Пачаткі Ірыны Дубянецкай
«Падчас працы ў музеі я пачала рабіць перадачы для радыёстанцыі
«Беларуская маладзёжная», якая пад кіраўніцтвам Жанны Літвіной падымала вострыя тэмы. Бадзялася па ўсім горадзе з велізарнай цяжкай
скрыняю бабіннага «рэпарцёра» ды запісвала ці то «Талаку», ці то розных
культурных герояў».
Шчыра кажучы, упершыню ў жыцці сутыкнуўся з тым, што ўладальніца гэтага
імені так прынцыпова ставіцца да падобных нюансаў. Дубянецкая прымае
«Ірына» і не прымае «Іра», бо ў гэтых імёнаў, аказваецца, розныя
значэнні.«Ірына» ў перакладзе з грэчаскай — «мір», а «Іра» на лаціне азначае «гнеў». Часам яна так і кажа: «Не будзіце ўва мне Іру!» А яшчэ мне было вельмі прыемна адчуваць, што размаўляю з першай у беларускай гісторыі жанчынай, якая стала доктарам багаслоўя.
А вось што пра сябе расказвае сама Ірына.
Пачатак пачаткаў
Мой бацька, Міхал Дубянецкі, родам з Палесся — дакладней, са Століншчыны. У дзяцінстве ён быў кніжнікам, і культ кнігі ў яго застаўся навечна. І ягонае першае знаёмства з савецкай уладай пачалося праз кнігі, уражанне ад бальшавікоў ён захаваў на ўсё жыццё.
Гэта было ў верасні 1939 года. Бацька вучыўся ў кляштарнай школе ў Пневах, куды яго разам са старэйшым братам адправілі ў якасці ўзнагароды за выдатную вучобу. Калі прыйшлі чырвонаармейцы, дык адразу пачалі ўсталёўваць свой лад. Адной з першых дзеяў было разарэнне школьнай бібліятэкі. Магчыма, хацелі знішчыць польскія кнігі, а іншых там, відаць, і не было. У двары расклалі вогнішча і сталі кідаць туды кнігі. Дапытлівы чырвонаармеец хацеў ведаць, што ён паліць, а чытаць па-польску не ўмеў, і таму загадаў хлопцам агучваць аўтара і назву.
Выглядала гэта прыблізна так.
Малы з трапятаннем бярэ кнігу і чытае:
— Генрык Сянкевіч, «Ogniem i mieczem».
— Вось табе «мéчэм»! — чырвонаармеец раздзірае кнігу надвое. — А вось табе «огнем», — і шпурляе яе ў вогнішча.
— Эліза Ажэшка, «Хам», — ледзь не плача хлопчык.
— Ты яшчэ і лаешся, падла?! — салдат радасна дзярэ кнігу і адпраўляе за першай…
Па вайне стала ясна, што Саветы — надоўга, і бацька вырашыў, што рабіць для сваёй краіны нешта карыснае ён зможа найлепей знутры сістэмы. Ён адслужыў у савецкім войску, скончыў Вышэйшую партыйную школу, працаваў у ЦК КПБ.
Пры гэтым ён ніколі не траціў свой унутраны супраціў. На ўсіх працах яго «рабочай моваю» — як ён сам гэта далікатна казаў — была беларуская. Неяк у ЦК зрабілі брашурку пра БССР для замежнікаў (на некалькіх мовах), а яму прапанавалі стаць яе афіцыйным «аўтарам». Ён спачатку адмовіўся, але потым пагадзіўся пад умовай «аўтарызацыі». І паўстаўляў у тэкст колькі рэчаў пра беларускую даўніну і культуру, якія там зусім не меліся на ўвазе...
Таксама з яго афіцыйнай рэкамендацыі Беларусі — адзінай з усіх савецкіх рэспублік — «дазволілі» выдаваць адкрытую (а не на 2–3 тамы, як мелася напачатку) акадэмічную серыю нацыянальнага фальклору.
