Сусед Бога

Аднойчы мой таварыш вырашыў зладзіць перформанс. Акцыя прадугледжвала некаторыя публічныя дзеянні. Перад тым, як несці элітарнае мастацтва ў масы, ён патэлефанаваў знаёмай праўніцы, маўляў, што мне будзе, калі я выйду на цэнтральную вуліцу і здзейсню такія і такія рэчы. Знаёмая выслухала і адказала: «У нашай краіне, даражэнькі, твой лёс у гэткай сітуацыі — пытанне не юрыспрудэнцыі, а тэалогіі».



c4b31ce7d95c75ca70d50c19aef08bf1.jpg

Аднойчы мой таварыш вырашыў зладзіць перформанс. Акцыя прадугледжвала некаторыя публічныя дзеянні. Перад тым, як несці элітарнае мастацтва ў масы, ён патэлефанаваў знаёмай праўніцы, маўляў, што мне будзе, калі я выйду на цэнтральную вуліцу і здзейсню такія і такія рэчы. Знаёмая выслухала і адказала: «У нашай краіне, даражэнькі, твой лёс у гэткай сітуацыі — пытанне не юрыспрудэнцыі, а тэалогіі». Можа, менавіта праз гэтую містычную акалічнасць усяго, што адбываецца ў Беларусі і з беларусамі, адну з найлепшых кніг пра беларускую ідэнтычнасць напісаў святар*.
Аўтара эсэістычнага трактату «Паўстанне Беларусі», філосафа і публіцыста каталіцкага дыякана Пётру Рудкоўскага з ордэна дамініканцаў я сустракала ў розных кутках Цэнтральнай Еўропы і пры розных абставінах. У місіях дамініканскага ордэну ў Кракаве і Віцебску, дзе ён ладзіў беларускія бяседы, у Вільні — выпадкова на вуліцы, у Мінску на рок-канцэрце ў клубе, дзе ён гасцінна запрашаў за свой столік таварышаў і надзяляў іх поснай піццай, у Варшаве ў Інстытуце Лазарскага, дзе ён працаваў да апошняга часу. Але падчас усіх гэтых сустрэч у былых і прысных сталіцах, якія адбыліся пасля нашага з ім знаёмства, мне так і не ўдалося пазнаёміцца з Пётрам. Гэты сціплы і ціхі чалавек здаваўся мне незвычайнай кветкай, дагэтуль невядомай батанікам. Вельмі карцела ўзяць рыдлёўку і зірнуць на карані незразумелай расліны. Я выпытала ў Рудкоўскага, як называецца месца, дзе ён нарадзіўся, і аднойчы выправілася туды — знаёміцца.
Да папа Івана
У сярэднявеччы людзі верылі, што за гарамі-лясамі, недзе на Усходзе існуюць уладанні прэсвітэра Джона (ён жа поп Іван). Дайсці да гэтага міфічнага царства было справай амаль нерэальнай і вельмі небяспечнай, але тыя, каму ўдавалася, траплялі ў прыўкрасны ідылічны свет міра, дабра і справядлівасці. Я не чакала ад малой радзімы Рудкоўскага райскіх кушчаў, але ўжо па дарозе мне стала зразумела, чаму мой таварыш падпісваецца ў інтэрнэце псеўданімам Джон Купала. Заход сонца, захад Беларусі. Пётра стаіць каля памежнага пункту «Беняконі–2» і іранічна глядзіць на мяне, ушчэнт здарожаную і пераляканую. Я трымаю ў руках пашпарт і «корачку» журналіста, якія мне толькі што вярнулі.  «Менавіта таму я кажу ўсім, што паходжу з Віленшчыны, — вітае мяне Пётра. — Праз Вільню было б бліжэй і не так страшна».
Каб дабрацца да вёскі Канвелішкі Воранаўскага раёну Гродзенскай вобласці, я, згодна з шляхам, падказаным мне адміністрацыйным дзяленнем РБ, спачатку прыехала ў Гродна. Выявілася, што да пункта прызначэння яшчэ 150 км, то бок 4 гадзіны павольным прыгарадным аўтобусам. Мяне ратуе папутка. «Значыць, да ксяндза едзеш? У Канвелішкі? Едзь-едзь. А дазвол у цябе ёсць?» — сэнс пытання кіроўцы даходзіць да мяне, толькі калі той падвозіць мяне да пастаральнай аднакалейкі, што бяжыць між лясоў, і перасаджвае ў дызель «Ліда—Беняконі». З якога мяне роўна праз пяць хвілінаў здымае памежны патруль, бо «дазволу» ў мяне няма. У мяне забіраюць дакументы, назву газеты «Новы час» перадаюць па рацыі начальству аж у Гродна. Нарэшце мой лёс вырашаны. «Дзе яе ксёндз?» — «Вунь той, у шортах», — «Вы яе ксёндз?» — «Ну, я», — «Дакументы… Ведаеце, дзе ў Канвелішках пагранзастава?» — «Ведаю», — «Дык вось, каб бліжэй, як на 500 метраў, гэтая да яе не падыходзіла. Ну і дзень. Трэцюю дуру сёння з дызеля здымаем!»
