Справы і мары Ігара Язэпенкі
Першыя археалагічныя раскопкі студэнт-гісторык правёў у сусветна
вядомым урочышчы Грэнск (лог ракі Сож у ваколіцах вёскі Ворнаўка
Кармянскага раёна Гомельскай вобласці). Менавіта пасля гэтай экспедыцыі
мара пра археалогію стала рэальнасцю для Ігара Язэпенкі (ліпень 1981
года)
З гэтым высокім хударлявым рамантыкам я пазнаёміўся ў 1993 годзе на Рагачоўшчыне падчас раскопак. Разам з Ігарам Язэпенкам у даследаваннях бралі ўдзел ягоны старэйшы калега Мікола Крывальцэвіч і маладыя даследчыкі старажытнасцяў пад кіраўніцтвам мясцовага краязнаўцы Алеся Рыкунова з археалагічнага гуртка Рагачоўскага краязнаўчага цэнтру.
Потым Ігар Язэпенка абараніў дысертацыю і напісаў грунтоўную манаграфію «Паселішчы неаліту і ранняга перыяду эпохі бронзы міжрэчча Бярэзіны і Дняпра». У інтэрв’ю НЧ навукоўца распавёў пра сваю працу, пра дасягненні і пра сваю мару аб стварэнні першага ў Беларусі Нацыянальнага археалагічнага парка.
Схаваная гісторыя
У выніку даследаванняў нядаўна знайшліся артэфакты, якія могуць сведчыць пра тое, што яшчэ ў IV тысячагоддзі да н. э. з надпарожжа Дняпра ў Верхняе Падняпроўе прыйшлі плямёны вандроўнікаў-намадаў індаіранскага паходжання, якія на той час ужо зрабілі свойскімі коней. Пра гэта сведчыць гаршчок сярэднестагоўскай культуры эпохі энеаліту, знойдзены ў рэчышчы Дняпра насупраць санаторыя «Прыдняпроўскі» ў Рагачоўскім раёне Гомельшчыны. Дадатковыя даследаванні могільнікаў і паселішчаў вакол незвычайнай знаходкі дапамогуць выявіць арэал гэтай лесастэпавай культуры.
Гаршчок сярэднестагоўскай культуры эпохі энеаліту IV тысячагоддзя да н.э. Знойдзены ў рэчышчы Дняпра насупраць санаторыя "Прыдняпроўскі". Артэфакт сведчыць пра прысутнасць у Падняпроўі культуры намадаў індаіранскага паходжання, якія здолелі прыручыць коней
14-ці паселішчаў позняга неаліту і ранняй бронзы (сярэдзіна III — пачатак II тысячагоддзя да н.э.) у міжрэччы Бярэзіны і Дняпра, якія былі раскапаныя з 1990 па 2007 гады, дало мажлівасць звязваць гэтую тэрыторыю з колам культур агульнаеўрапейскай шнуравой керамікі (усходняя Швейцарыя, паўднёва-ўсходняя і паўночная Нямеччына, цэнтральная Польшча).
Усё гэта сведчыць пра вельмі стракаты ландшафт першабытнага жыцця на тэрыторыі міжрэчча Бярэзіны і Дняпра. Апроч таго, з’яўляецца новы этап у гісторыі айчыннай археалогіі — перыяд энеаліту — пераходу ад каменнага веку да веку металу, падмацаваны адпаведнымі артэфактамі.
Навукоўцам таксама цікава адсачыць транзіт культуры намадаў і яе мажлівае ўзаемадзеянне з культурай мясцовых індаеўрапейскіх плямёнаў. Так што наперадзе беларускіх археолагаў чакае яшчэ шмат цікавых адкрыццяў.
На водкуп рабаўнікам
Помнікі археалогіі, як важныя складнікі нацыянальнай і сусветнай культуры, патрабуюць комплекснага падыходу да іх уліку, вывучэння, аховы і выкарыстання. Асаблівую занепакоенасць выклікае стан захавання помнікаў археалогіі, у першую чаргу, айчынных курганных могільнікаў ранняга сярэднявечча. Менавіта гэтыя ўнікальныя матэрыяльныя гістарычна-культурныя каштоўнасці становяцца асноўнымі аб’ектамі рабавання з боку «чорных капальнікаў».