З ЦК бацька вырваўся, каб займацца мілай яго сэрцу справаю — кнігамі. Ён стаў спачатку адказным сакратаром Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, а потым дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Былі гады, калі адна «Мастацкая літаратура» прадавала кніг болей за цэлыя рэспублікі. Казалі, што гэта, маўляў, пераважна за кошт дзіцячых кніжак, і ён паспрыяў стварэнню асобнага выдавецтва дзіцячай літаратуры — «Юнацтва».
У 1980-я гады быў у самым віры адраджэнскіх падзей, а ў 1988-м узначаліў новаўтвораны «Мартыралог Беларусі» і быў адным са стваральнікаў Беларускага народнага фронту. У тыя рамантычныя і змагарныя гады ён падтрымліваў парасткі новай беларушчыны, хаця даваліся яны вельмі і вельмі цяжка. Бясконцыя змаганні ў высокіх кабінетах, няспыннае супрацьстаянне сістэме падкасілі здароўе. Бацька перанёс два, як ён казаў, «сацыяльна-палітычных інфаркты» і інсульт.
Бацькава змагарнасць спалучалася з надзвычайнай унутранай мяккасцю, дабрынёй і вераю ў людзей. Дома былі тысячы і тысячы кніг. Ён казаў, што не выходзячы з нашай кватэры можна атрымаць некалькі вышэйшых адукацый.
Пачатак сям’і
Маці, Марыя, таксама незвычайная асоба. Яна нарадзілася ў рэгіёне, частка якога цяпер уваходзіць у Добрушскі раён, але гэта колішні кавалак Браншчыны, які Саветы падзялілі паміж Гомельскай, Чарнігаўскай і Бранскай абласцямі. Калі маці было гадоў восем, яе маці «ўзяла» мужа з пяццю дзецьмі, бо дачушка паабяцала зваць яго татам і пароўну ўсё дзяліць з братамі і сёстрамі.
Айчым быў адзін з пяцёх братоў, якіх раскулачылі (адабралі ўсё дачыста, кінуўшы жонак з дзецьмі жабраваць) і саслалі на Салаўкі. Ён і там падняўся, пасля ссылкі на радзіму не вярнуўся, толькі прыехаў у сваю вёску, каб знайсці сабе жонку, а сваім сіроткам — маці. Пабраліся шлюбам і адразу з’ехалі чыгункаю на Кубань.
Маці яшчэ ў цягніку моцна пасябравала са сваёй новай сястрой Галяй, і праз усё жыццё яны захавалі надзвычайную блізкасць. Галя — гэта традыцыйнае свойскае імя для Ганны, як, зрэшты, і Марыяў там звалі Малямі, а пазней некаторых, у тым ліку і маю маці, «па-новаму» — Манямі.
Жыццё закінула цётку Галю на Далёкі Усход, у Хабараўскі край. Туды да яе перабралася і частка сям’і. І туды, у Хабараўскі медыцынскі інстытут, паступіла маці, якая паспела ўжо папрацаваць у фельчарскіх пунктах кубанскіх станіц. На той час ёй было ўжо 26 гадоў, што для першакурснікаў, мякка кажучы, не тыпова...
Пасля маці перавялася ў Мінск, куды перабралася і сям’я, скончыла вучобу і па размеркаванні паехала ў Ганцавічы, узначаліць раённую санстанцыю. Бацька на той час таксама працаваў у Ганцавічах у мясцовай газеце. Яны здымалі кватэры ў адным доме і пры сустрэчах ветліва віталіся. Маці з маёй бабуляй здымалі два пакойчыкі, бацька — адзін.
На нейкай супольнай імпрэзе да маці пачаў заляцацца хлопец і пайшоў праводзіць яе дахаты. І бацька пайшоў. Каля хаты спыніліся, і кожны чакае, каб другі сышоў. Але бацька там жыў і мог стаяць колькі заўгодна, і свайго суперніка «перастаяў». Той сышоў, а бацька пераможна сказаў ветлівае: «Дабранач, Марыя Міхайлаўна».