Ранкам наступнага дня, выходзячы з дому ў сад, я аўтаматычна парушаю абяцанне наконт 500 метраў. Бо Канвелішкі — пуп беларускай зямлі, з усіх бакоў абкружаны Літвой.
У Канвелішках Бог жыве
Пётра рос побач з Богам. Не ў сэнсе надзвычайнай пабожнасці яго сям’і і яго асабістай, а ў самым простым: з Богам у яго бацькоў мяжуюць падворкі. Богам у Канвелішках празвалі мясцовага дзівака, які любіць прыгаворваць: «Я Бог, я ўсё ведаю». Жонку гэтага чалавека, адпаведна, завуць Багіняй, а дзяцей — Бажанятамі. Дом у Бога аранжавы, як і большасць дамоў у мястэчку, — у гэты колер мясцовыя фарбуюць нават машыны і ровары. Некаторыя гаспадары ў супрацьвагу гэтай «памаранчавай рэвалюцыі» выбіраюць для хат іншыя яскравыя колеры — модныя ў гэтым сезоне пастэльныя тоны суседзяць з насычаным бардо і сакавітай бірузою. Шэрымі і бясколернымі стаяць адно забудовы грамадскія: крама, дом культуры, школа ды цагляныя катэджы ў цэнтры (якія тут, што, дарэчы, традыцыйна для Заходняй Беларусі, называюць Шанхай: у такіх дамах людзі жывуць адно ў аднаго на галовах, нібы кітайцы).
Сенсацыйныя карані, дзеля якіх я сюды дабіралася, адкрываюцца надта хутка. Я высвятляю, што святаром Пётру Рудкоўскага зрабілі сям’я, школа, вуліца. Пасля вайны адна з сясцёр яго маці Марыі пайшла ў падпольны жаночы кляштар, што стала прадметам зайздрасці ўсёй сям’і. Марыя таксама марыла стаць манахіняй, але сёстры не дазволілі — маўляў, калі ўсе да Хрыстуса, хто на гаспадарцы застанецца? Дзяўчына выйшла замуж і нарадзіла пяцёра дзяцей. І калі ў 1978 годзе ў Яна і Марыі Рудкоўскіх з’явіўся хлопчык (у Беларусі кажуць — «пазняк»), неяк само сабой меркавалася: ксёндз падрастае.
Прагрэс душы
Пётра меў дзяцінства Далай Ламы. У хаце Рудкоўскіх, заміж абразоў і сямейных партрэтаў, вісіць здымак айца Апалінарыя Зубялевіча — адзін з нямногіх нашых святароў, які здолеў захаваць парафію нават за Саветамі. З маленства дапамагаючы пробашчу падчас імшы, мой герой адчуваў адмысловае стаўленне да сябе ўсіх навокал. Само сабою, пераходны ўзрост унёс у жыццёвыя планы свае карэктывы: падлеткам Рудкоўскі і чуць нічога не хацеў пра будучае святарства. Але і гэты перыяд прамінуў. «Магчыма, тое, што ўсе змалку ставіліся да мяне як да святара, — гэта быў спосаб, якім Бог паказваў мне мой шлях», — закрывае ён тэму жыццёвага выбару.
Але ў любым выпадку, Рудкоўскі бачыў сваю будучыню іначай за родных і блізкіх. Скончыць семінарыю і стаць пробашчам у якім-небудзь заходнебеларускім касцёле, няхай і пазітыўна-аранжавым, здавалася яму надта простым шляхам. Слова «ксёндз» — такое сакральнае для любога верніка — патрабавала для яго нейкага пашырэння, накшталт кампутарнага *.txt ці *.doc. Простага *.exe было недастаткова.
Храналагічна першым пашырэннем, якое Пётра спрабаваў прыстасаваць да свайго ўнутранага «ксяндза», было «паэт». Вершы па-польску ён пісаў усё юнацтва, але цяпер «нават самому сабе» тых тэкстаў не паказвае. Даволі хутка будучы «ксёндз» і няздзейснены «паэт» пераключыўся на прозу. У школе, натхнёны знойдзеным на сметніку старым польскім гістарычным раманам, Рудкоўскі напісаў польскамоўны твор на 800 старонак школьнага сшытка. Ён называўся «Прагрэс душы» і адсылаў сваіх нешматлікіх чытачоў у часы першых хрысціянаў. Але мову, як і тэматыку творчасці, неўзабаве захацелася змяніць. Пётра пачаў пісаць забаўляльныя аповесці для школьных сяброў, спачатку па-руску, а потым на беларускай мове.
Тое, што і гэтае захапленне хутка прамінула, «ксёндз-празаік» сціпла і звышсамакрытычна лічыць шчасцем для літаратуры — як польскай, так і беларускай. Юны Рудкоўскі сеў, падумаў і вырашыў, што паэтаў і празаікаў у свеце стае, а вось беларусацэнтрычнага (духоўнага і не вельмі) мыслення бракуе. Так намалявалася яго творчая будучыня, шлях, па якім варта было ісці: ксёндз-тэарэтык, ксёндз-філосаф. Пасля Гродзенскай семінарыі — Пантыфікальная тэалагічная акадэмія і філасофскі факультэт Ягелонскага універсітэта ў Кракаве.
