У Гомелі немагчыма аддаць дзіця ў беларускамоўны садок

«Патэлефанавала ў садок, дзе мусіла быць беларускамоўная група. Загадчыца сказала, што звольніўся спецыяліст, таму нічым не можа дапамагчы. Болей у 500-тысячным горадзе беларускамоўных груп няма. Вось і роўнасць моваў,» ― абурылася жыхарка Гомеля Юлія Сівец на сваёй старонцы ў Facebook.

belmova_1_1.jpg

Два гады таму Юлія запісала сына ў 160-ы садок ― адзіны садок Гомеля, дзе прапануюць выхаванне на беларускай мове. Такая група там толькі адна, цяпер у ёй выхоўваюцца дзеці, якім пяць гадоў. То бок новы набор у беларускамоўную групу будзе магчымы толькі пасля выпуску цяперашніх выхаванцаў.
«Планавалася, што, можа быць, адкрыюць альбо ясельную, альбо старэйшую групу дадаткова, ― тлумачыць Юлія. ― І вось мы чакалі, адкрыецца ці не. Але сыну ўжо спаўняецца тры гады, таму я патэлефанавала запытацца ў садок. Мне адказалі, што новыя беларускамоўныя групы адкрывацца ўвогуле не будуць. Маўляў, калі б вашаму сыну было пяць гадоў, то мы б узялі яго ў існуючую без праблем, а так ― не».
Загадчыца садка Таццяна Масковіна адразу папярэджвае Еўрарадыё, што не трэба ствараць праблем на пустым месцы. Бо, калі з’явіцца патрэба ў беларускамоўнай групе, то яе адразу адкрыюць.
«Я як піянер, заўсёды гатовая, ― кажа загадчыца. ― Але вы ж зразумейце, што без анкетавання бацькоў я нічога зрабіць не магу, я ж не магу навязваць бацькам аддаваць дзяцей у беларускамоўную групу. Але цяпер усе бацькі ― хто на аздараўленні, хто адпачывае. Таму гэтае пытанне можа вырашыцца толькі з 1 верасня, калі збярэцца група, калі бацькі мне ў анкеце прапішуць, што яны згодныя і гатовыя. На сёння ўсе бацькі ў сваіх заявах пішуць «з рускай мовай навучання».
Нягледзячы на тое, што ў садку нібыта ў любы момант гатовыя стварыць беларускамоўную групу, дырэктар падцвярджае, што спецыяліст, які мусіў яе весці, звальняецца, і ў іх папросту не застаецца выхавацелькі, якая магла б камунікаваць з дзецьмі на беларускай мове.
«Бацькі прыходзяць у садок, а ім кажуць: а вы прывядзіце нам такіх яшчэ 27 чалавек, а вы ведаеце, што вы адны такія, хто жадае каб дзіця вывучалася на беларускай мове? Вы што, хочаце каб ваша дзіця пакутавала?» ― распавядае класічную для горада сітуацыю старшыня Гомельскай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Алеся Аўласевіч.
Як даведалася Еўрарадыё, гомельскі ТБМ сабраў больш за 500(!) подпісаў за ўвядзенне асобнай чаргі для бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзеці вывучаліся па-беларуску. Але мясцовы аддзел адукацыі пры гарвыканкаме спаслаецца на тое, што закон дазваляе адукацыю на абедзвюх дзяржаўных мовах. Тады гомельскае ТБМ адкрыла моўныя заняткі для дзяцей ад трох да пяці гадоў, куды цяпер стала ходзяць каля 70 чалавек.
Намеснік кіраўніка аддзела адукацыі гомельскага гарвыканкама Алена Парошына паабяцала Еўрарадыё ў бліжэйшы час звязацца з Юліяй Сівец, а таксама падрыхтаваць план дзеянняў для бацькоў, якія трапляюць у падобную сітуацыю. Будзем чакаць.
Па афіцыйных дадзеных, цяпер у гомельскай вобласці амаль 4,5 тысячы дзяцей ходзяць у беларускамоўныя групы ў садках, гэта 7,2% ад агульнай колькасці выхаванцаў. Па ўсёй Беларусі на роднай мове выхоўваецца 9,7% адсоткаў дзяцей. Для параўнання, ў 2010 годзе ў гомельскай вобласці было больш за 9% беларускамоўных выхаванцаў, а ў краіне ― 12,8%.
Паводле euroradio.fm