Такой арганізацыі не было нават у Савецкім саюзе
Юнармія — моладзевая патрыятычная арганізацыя, створаная ў Расіі, ужо аб'ядноўвае 140 тысячаў школьнікаў.
Такой арганізацыі не было нават у Савецкім саюзе. Пра Юнармію — моладзевае войска, створанае ў Расіі — расказвае польскае выдання “Rzeczpospolita”.
У Расіі грамадскі рух, які аб’ядноўвае юнакоў ды дзяўчат з пачатковых ды сярэдніх школаў, быў зарэгістраваны ў мінулым годзе з ініцыятывы міністра абароны Сяргея Шайгу. Сёння яго аддзелы дзейнічаюць ва ўсіх рэгіёнах краіны, а колькасць сяброў арганізацыі ўжо дасягнула адзнакі ў 140 тысячаў.
Паводле стваральнікаў, галоўныя задача — патрыятычнае выхаванне новага пакалення расейскіх грамадзян.
Адзначаецца, што малодшыя з прадстаўнікоў Юнарміі страляюць з пнеўматычнай зброі. Што тычыцца старэйшых, то яны дасканала ведаюць, як абыходзіцца з аўтаматам Калашнікава.
Далучаючыся да руху, юнакі і дзяўчаты чытаюць прысягу. У ёй яны абяцаюць, між іншым, імкнуцца да поспехаў у навучанні і спорце, весці здаровы лад жыцця, быць годным грамадзянінам Расіі.
Як паведаміў журналістам польскай газеты вайсковы аналітык Аляксандр Гольц, улады кіруюцца наступным прынцыпам: чалавек не можа быць патрыётам сваёй айчыны, калі ў адпаведным часе не зможа разабраць ды сабраць аўтамат. Падобнае меркаванне існавала і ў СССР, але нават у тыя часы не было такой вялікай арганізацыі. Усё абмяжоўвалася гульнёй «Зарніца», якую праводзілі раз на год.
Вядома, што фінансуецца Юнармія наўпрост з бюджэту краіны. А вось інфармацыі аб тым, колькі каштуе ўтрыманне арганізацыі, у адкрытых крыніцах няма. Але толькі вопратка для 140-тысячнага войска каштуе каля 70 мільёнаў еўра.