А на раніцу сутыкнуўся з ёй на агульнай кухні і ветліва ж прапанаваў пайсці за яго замуж. Маці строга спыталася: «А вы ведаеце, колькі мне гадоў?» Ён адказаў: «Мяне гэта не цікавіць». У той жа дзень яны распісаліся... У ЗАГСе быў выходны, таму па загадчыцу гэтай установы адмыслова ездзілі на матацыкле.
Мая старэйшая сястра, якую назвалі ў гонар цёткі Галінаю, нарадзілася ў 1962 годзе ў Мінску, куды перабраліся бацькі. Маме было тады 37 гадоў. Па тым часе — амаль неверагодна для першых родаў. І думала на гэтым спыніцца. Я нарадзілася праз два гады, дзякуючы настойлівасці бацькі (які моцна спадзяваўся на сына).
«Дэкрэт» тады быў толькі тры месяцы. Малую Галю глядзела бабуля, а маці бегала з працы яе карміць. Потым Галю аддалі ў садок, а зусім малую мяне — у яслі. Па начах маці пісала кандыдацкую дысертацыю. Пару разоў на тыдзень бабуля ў яе пыталася: «Ну, ты ўжо абаранілася?»
Маё ранняе дзяцінства прайшло на Камароўцы, дзе ў нас была адна з пяці кватэр у драўляным доме з пячным ацяпленнем, калонкай і прыбіральняй у двары. Бліжэйшым суседам быў Васіль Сёмуха, ён тады акурат перакладаў «Фаўста».
Калі мы пераязджалі ў новую хату, дзядзя Вася з сям’ёй перабраўся ў нашу кватэру. У яго мусіла нарадзіцца дачка, і мой дзіцячы ложак застаўся ёй. З Алесяй Сёмухай мы пазнаёміліся ўжо на моладзевых імпрэзах пачатку 1990-х, і хутка я ў яе на філфаку пачала выкладаць літаратуру.
Ад чатырох гадоў маё дзяцінства праходзіла на Нямізе, дакладней, на Паркавай магістралі, якая потым стала звацца праспектам Машэрава, а потым праспектам Пераможцаў (я так і не ведаю, пераможцаў чаго — ці то хакейных чэмпіянатаў, ці то школьных алімпіяд? Заўсёды было неяк сорамна называць свой адрас).
Пачатак працы
Пасля заканчэння школы я хацела стаць мастацтвазнаўцам, але ў Беларусі такой спецыяльнасці не вучылі, трэба было ехаць у Ленінград. Маці мяне не пусціла. Маўляў, з тваім здароўем ды ў такую сырую і халодную дзірку. І пагнала мяне ў апошні дзень прыёму падаваць дакументы ў Мінск — хоць куды, абы тут. Яна мроіла ўбачыць мяне хірургам — ну, ці хаця б архітэктарам.
І я паплялася на беларускае аддзяленне філфака БДУ. Як і сястра, школу я скончыла з залатым медалём, таму здавала толькі адзін іспыт і адразу паступіла. Адседзела неяк пяць гадоў, па выніку якіх была другою на курсе.
Па-сапраўднаму беларускую літаратуру я палюбіла і пачала сур’ёзна даследаваць на сваёй першай працы. У 1986 годзе я малодшым навуковым супрацоўнікам далучылася ў новаствораную Аб’яднаную дырэкцыю беларускіх літаратурных музеяў, якую я звала проста «аб’ядналаўка». Нашай далёкай задачаю было стварэнне Музея гісторыі беларускай літаратуры, а блізкай — выстава, прысвечаная літаратуры 1920–1930-х гадоў. Было надзвычай цікава. Тэма раней забароненая, большасць аўтараў амаль невядомыя, фантастычныя гісторыі маладых творцаў «Маладняку» і «Узвышша», расстраляныя і высланыя паэты, скалечаныя лёсы і скалечаная свядомасць тых, хто застаўся. Вялікая радасць і вера, вялікія таленты, вялікая непапраўная трагедыя…
Выстава пад вялай назваю «Покліч» адкрылася гадоў праз шэсць ад пачатку працы, і доўга-доўга вісела ў новым будынку літаратурнага музею на вуліцы Багдановіча.
