Янка Брыль: Пад сонцам найвышэйшай пробы
25 ліпеня 2006 года адышоў у вечнасць народны пісьменнік Янка Брыль. Досвед Брыля, набрынялы талстоўскай традыцыяй, сведчыць, што здзяйсненне стылістычнай рэвалюцыі магчымае і ў самы неспрыяльны час.
![bryl_712.jpg bryl_712.jpg](/img/v1/images/bryl_712.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мяне даўно не пакідае пытанне, можа быць, нават загадка трывалай звязанасці Брыля і Стральцова. У адным з тэкстаў Валянціна Акудовіча ёсць прыпамінак пра тое, як Стральцоў намаўляў маладога крытыка напісаць эсэ пра Янку Брыля: “Чаму менавіта пра яго? Хіба якое свята ці юбілей?”. “Янка Брыль — гэта заўсёды свята”, — быў адказ.
Тут жа і ўспамін Анатоля Кудраўца, як разбіраўся пасля смерці загадчыка аддзела крытыкі часопіса “Нёман” Міхася Стральцова працоўны пісьмовы стол, і ў шуфлядзе знайшлося некалькі выразак, лістоў, рукапіс вершаў і — вялікі фотаздымак Івана Антонавіча, беражліва схаваны ў кардонную тэчку.
Шмат што сыходзіцца ў гэтай звязанасці двох сёлетніх юбіляраў, якія абодва — заўсёднае нашае свята. Любоў да слова, а не да тысячы знакаў. Прыманне быцця, хоць і ў глухой, зацятай з ім спрэчцы. Але, мабыць, найперш — штохвіліннае чаканне той успышкі, дзеля якой усё “стала быць”. Бо як успышка, эпіфанія, нараджае тэкст, так яна мусіць і нарадзіць чытача, “паяднаць пачатак і канец”.
Досвед Брыля, набрынялы талстоўскай традыцыяй, сведчыць, што здзяйсненне стылістычнай рэвалюцыі магчымае і ў самы неспрыяльны час. Рэч не ў абстрактным “лірызме прозы”, а менавіта — у сінтаксісе і рытме, на якіх у літаратуры трымаецца многае:
“Пpыгoжaя былa гэтa шэpaя, вeльмi жыццёвaя, нaтypaльнaя пpacтaтa, гэтaя яшчэ ўcё нe pacтpaчaнaя ciлa, якyю i нe выcyшылi, i нe пpыглyшылi дзeвяць дзecяткaў бoльш кaтapжныx, чым paдacныx, гaдoў. Пpыгoжы быў пoзipк cвeтлa-блaкiтныx вaчэй пaд гycтымi, ciвымi бpывaмi, вaчэй aдкpытыx i чыcтыx, як caмo бяcxмapнae нeбa, пaўтopaнae ў кpынiчным люcтpы бяcкpaйнягa вoзepa. Пpыгoжы быў, ypэшцe, yвecь гэты звычaйны, бyдзённы мaлюнaк: вялiкaя чopнaя лoдкa нa вaдзянoй пycтынi, y лoдцы — шэpы дзeд i cвeтлeнькaя ўнyчкa, a зa кapмoй, нa бyкcipы, — дoўгae cacнoвae бepвянo i яшчэ дaўжэйшы тpoxкyтнiк pacтpывoжaнaй вaды".
![Да гадавіны смерці Караткевіча. Радкі з дзённіка Не знікне ўсё, чым жыў чалавек. Радкі з дзённіка Караткевіча](/img/v1/images/afisha_10.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Шасцідзясятнікі “філалагічнага пакалення”, якія, паводле Стральцова, зачытваліся “Надпісам на зрубе”, дзякуючы Брылю вельмі добра сталі разумець змену пісьменніцкай задачы. Бо цяпер важна было не нашрайбаць вытворчы раман ці франтавую эпапею, а — добра, ужываючы найлепшую еўрапейскую оптыку, выпісаць адзін, другі канкрэтны абзац, скласці з іх трывожна-радаснае, цэльнае апавяданне. Так, як гэта робіць Янка Брыль, кідаючы свой позірк, напрыклад, і на зборышча вясковых катоў, якія чакаюць на беразе прышвартоўкі рыбацкай брыгады:
“Каты — залежна ад узросту — то нецярпліва пахаджалі, задраўшы хвасты, церліся каля гаспадарскіх ног і па-блазенску дакучліва вякалі, то стрымана, салідна аблізваліся, жмурачы лянівыя вочы.
