Славуты маэстра Пузыня

Год таму, 18 верасня, ранкам пайшоў з жыцця славуты беларускі музыка, майстар-рэстаўратар старажытных народных інструментаў, вядомы далёка за межамі краіны, — Уладзімір Якаўлевіч Пузыня. Яму было 72 гады.



41.jpg

Уладзімір Пузыня ў “Беларускай хатцы”

Нарадзіўся маэстра ў вёсцы Суцін на Любаншчыне. Паходзіў са шляхецкага роду. Скончыў школу мастацтваў у Магілёве. У 1970-я гады стаў ствараць ды аднаўляць старажытныя інструменты. У 1980-я вучыў граць на іх маладых музыкаў, якія патраплялі ў створаную ім славутую «Беларускую хатку».

Я наведаў яго праз колькі дзён пасля апошняга дня народзінаў, каб зрабіць прынагодную перадачу для «Радыё Свабода». І… прыязджаў яшчэ разоў пяць, аж да таго, як ён паклаўся ў апошні раз у лечкамісію. Кансіліум пастанавіў, што ўжо нічога нельга зрабіць. Дагэтуль шкадую, што не паспеў перадаць яму ўцепленыя валёнкі — у нагах праз капіляры дрэнна праходзіла кроў.

***

Я ўпершыню ўбачыў яго ў чэрвені 1989 года ў Вільні на адкрыцці першага з’езду БНФ. Дэлегаты, што з’ехаліся з усіх куткоў, напружана перашэптваліся. Ва ўсіх было чаканне Вызвалення ды Адраджэння, надыходу Новага Часу — і летнім громам выбухнула велічэзная па памерах сурма Пузыні. Спачатку на віленскай вуліцы, потым у палацы і, урэшце, на сцэне.

Як узгадваў сам маэстра, людзі мо ўпершыню слухалі не бальшавіцкія трубы, а сапраўдны покліч продкаў. Прыціхлая зала ўзарвалася апладысментамі. Ці адчуваў ён тады гістарычнасць моманту? Сказаў толькі: «У самога ўнутры скакалі дрыжыкі. І — адчуваў сябе Беларусам».

***

…Дзверы акуратнага, з кветнікамі паабапал, двухпавярховага катэджа ў вёсцы Ганалес, што амаль на беразе Мінскага мора, адчыніў сам дзядзька Валодзя. Зусім сівы, але з такой жа вясёлай хітрынкай у вачах. Пасля, у часе размоў, бачыў, як у іх бяздонні слізгала самота. Яшчэ і таму, канешне, што апошнія 6 гадоў здароўе не дазваляла выходзіць на сцэну. І ніводнага слова пра хваробы, пра болі, якія дапякалі.

З парога засмяяўся — дайце веры, за ўсё жыццё толькі ты называў мяне «дзядзькам». Дарэчы, упершыню гэта адбылося яшчэ ў 1990-х гадах, калі пасля канцэртаў-сустрэчаў Данчыка, якія я вёў, стомленыя, сабраліся за чаркай разам з любімай абодвума акторкай Таццянай Мархель. І хутка разам зацягнулі «Сівага каня». Так пачаліся для мяне Пузыніны ўспаміны.

Прызнаюся, бываў у яго не толькі дзеля прагі душы і раскошы зносінаў — хацелася бясконца слухаць яго ўспаміны з цікавейшага жыцця. З-за традыцыйнай нашай мітусні не надта адорвалі яго наведваннямі сябры ды аднадумцы. Да таго ж, ягоны любімы Алесік даўно змяніў беларускую дуду на кампутары ў Амерыцы. Таму адчуваў ён сябе часам адзінока. Добра, пад бокам заўжды была клапатлівая жонка Тамара.

Знайсці жытло Пузынькі, як называлі яго сябры, было не так проста. Узбярэжжа мора ў тых месцах спрэс забудоўваецца велізарнымі асабнякамі. І, як сказаў мне хлопец-праваднік, сотка ў самых прэстыжных месцах каштуе вялікіх грошай. Калі расказаў пра гэта дзядзьку Валодзю, той махнуў рукой — за доўгім рублём ніколі не гнаўся. Я ж ведаў, што ён дапамагаў усім.