Згодна заканадаўству, ахова помнікаў археалогіі ўскладзена на мясцовыя саветы і чыноўніцтва, а на практыцы — на супрацоўнікаў краязнаўчых музеяў у якасці дадатковага абавязку. Але далёка не ў кожным музеі працуе спецыяліст-археолаг. Таму помнікі археалогіі становяцца аб’ектамі пільнай увагі не дзяржавы, а ў першую чаргу рабаўнікоў.
Многія чыноўнікі, якія працуюць у мясцовых саветах, прыродаахоўных інспекцыях, лясніцтвах і землеўладкавальных службах, з-за адсутнасці сістэмнага падыходу да помнікаў археалогіі проста не звяртаюць на іх аніякай увагі. І тады адбываецца знішчэнне гэтых унікальных носьбітаў старажытнасцяў. Так, у 2013 годзе падчас добраўпарадкавання пляжу Камарын у Рагачове быў знішчаны фрагмент культурнага пласту.
Для больш дзейснага ўліку, вывучэння, аховы, папулярызацыі і музеефікацыі помнікаў археалогіі прапаную стварыць на тэрыторыі Рагачоўскага раёна першы ў краіне Нацыянальны археалагічны парк.
Рагачоўшчына як археалагічны парк
На Рагачоўшчыне ў рэчышчы Дняпра на невялікай тэрыторыі ад Гадзілавічаў да Альсагоркі агульнай плошчай каля 45 квадратных кіламетраў зафіксавана каля 60 (!) аб’ектаў археалогіі — стаянак і паселішчаў, грунтовых і курганных могільнікаў. Толькі некалькі раёнаў краіны могуць пахваліцца такой высокай канцэнтрацыяй помнікаў старажытнасцяў. Большасць з іх адносіцца да эпохі неаліту і ранняга перыяду эпохі бронзы (IV–II тыс. да н.э.). На гэтай тэрыторыі таксама захаваўся шэраг вядомых умацаваных гарадзішчаў (Рагачоўскае, Задруцкае, Лучынскае і Збароўскае), дзе адсочваюцца культурныя напластаванні ранняга жалезнага веку і сярэднявечча.
Паколькі шматлікія неалітычныя паселішчы рэгіёна не закранутыя антрапагенным уздзеяннем, на некаторых з іх можна прасачыць чатыры, а то і пяць этапаў засялення. Вось чаму менавіта гэтыя помнікі могуць стаць эталоннымі ў вывучэнні пераходу ад неаліту да ранняй бронзы.
У наваколлі Лучына і Ходасавічаў выяўлена шмат курганоў — самых старажытных на Беларусі, а на ўскрайку селішча Ходасавічы — мясцовае капішча, верагодней за ўсё прысвечанае Пяруну, — паганскі культавы помнік X — пачатку XI стагоддзя на беразе возера Святое. Ля Гадзілавічаў вывучаны курганны некропаль дружыннікаў-радзімічаў X–XII стагоддзяў са шматлікімі фрагментамі зброі і ўпрыгожаннямі.
Самы буйны скарб з грашовых знакаў безманетнага перыяду, знойдзеных на Беларусі, зафіксаваны ў Задруцкім гарадзішчы ў прадмесці Рагачова. На гэтым гарадзішчы ў 1893 годзе ў гліняным гаршчку знайшлі 89 цэлых і 3 фрагментаваныя грыўны — зліткі агульнай вагой 14,5 кілаграмы, схаваныя ў XIII стагоддзі. Імператарская археалагічная камісія ў Санкт-Пецярбурзе размеркавала скарб паміж музеямі сталіцы, Масквы, Разані, Арла, Ноўгарада, Херсона, Берлінскага каралеўскага нумізматычнага камітэта, Пенсільванскага ўніверсітэта (ЗША), а таксама распрадала прыватным калекцыянерам. У 1929 годзе Дзяржаўная акадэмія гісторыі матэрыяльнай культуры ў Ленінградзе 13 зліткаў Задруцкага скарбу перадала Эрмітажу.