Толькі адзін, найбольш бывалы і вопытны тыграў сваяк, вядомы на ўсю вёску валацуга і злодзей Цярэшка сядзеў воддаль, на зялёным прыгорку, цікуючы і на ваду, і на сушу з аднолькавым скепсісам на вусатым мурле”.
Падобная дэталізацыя, дзякуючы моцнай оптыцы, не магла не прыводзіць да ўскладнення сінтаксісу, але яна і падштурхоўвала аўтара да разумення самакаштоўнасці эпізоду, аднаго назірання, у якім знойдзеш і свой сюжэт, архітэктоніку, з амаль невычэрпнай крыніцай аздобаў, і магчымасць ствараць наўзамен дынамічнай, вельмі часта паспешлівай прозы — вітраж разасобленых эцюдаў, па-майстэрску складзеных у адно кампазіцыйнае цэлае: кнігу.
І гэта можа стаць кнігай пра нястрачаны час і пра зафіксаванага на ягоным тле асобнага чалавека. Які выслухаў сотні чужых біяграфій і зрабіў іх часткай сваёй. Які захаваў на крышталіках сотні краявідаў, запомніў водар ручая, акіяну, лесу і горнай вяршыні.
Такой кнігай мне бачыцца “Жменя сонечных промняў” — маленечкі прамакутнік шэсцьдзясят пятага году ў каларытным афармленні Барыса Заборава. Гэта шасцічасткавая ўверцюра, распачатая матывамі чалавечай унікальнасці, рознасці і роўнасці перад сыходам, праведзеная праз аповеды пра кніжнасць і пачутыя трапныя выслоўі, праз медытацыі над з’явамі прыроды і карнавальныя арабескі жартаў — да запісаў пра дзяцей, у чыіх вачах бясконца адлюстроўваецца будучыня.
![«Затое колькі мышэй ляснула!» Нядаўняе мінулае — у гістарычных анекдотах «Затое колькі мышэй ляснула!» Нядаўняе мінулае — у гістарычных анекдотах](/img/v1/images/gilevich_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У прадмове Брыль піша, што збіраў сваю кнігу дваццаць пяць гадоў, яшчэ з даваеннага, заходнебеларускага часу.
Гэты непрыдуманы свет меў такую “памяць жанру”, што засланяліся суцэльна ўсе магчымыя роды і віды літаратуры. З галасоў, укладзеных у кнігу “Я з вогненнай вёскі…” і ў вітражы мініяцюр, вырас і наш поліфанічны беларускі Нобель — з такой жа ўвагай да дэталі, адчуваннем сюжэтнасці і вусцішнасці быцця. Сімвалічна, што менавіта Янка Брыль напісаў прадмову да першай кнігі Святланы Алексіевіч на беларускай мове.
Магчыма, толькі калі збярэцца ў адно ўсё напісанае Янкам Брылём, нарэшце прыйдзе ўсведамленне, якога маштабу пісьменніка мы маем. Пакуль жа аматары-бібліяфілы знаходзяць ціхую радасць у адшукванні невялікіх брылёўскіх зборнічкаў, у кожным з якіх абавязкова знойдзеш красу і спажытак для душы.
“Нельга пісаць інтэлектам, трэба быць унутры пісьма, пражыць жыццё над друкаркай, разумееце?” — пытаўся аднойчы Рэй Брэдберы ў журналіста.
Я думаю, Брыль бы зразумеў, пра якое пісьмо і якую друкарку ідзе гаворка.
Бо і сам пражыў такое жыццё — пад сонцам найвышэйшай пробы.