Хай зараз, у гадавіну адыходу, тыя, хто заўсёды будуць яго горача любіць, разам са мной сплятуць яму Вянок Памяці. Дзядзька Валодзя гэтага годны. Балазе, многае з таго, што ён тады гаварыў, сказана, як сёння.

1.jpg

Канцэртны плакат Уладзіміра Пузыні 

***

Уладзімір Міхарскі, кіна-тэлерэжысёр, які ездзіў пару-тройку разоў да Уладзіміра Якаўлевіча разам са мной, узгадвае:

 — У пачатку 1970-х гадоў мінулага стагоддзя здымаў кіно «Звініце, цымбалы» — пра феномен мастацтва аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Жыновіча. Пузыні даручылі ролю Дудара, бо ўсе дудкі, духавыя былі зробленыя ім. Ён сілкаваў усіх уласнымі прыдумкамі — так упершыню ў гучанне аркестра арганічна ўплялася ліра. І ў яго быў абсалютны слых! Самога Жыновіча лавіў на пеўнях, калі той граў на цымбалах. Запісвалі ў філармоніі ўначы «Блакітны Дунай» Штраўса. Яго вострае вуха чула лажу, казалі, на адну трыццаць другую ноты. Перапісвалі па яго патрабаванні разы і разы. Кіно пасля купілі ў 11 краінах.

***

Пра свайго настаўніка гаворыць лідар гурту «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі:

— Уладзімір Пузыня быў сімвалам, які звязваў аж тры пакаленні музыкаў — Цітовіча, Лычкоўскага, Жукоўскага. Гэта яны пачалі вырабляць, вяртаць з нябыту інструменты, якія патрапілі туды ў першай палове ХХ стагоддзя. У 1980–1990-х гадах спадар Уладзімір сам быў старэйшым жывым майстрам. Мы рэгулярна запрашалі яго на дударскія фэсты, канферэнцыі. Ён з’яднаў у сваёй творчасці і рамястве розныя часы і творцаў.

Мастак, музыка Тодар Кашкурэвіч кажа:

— Уся дудовая плынь будзе назаўжды ўдзячная спадару Уладзіміру. Ён рабіў шэраг памылак у аднаўленні інструментаў. Але галоўнае — ён аднавіў беларускую душу. Для мяне адмысловы Пузынькін інструмент — чаротка. На першы погляд, проста саломінка, смецце. Але ён быў такі дыхтоўны, што зрабіў для яе футарал. У выніку — шэдэўр!

Лідар гурту «Палац» Алег Хаменка прыгадвае:

— Мы шчыра сябравалі з Уладзімірам Якаўлевічам з пачатку 1990-х гадоў. Дагэтуль граем на жалейцы і ліры, якія ён зрабіў для нас. Прычым, у розных па стылістыцы праграмах. І вельмі важна, што ён быў шчыры і апантаны чалавек і прафесіянал. Патрыёт Беларусі.

***

У размешчанай у катэджы «Беларускай хатцы» разглядаю зробленую Сяргеем Кляшчуком скульптуру гаспадара, герб на два роды — Пузыняў-Агіньскіх, на якім крыж на браме. У голас чытаю прысвечаныя дзядзьку Валодзю вершы Ніла Гілевіча:

І зноў загучала над Плошчай сурма — трывожна, бунтоўна, зазыўна.

Так, гэта Валодзька, ён тут нездарма — славуты маэстра Пузыня.

Музыка ад Бога, ад роду крывіч, ён духам на крыўдах узрослы —

Пачуйце, пачуйце яго гэты кліч, збудзіцеся брацця і сёстры!»