Па-за межамі мяркуемага нацыянальнага парка на Рагачоўшчыне зафіксаваны шэраг іншых выбітных помнікаў старажытнасцяў. Сярод іх — добра захаванае Вішчынскае гарадзішча канца XI — сярэдзіны XIII стагоддзяў на правым высокім беразе Дняпра, дзе быў знойдзены адзін з найбольш выдатных па мастацкай каштоўнасці грашова-рэчавых скарбаў Беларусі, курганныя могільнікі радзімічаў X–XII стагоддзяў і дрыгавічоў X–XII стагоддзяў ля вёскі Ветачка, адметныя выкшталцонымі жаночымі ўпрыгожаннямі.
Апроч таго, тэрыторыя будучага Нацыянальнага археалагічнага парку вылучаецца шэрагам буйных водных аб’ектаў (рэкі Днепр і Друць, якія зліваюцца крыху на поўдзень ад Замкавай гары Рагачова; старыцы Дняпра — Камарын, Добрае ці Святое, Сасонка і Прорва), наяўнасцю вядомага геалагічнага разрэзу — помніка прыроды нацыянальнага значэння «Чырвоная горка» ў межах санаторыя «Прыдняпроўскі», што месціцца каля вёскі Збароў, багатай фаўнай і флорай, у тым ліку буйнымі хваёвымі тэраснымі лясамі, участкамі нізінных дубраў і змешаных лясоў. На заліўных лугах Прыдняпроўскай нізіны часцяком сустракаюцца расліны-чырвонакніжнікі.
Справа будзе прыбытковай
Усё гэтае багацце гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны краю патрабуе адпаведнага кіравання ў рамках Нацыянальнага археалагічнага парку. Гаворка ідзе пра поўную інвентарызацыю помнікаў археалогіі, арганізацыю іх належнай аховы, дэталёвага вывучэння і шырокай папулярызацыі.
Спачатку трэба вылучыць 15–20 знакавых помнікаў старажытнасці. Ля кожнага неабходна ўзвесці адпаведныя стэнды з падрабязным апісаннем (на беларускай, рускай і англійскай мовах) кожнай каштоўнасці, з кароткай гісторыяй этапаў яе стварэння і вывучэння, з выявамі, у тым ліку з разрэзам помніка ў 3D-фармаце. Апроч таго, помнікі археалогіі трэба пазначыць такім чынам, каб яны былі відаць з паветра і космасу. Усе гэтыя найбольш цікаўныя сведчанні першабытнага жыцця неабходна звязаць турыстычнай сцежкай.
У праграму археалагічных фэстаў, што лепей за ўсё ладзіць на Замкавай гары Рагачова, дзе былі знойдзены ўнікальныя зааморфныя выявы кабанскай культуры з бронзы сярэдзіны I тысячагоддзя да н.э. і сякеркі з рагоў лася сярэдзіны IV тысячагоддзя да н.э., можна ўвесці дзейнасць майстэрняў першабытных продкаў сучасных беларусаў па вырабу прыладаў працы, зброі і ўпрыгожанняў, прадугледзець розныя творчыя конкурсы і спаборніцтвы па азначанай тэматыцы.
Для тых, хто цікавіцца старажытнай гісторыяй краю, рэальна запланаваць у Нацыянальным археалагічным парку тэматычныя пешыя, водныя экскурсіі і вандроўкі на паветраных шарах. Для ўдзельнікаў традыцыйных міжнародных навуковых канферэнцый археолагаў каля санаторыю «Прыдняпроўскі» ўзвесці сучасны гатэль на вадзе. А праграму гэтай канферэнцыі добра аздобіць фэстам беларускай песні — старадаўняй народнай і сучаснай бардаўскай…
Стварэнне Нацыянальнага археалагічнага парку на тэрыторыі Рагачоўскага раёна падштурхне да распрацоўкі ўзорнай дэталёвай праграмы па ахове і папулярызацыі помнікаў археалогіі, будзе спрыяць развіццю краязнаўства і турыстычнай прывабнасці рэгіёну.