Пачатак уласных праектаў
Навокал тады віравала нацыянальнае абуджэнне. У Беларусі пачалі бруіцца культурніцкія, гістарычныя, адукацыйныя моладзевыя рухі.
Легендарная «Майстроўня» прайшла амаль міма мяне: я туды хадзіла ўсяго пару разоў і захапіцца не паспела. Затое з «Талакой» супрацоўнічала напоўніцу, хаця ніколі ў яе афіцыйна не ўваходзіла. Падчас працы ў музеі я пачала рабіць перадачы для радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», якая пад кіраўніцтвам Жанны Літвіной смела падымала вострыя тэмы. Бадзялася па ўсім горадзе з велізарнай цяжкай скрыняю бабіннага «рэпарцёра» ды запісвала ці то «Талаку», ці то розных культурных герояў.
У 1987 годзе амаль не заўважаным прайшло 920-годдзе Менску—Мінска. Я зрабіла вялікую гутарку пра гісторыю горада з незабыўным Міколам Ермаловічам. У тым самым 1987-м актывісты пачалі ствараць беларускія класы: дакладней, збіраць подпісы бацькоў ды «апрацоўваць» школьныя дырэкцыі, і я запісала пра гэта перадачу. Яна атрымалася надзвычай складанай, як і лёс адной маёй гераіні — адзінай (!) на ўвесь Мінск беларускамоўнай вучаніцы Насты Лісіцынай.
Я тады пачала шчыльна сябраваць з прыгажуняй і разумніцай Каралінай Мацкевіч — маёй дагэтуль самай блізкай сяброўкай ды адзінай інтэлектуальнай напарніцай, а таксама з Сержуком Вітушкам, светлым анёлам нацыянальных рухаў.
На Другім Вальным сойме беларускіх суполак, які ўрачыста прагрымеў у Вільні на самым пачатку 1989 года, утварылася Канфедэрацыя беларускіх суполак, і Караліна была абраная яе каардынатарам. Разам з Алесяй Сёмухай яна пачала выдаваць газету Канфедэрацыі «Супольнасць». Караліна захацела завесці ў газеце «ўніяцкую бачынку», дзе б распавядалася рэлігійная гісторыя Беларусі, якую тады практычна ніхто не ведаў. Тэма Уніі як колішняй нацыянальнай царквы хвалявала тады многіх. Караліна сабрала разам мяне і Сержука Абламейку, які даследаваў гісторыю Уніі, і запатрабавала ад нас тэксты. Аднак цягам гутаркі высветлілася, што мы можам пацягнуць і самастойнае выданне. Вітушка прыдумаў стварыць суполку ТБМ «Унія» і прызначыць мяне яе кіраўніком. Мастак Гэнік Лойка намаляваў нам пячатку з ім жа вынайдзеным сімвалам Уніі — цярновым вяночкам пакуты і перамогі, мы зарэгістраваліся — і панеслася…
У лютым 1990 года мы даведаліся, што недзе 10 сакавіка ў Беларусь прыедзе з Лондану «сам» Аляксандр Надсан. Дзякуючы прапагандысцкім антыэмігранцкім публікацыям мы ведалі, хто ён такі. Ведалі, што ён едзе па «чарнобыльскіх» справах з грузам лекаў, што ён быў адзіным чалавекам за мяжой, хто на ўвесь свет даводзіў, што Чарнобыль — гэта беларуская (а не толькі ўкраінская ці савецкая) трагедыя. Таксама мы ведалі, што ён быў галоўным беларускім уніяцкім святаром у свеце.
