханне», і нашы тэсты паказалі, што лепш чым на стужцы на кампутары выніку не атрымліваецца. Але плёнка — вельмі дарагая тэхналогія.
— Колькі каштуе анімацыйны фільм?
— У анімацыі ўсё вымяраецца хвілінамі. Кошт фільма залежыць ад многіх фактараў. Можна рабіць штучны фільм з арыгінальнымі персанажамі, фонамі і гэта будзе нятанны праект. А можна рабіць серыялы, у якіх распрацоўваецца вялікая канцэпцыя, і такі масавы прадукт будзе таннейшым за аўтарскую карціну. Многія аўтары працу­юць дома за невялікую плату. Калі прадзюсеры робяць карціну, кошт хвіліны можа вагацца ад пяці да дзесяці тысяч долараў. Стужка на сем хвілінаў робіцца сем-дзесяць месяцаў. Поўнаметражныя фільмы робяць два-тры гады, і над такімі стужкамі працуюць каманды.
— Вы свядома прыйшлі ў беларускую анімацыю, якая на той час толькі пачыналася?
— Я мог бы быць гісторыкам, бо мяне гэта цікавіла. Мог бы быць танцорам, бо мае бацькі ў маладосці займаліся танцамі, і мяне вадзілі ў розныя гурткі. Але маляванне перамагло. Я любіў маляваць, цікавіўся, як робяцца фільмы. Калі быў яшчэ школьнікам, маці паказала мае малюнкі знакавай асобе беларускай анімацыі — Алегу Белавусаву. Ён выпісаў мне пропуск на «Беларусьфільм», і я прыходзіў паказваць свае малюнкі, занатоўкі. Фактычна я прыйшоў у беларускую анімацыю хіба што пазней гадоў на пяць ад моманту яе заснавання.
— Чаго не хапае цяпер беларускім аніматарам, каб плённа працаваць, мець поспех у гледачоў?
— Гледачы такія розныя! Адны любяць глядзець серыялы, другія — ведаюць, хто такі Нарштэйн, захапляюцца арт-анімацыяй, іншыя цікавяцца заходняй авангарднай анімацыяй. У кожнага мусіць быць свой глядач, цяпер анімацыя вельмі разнастайная. Увогуле, глядзець анімацыйныя фільмы даволі складана. Найперш таму, што яны ёсць вялікім канцэнтратам энергіі, сілаў стваральнікаў. Рэжысёр у некалькі хвілін укладае год свайго жыцця, і гэтая энергія ўплывае на гледача.
Чакаць поспеху, то якога? Грашовага? Трэба глядзець на свет расплюшчанымі вачыма — у Беларусі дзевяць мільёнаў жыхароў, і не ўсе цікавяцца анімацыяй. Мультфільмы — гэта культурны прадукт, які трэба рэкламаваць, прасоўваць... Аніматар не мусіць бегаць са сваімі дыскамі па ўстановах, бо ў такім разе не будзе каму ствараць фільмы. Да слова, не ўсе анімацыі можна лічыць у грошах. Некаторыя праекты цікавыя толькі самім беларусам. І каб пра іх даведаўся свет, трэба рабіць адаптацыю, субцітры, перакладаць. І гэта не гарантыя, што праект будзе прыняты за мяжой. Але ж мы лічым сябе адукаванымі, культурнымі людзьмі, нам ёсць што расказаць пра саміх сябе, то трэба не пераводзіць анімацыю на камерцыйныя рэйкі, а проста набліжаць фільмы да гледача. На мой погляд, ёсць добры праект «Аповесць мінулых гадоў» пра беларускія гербы. Чакаць, што беларуская анімацыя прынясе вялікія прыбыткі, не варта. Гэта спецыфічны прадукт, але калі нічога не рабіць, то анімацыі не будзе зусім.
— У вашым спісе гонару нямала перамог, афіцыйны сайт «Беларусьфільма» рэпрэзентуе вас як удзельніка і прызёра многіх фестываляў анімацыйнага кіно, беларуская анімацыя ўсё ж паспяховая?
— На міжнародных анімацыйных фестывалях мае анімацыйныя фільмы мо і не карыстаюцца шалёным попытам, бо яны сапраўды вельмі нацыянальныя, у іх, як цяпер кажуць, трэба «ўязджаць». Але на расійскім адкрытым фестывалі ў Суздалі летась наш беларускі фільм атрымаў прыз за рэжысуру, што вельмі прэстыжна. Беларусь, дарэчы, у гэтым фестывалі прымае ўдзел нароўні з Расіяй. У рэйтынгу міжнароднага фестывалю «Крок» фільм «Выцінанка-выразанка» ўзяў другое месца.