Між іншым, дзякуючы Нілу Сымонавічу, які тады працаваў у камісіі па культуры і захоўванню гістарычнай спадчыны Вярхоўнага савета 12 склікання, споўнілася вялізная мара Пузыні — старажытная дуда загучала ў храме. У дзядзькі Валодзі заззялі вочы:

— Яна загучала ў нашым аўтакефальным храме — мы грэка-каталікі. Ніл — мой хросны бацька, вылучыў мяне на заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Тады нас з Алесем запісалі для «Нядзельнай пропаведзі», і людзі беглі да прыймачоў слухаць боскае слова. Я і інструменты рабіў, каб яны маглі быць не сольнымі, а аркестравымі. Вось у сімфоніі, у оперы і загучалі — у «Дзікім паляванні караля Стаха» і «Князю Наваградскім». А як здарылася — сустрэў Солтана ў Саюзе кампазітараў, з папкай усё лётаў. І ён мне паказаў партытуру — як пачынаецца паляванне, павінны быць валторны. Я кажу — хай сурмы! Той прыйшоў да мяне ў майстэрню, і калі я сыграў, кажа: «Ты так нагадаў маю Радзімку!» І калі як гакнулі ў тэатры 6 сурмаў, усе спалохаліся — такі гром!

Пытаюся ў дзядзькі Валодзі, што найбольш значнае для яго ў кінематографе?

— У «Людзях на балоце» ў нас з Алегам Янчанкам загучалі ўсе нацыянальныя інструменты, і нават дуда, над якой тады працаваў. Але меха скуранога не было — я прыстасаваў цэлафанавы. Дык калі я пачаў граць, палова кінастудыі прыбегла — яна даўно не гучала. Ва ўсіх тэатрах нашых граў на дудцы, жалейцы, ліры. Я вельмі шчаслівы, бо ўздым дуды — уздым свядомасці. І калі я прыходзіў у садкі ў 1990-я гады, мне казалі: «Дзядзька, дзень добры», а не «здравствуйте». Я ж зараз знаходжуся пад гнётам маскаля — не саромлюся! Яны вынішчаюць нашу мову, свядомасць, культуру! Зараз ва ўсім свеце не магу пачуць сваю родную мову — гэта жах, ганьба тым, хто намі кіруе. Нават у маскалёў мяне паважаюць больш, чым на маёй роднай Радзіме. Я працаваў на 23–24 з’ездах КПСС, дзе сустракаліся з Муслімам Магамаевым, Валодзькам Назаравым, з Надзькай Бабкінай — таксама для іх рабіў інструменты. Але ж зрабілі двухмоўе — як так можа быць?! Што, я павінен мяўкаць і гаўкаць адначасова?!

3.jpg

У Вільні. Злева направа — Уладзімір Пузыня, айцец Ян Матусевіч, Васіль Быкаў, сын Алесь 

***

Не абышлі ўвагай у часе размоў крыўду і боль, атрыманыя славутым майстрам ад улады. Пра гэта ён расказаў упершыню:

— Я працаваў у «Беларускай хатцы», што існавала ў Інстытуце культуры 20 гадоў! Нават Ельцына Наіна была ў мяне, была жонка Мілошавіча. Тагачасны амерыканскі амбасадар Спекхард размаўляў са мной на беларускай мове. Для Наіны сыграў «Клён ты мой опавший», і яна заплакала, маўляў, любімая песня Барыса. Ну а потым не ўпісаўся ў паварот. Наважыўся прыехаць Лукашэнка, і мне сказалі, што з вамі сустрэнецца Рыгоравіч. Я адказаў, што ў мяне на яго алергія, я захварэю. Нехта тут жа данёс. Мяне адразу прымусілі звольніцца — скончыліся «мае ўніверсітэты». Я ж хацеў зрабіць беларускую школу майстроў…»

***

У госці да маэстра завітала і кінарэжысёр Ірына Волах. Яе першая праца была шчыльна звязаная з Пузынем:

— Гэта быў 1992 год, калі яшчэ было Адраджэнне і беларускія тэмы былі запатрабаваныя. Уладзімір Якаўлевіч вельмі дапамог у першай працы па Баршчэўскаму і Галубку, якая называлася «Шукальнікі скарбаў». Сюжэт просты — аднавяскоўцы сядзелі ў карчме, і нехта сказаў, што французы, уцякаючы, бочку чырвонцаў закапалі. Яны паплёнталіся ў той лес, дзе напалохалі адзін аднаго да непрытомнасці, прыцягліся назад і памірыліся. І была асноўная лінія сляпога лірніка, які аб’ядноўваў усю грамаду. Гэта быў, безумоўна, Пузыня, які, урэшце, сыграў на ліры «Лявоніху», і ўсё завяршылася вялікімі танцамі. І аўтарская песня там была, якую выконваў на скрыпцы тады яшчэ хлопчык, яго сын Алесь. Пры канцы лірнік ідзе дамоў, а яго дом — дарога. А яшчэ пра бытавуху, што найбольш пячэ і губіць нас. Сказана ў 8 раніцы сабрацца на здымкі, дык хто так, хто сяк, а ён, нягледзячы, што было напярэдадні, як штык! І ён быў нашым стрыжнем і сцягам. І не гублялі з тых часоў адно аднаго…

2.jpg

Уладзімір Пузыня з кінарэжысёрскай Ірынай Волах

Кажу суразмоўніцы: мо нехта чытае нас і думае — ну прадудзеў жыццё. А што засталося? Ірына ўзрываецца:

— Кожная мясцовасць гаворыць сваімі галасамі — гэта і ў мове адлюстроўваецца, і ў музыцы, і ў народных інструментах. І калі слухаць дуду ў «правільным» асяродку, краявідзе, увечары, як у Турава ў «Людзях на балоце», дзе ўсе эпізоды былі агучаны Пузыневай альтовай дудой, — як «загучалі» гэтыя балоты! Ёсць у Бібліі, што няма прарокаў у сваёй Айчыне. Але і Айчыны няма без прарокаў! І Пузыня — адзін з іх, і будуць да гэтай постаці вяртацца і вяртацца…

***

Прашу пералічыць дзядзьку Валодзю, нештачка з таго, што аднавіў. Пералічвае:

— Сурма, жалейка, ліра — з чарцяжамі, механікай, дасведчанымі практыкаваннямі, як трымаць інструмент. Маё ноў-хаў — хорум. Ён з’явіўся ў Радзівілаўскім «Летапісы» ХІІІ стагоддзя. Яго высушвалі з гарбуза — унізе ўдуваеш, там галасавік, бурдон і рагавень…

Дзядзька Валодзя ціхенька спявае мне пад ліру і найгрышы дуды:

«Усе людзі, людзі просяць, кабы жыта ўсхадзіла.

Усе людзі, людзі просяць, кабы гора не ўсхадзіла.

Узыдзе, узыдзе маё жыта поўнымі каласочкамі,

Узыдзе, узыдзе маё гора сінімі васілёчкамі…»

А на што ўсё-ткі клікала дуда Пузыні? Ён задумваецца і раптам усміхаецца:

— Барадулін пажартаваў: «Маэстра гоніць прэч нуду з зануды высекчы дуду — з былых цэкоўскіх дундукоў наробіць для чарцей смыкоў». Дуда пратэстуе супраць насілля. У «Інструментах жыцця», як я назваў сваю кнігу, напісаў: «Сурма, каб склікала на добрыя святы, а ў цяжкую гадзіну на абарону Радзімы. Ліра — каб не забывалі мову сваю, паданні, легенды. Жалейка — каб прасіла Бога на добрае здароўе ўсім людзям і жываціне. Дудка — каб весяліла і кранала душы людзей да любові і кахання. Скрыпка — каб не забывалі дар Божы. Дуда — каб не забывалі продкаў, каранёў сваіх…

***

Дагэтуль адчуваю за дзядзьку Валодзю боль і гонар. Боль — бо талент і майстэрства яго незаменныя. Гонар — за тое, што быў з ім апошнімі днямі побач. Вучыўся — пра гэта гаварылі ўсе — як трэба годна сыходзіць да Творцы. Як ён — да апошняй хвіліны апяваючы сваю Беларусь, аддаючы блізкім ды навакольным літаральна апошнюю кроплю любові ды крыві. Ён з тугой сказаў пры раставанні: «А ці прыме хто маю Дуду?» І, як заўжды, — «Жыве Беларусь».