Цягнік айца Аляксандра прыходзіў з Варшавы ў Мінск каля чацвёртай раніцы. Ён асабіста ведаў у Мінску толькі айца Яна Матусевіча, а яшчэ па перапісцы — Алеся Гуркова. Спадзяваўся, што айцец Ян яго сустрэне. А на пероне ён убачыў, да свайго здзіўлення, велізарны натоўп з расцяжкамі «Чарнобыльскага шляху». І ледзь не самлеў, калі ўцяміў, што натоўп сустракае яго…
На наступны дзень ён адслужыў у касцёле на Кальварыі першую за Бог ведае колькі часу літургію ва ўсходнім абрадзе. Пасля паездкі ў чарнобыльскія рэгіёны, айца Аляксандра запрасілі на пасяджэнне «Талакі», і там мы папрасілі яго сустрэцца з намі.
Гэта для яго было яшчэ адным адкрыццём: даведацца, што ў Беларусі ёсць нейкія маладыя «ўніяты», якія імкнуцца выдаць часопіс «Унія». Сустрэчу ён нам прызначыў на сёмую гадзіну раніцы. Думаў хуценька з намі пабачыцца ды заняцца сваімі справамі. Потым мы гэта з ім згадвалі і рагаталі, асабліва калі ён засвоіў, што я а сёмай хутчэй пакладуся спаць, чым пачну новы дзень.
Але тады мы рыхтаваліся ўсю ноч, нават дэфіцытных кілбасаў панабывалі, каб годна сустрэць госця, які аказаўся вегетарыянцам. З намі ён праседзеў да вечара, не ў змозе паверыць, што мы ёсць і мы сапраўдныя. Наступны раз ён прыехаў на наша з Каралінай запрашэнне, каб 6 жніўня адсвяткаваць не толькі вялікае свята Перамянення Гасподняга, але і выхад «Уніі».
Пачатак тэалогіі
Першы нумар часопіса выйшаў 6 жніўня 1990 года і быў прэзентаваны ў Доме літаратара. Такога аншлагу Дом літаратара раней не бачыў. Анатоль Сыс, які тады працаваў на беларускім тэлебачанні, прыцягнуў туды здымачную групу БТ. Мая мама потым казала, што ў яе мурашы пабеглі па скуры, калі заслона рассунулася, на сцэну выйшаў стромкі і прыгожы Андрусь Абламейка з запаленай свечкай і прачытаў «Ойча наш» па-беларуску, і што яна адчула, як стаіла дыханне перапоўненая зала, пачуўшы на савецкай сцэне малітву… Усё неяк склалася. Былі выступы, спевы, вершы, слайды, малітвы. Вітушка ўпершыню паказаў сваю батлейку, якая стала першай ластаўкай адраджэння традыцыі.
Караліна скончыла Наргас і вучылася там у аспірантуры. Але хацела павучыцца чаму-небудзь бліжэйшаму да патрэбаў часопіса, пажадана багаслоўю. Я пачала прасіць айца Аляксандра Надсана паспрыяць у гэтым. Ён задумаўся, пачаў перабіраць варыянты — Рым, Парыж… «А можа мне яе ў Лондан да сябе ўзяць?» І тут ува мне нешта грукнула, і я ледзь не прашаптала: «І я хачу». Так і перакулілася маё жыццё.
У кастрычніку 1992 года мы з Каралінай апынуліся ў Лондане. Без англійскай мовы, думалі на год, аказалася, на поўны курс навучання — і з працягам... Айцец Аляксандр адправіў нас у Лонданскі Місіянерскі інстытут, які даваў двухгадовую філасофскую і чатырохгадовую багаслоўскую адукацыю. Мы былі не толькі першымі жанчынамі, якія пачалі вучыць поўную багаслоўскую праграму, але і першымі свецкімі асобамі там наогул.
Апроч заняткаў мы мелі па дзве службы штодня — літургію і вячэрню — на Беларускай каталіцкай місіі, дзе мы і жылі. Айцу Аляксандру раілі накіраваць нас жыць у англамоўнае асяроддзе, каб мы авалодвалі англійскай, але ён трымаўся цвёрда: маўляў, не мову вучыць прыехалі, а працаваць дзеля Беларусі.