— Вы можаце з прафесійнага гледзішча патлумачыць поспех «Вожыка ў тумане»?
— Я і сам захапляўся гэтым фільмам майго настаўніка Юрыя Барысавіча Нарштэйна. Гэта добрая мастацкая спроба паказаць, як жывая істота ўспрымае незнаёмы таямнічы свет. У ім можа быць нешта і жахлівае, але заўжды ёсць надзея, што нехта прыйдзе і дапаможа. Кожны можа пазнаць сябе ў гэтым вожыку. Да слова, цяпер студэнты вывучаюць, як быў зняты гэты фільм без усялякіх кампутарных тэхналогій. Мультфільмы — гэта амаль што магія, нават пыл, што трапляе ў кадр, мае значэнне.
— Анімацыя — самы складаны від кінематографа. Вы б маглі сфармуляваць сутнасць анімацыі як арыгінальнага віду творчасці?
— Гэта арыгінальны від кінематографа, з адметным шляхам вытворчасці, зробленая рэчаіснасць. У анімацыі можна зрабіць тое, чаго нельга ў ігравым кіно. Поле анімацыі — гульня, фантазія, новыя героі і характары, якіх не сустрэнеш у жыцці. Прасторы для фантазіі, мадэлявання свету вельмі многа. Але цяпер шляхі кінематографу і анімацыі збліжаюцца, бо вельмі многа анімацыйных элементаў робіцца з дапамогай лічбавых тэхналогій.
— Ці назіраеце вы за прымяненнем анімацыйных тэхнік у беларускай рэкламе? Які ўзровень іх выканання?
— Цяпер, мне падаецца, анімацыйнай рэкламы стала менш, і якасць яе пагоршылася. Замоўцы хочуць рабіць рэкламу як мага танней і, відаць, часта звяртаюцца да непрафесіяналаў. Канешне, ёсць і якасная анімацыя ў рэкламе, напрыклад, кампанія віп-лайн Васіля Волкава робіць добры прадукт. Я сам рабіў рэкламу для квасу «Хатні» з выцінанкаю, потым гэты ролік атрымаў прыз на фестывалі беларускамоўнай рэкламы «Аднак!». Калі я працаваў у Японіі, то адзначыў для сябе, што там у рэкламе прысутнічае многа анімацыі.
— «Беларусьфільм» цяпер здымае анімацыйныя фільмы для дарослых?

— Мне падаецца, цяпер прыярытэты стаяць крыху інакш — нацыянальная тэма і казкі для дзяцей. З фільмаў для дарослых хіба што магу ўзгадаць працу Аляксандра Ленкіна «Птаха».
— Ці многа маладых людзей цяпер прыходзіць у прафесійную анімацыю?
— Цяпер не. Не надта многа добрых мастакоў. Свет памяняўся: час больш хуткі і апантаных сваёй справай людзей нямнога. Анімацыяй цяпер у большасці выпадкаў займаюцца дзяўчаты, але ж надыдзе час, калі ім трэба будзе думаць не толькі пра анімацыю, але і пра сваё жыццё. У гэтым сэнсе я думаю, што жыццё больш важнае за анімацыю. Нехта можа сумяшчаць, нехта не. Ды і заробкі тут невялікія. Я нядаўна сустракаўся са знаёмым, то выявілася, што заробак грузчыка на камвольным камбінаце і заробак рэжысёра аднолькавыя. Але не ўсё так сумна! Ездзіў я па прасторах былога СССР, дык у некаторых краінах і гэтага няма: там анімацыя зусім зайшлася — ні людзей, ні праектаў.
Годам нараджэння беларускай анімацыі прынята лічыць 1973-ці — пры кінастудыі «Беларусьфільм» з’явілася мультыплікацыйная майстэрня. Першыя ж спробы ствараць мультыплікацыйныя фільмы былі яшчэ ў 1920-я гады. Іх аўтары выкарыстоўвалі выяўленчыя традыцыі плакатаў і палітычных карыкатур. Адзін з такіх фільмаў — «Кастрычнік і буржуазны свет» — быў прысвечаны да дзесяцігадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі і меў яркія рысы кінаплакату з манументальнымі фігурамі працоўнага, селяніна, чырвонаармейца, малюнкамі сярпа і молата, алегарычнымі фігурамі.