І мы працавалі.
Пасяліў ён нас спачатку ў пакойчык у славутай Скарынаўскай бібліятэцы, пра якую я яшчэ сваім студэнтам распавядала. Караліна потым перабралася ў суседні дом, а ў мяне ў бібліятэцы свой пакой быў 14 гадоў.
Мова прыйшла гады праз два, пасля чаго падскочылі нашы ацэнкі, і мы ператварыліся ў «лепшых вучаніц», і абедзве скончылі вучобу з найвышэйшаю адзнакай, «Suma qum laude».
Сярод велізарнага мноства багаслоўскіх дысцыплін мы з Каралінай абедзве абралі Біблію. Ці то Біблія нас абрала? Упрасілі выкладчыка гэбрайскай (менавіта так. — заўвага аўтара) мовы займацца з намі звыш адведзенага семестра, і апантана, на вялікіх перапынках, калі нашы калегі пілі гарбату, мы рабілі практыкаванні па гэбрайскай мове.
Пасля заканчэння Місіянерскага інстытута мы раз’ехаліся. Караліна паехала давучвацца ў Парыж, у Каталіцкі інстытут, а я — у Бельгію, у Лювенскі каталіцкі ўніверсітэт, да якога быў афіліяваны наш лонданскі інстытут. Гэта безумоўна адзін з лепшых універсітэтаў Еўропы, са старымі традыцыямі, што доўжацца ад 1425 года. У Лювене я адвучылася яшчэ сем гадоў. Акадэмічным вынікам сталіся два магістраты, адзін ліцэнцыят і два дактараты. Сярод іх і тая мая навуковая ступень, якую — відаць, праз сваю пэўную экзатычнасць — найчасцей згадваюць у Беларусі: доктар сакральнай тэалогіі (хоць гэта стандартная назва эклезіястычнага дактарату ў багаслоўі).
14 гадоў замежных штудыяў ні на імгненне не замглялі цвёрдай веры, што я вярнуся ў Беларусь. У 2005 годзе, пасля апошняй абароны, я і вярнулася. Мяне сустрэла зусім не тая краіна, якую я ў свой час пакінула. Знайсці сабе прымяненне было надзвычай цяжка. Ну каму патрэбныя сакральныя веды Старажытнага Блізкага Усходу, калі ўся адукацыя завісла пад цяжарам ідэалогіі і перастала развівацца, выцясняючы з сябе ўсё «непрактычнае» ды «завумнае»?
Я мяркую, што пакуль беларусы не зоймуцца сур’ёзнымі даследаваннямі не-Беларусі, яны і Беларусі не зразумеюць, і нікому цікавымі не будуць — нават сабе. Беларусь — інтэгральная частка сусветнай цывілізацыі.
Сёння Беларусь — адзіная краіна Еўропы, дзе няма сучаснага якаснага перакладу Бібліі на мову тытульнай нацыі. Парадокс: Францішак Скарына зрабіў пераклад падчас Рэфармацыі адным з першых, а ў ХХІ стагоддзе мы ўвайшлі апошнімі.
Гэта не азначае, што, калі мы перакладзем Біблію, сітуацыя зменіцца, але калі не перакладзем, то, напэўна, застанемся на перыферыі сусветнай культуры.
Хутка па вяртанні я пачала выкладаць у Беларускім Калегіюме, дзе з часам стала дырэктаркай, і ў віленскім ЕГУ — некалькі розных курсаў датычных Бібліі і Старажытнага Блізкага Усходу. А таксама пачала грунтоўныя паглыбленыя заняткі па Бібліі ў самастойнай Школе Бібліі, якая была спачатку проста «пры мне», потым пры Агенцтве гуманітарных тэхналогій, а потым — і дагэтуль — пры Лятучым універсітэце. Так што алгарытм майго жыцця застаўся той самы — вучыцца і вучыць.
Фота з асабістага архіву Ірыны Дубянецкай