Беларусы Шанхаю
5 ліпеня — дзень, у які я трапіла ў Канвелішкі, мястэчка нагадвала соннае царства. Папярэдняй ноччу ўся ваколіца была на фэсце ў Тракелях, на Каранацыі Маці Божай. Усе Канвелішкі пагалоўна абгарэлі на сонцы падчас пілігрымкі, стаміліся і не выспаліся. Гэты стан спарадзіў нейкую фізічна-духоўную еднасць паміж Пётрам і ўсімі навокал яго — значна больш трывалую, чым, скажам, штамп аб прапісцы. Я згадала хлопцаў-пагранцоў, якія мяне толькі што затрымалі. Большасць з іх таксама была сонная і абгарэлая. Да мяне дайшло: я не ў памежную зону трапіла, я толькі што перасекла самую натуральную мяжу. Значна больш сур’ёзную за тую, якую тут так дбайна ахоўваюць. Фармальна я знаходзілася ў Беларусі — але ментальна я была на абсалютна іншай тэрыторыі. Пётра нарадзіўся ў Беларусі, якая Беларуссю ніколі не была. У большасці беларускіх літаратараў, у чым яны з гонарам прызнаюцца следам за Альберам Камю, ёсць адна радзіма — мова. Само сабой, беларуская. У тутэйшых таксама ёсць прыгожая і велічная радзіма — Касцёл. Само сабой, польскі. І ў гэтым сэнсе Пётра — тыповы жыхар памежнай зоны. У яго дзве радзімы.
У юнацтве Пётра меў свядомасць «паляка-беларусафіла». Самастойна ў дзяцінстве вывучыў польскую мову, што, нягледзячы на дэкларатыўную польскасць, вельмі рэдка сустракаецца ў каталіцкіх рэгіёнах Беларусі. У Гродзенскай каталіцкай семінарыі яго, і без таго большага паляка, чым самі палякі, прыняліся апалячваць з новай інтэнсіўнасцю. Менавіта тады ён канчаткова адчуў сябе беларусам (у знак чаго знайшоў у семінарскай бібліятэцы падручнік літоўскай мовы і навучыўся яшчэ адной мове свайго рэгіёну). Каб пабачыць, дзякуючы каму Пётра адчуў сябе беларусам першапачаткова, мы ідзем у Шанхай. Тут маюць кватэры супрацоўнікі канвелішскай сярэдняй школы. Фізрук, які поле грады, пазнае Пётру па кроках. Настаўнік англійскай і беларускай мовы Генадзь Феліксавіч Даржынкевіч вярнуўся з поля і частуе нас клубніцамі.
Людзей, якія нават у самых складаных палітычных і этнічных умовах адданыя беларускай культуры, у краіне вельмі няшмат. Але яны ёсць паўсюль — знітоўваюць краіну сеткай накшталт інтэрнэту. Менавіта праз яго Пётра калісьці падключыўся да беларушчыны. А пасля ўжо было рукой падаць да таго, чым ёсць Пётра цяпер — беларуса-еўрапейца. Даволі экзатычнае, дарэчы, спалучэнне.
Вяселле ў Германішках
«Вось вы едзеце да свайго ксяндза. Едзьце-едзьце. А як прыедзеце, запытайцеся, калі вяселле ў германішскага пробашча!» — кіроўца маёй папуткі ўводзіць мяне ў курс самага гучнага рэгіянальнага скандалу апошняга часу: ксёндз у Германішках адмовіўся ад сану і стварае сям’ю.
Ёсць тэмы, на якія з людзьмі духоўнымі гаварыць найцяжэй. Нам дапамагае школьны дзённік вучня 10-га класа Пятра Рудкоўскага. Прынесены, каб прадэманстраваць яўныя гуманітарныя схільнасці яго ўладальніка (трывалыя траякі па фізіцы і хіміі, круглыя пяцёркі па мовах, літаратуры, гісторыі), ён выпадкова здраджвае і прыадчыняе яшчэ адну таямніцу. Яшчэ падчас папярэдніх сустрэчаў з Пётрам і ў Канвелішках, разглядаючы фотаздымкі, я заўважыла, што ў яго ёсць адно хобі: сябраваць з дзяўчатамі. Нават ратаваць мяне ад беняконьскіх памежнікаў Пётра прыехаў не адзін, а з сяброўкай. Як выявілася падчас чытання дзённіка, ягоным хобі ў старэйшых класах было сябраваць з дзяўчатамі па перапісцы. З дзённіка выпадае адзін такі “сяброўскі ліст, чамусьці не адпраўлены. Напісаны шаснаццацігадовым Пётрам па ўсіх правілах куртуазнай галантнасці, ён красамоўна сведчыць пра характар будучага дамініканца. Пасля семінарыі Пётра на некалькі год адтэрмінаваў рукапалажэнне ў сан у роздумах, ці ён гатовы да гэтага, але ўрэшце дыяканам зрабіўся.
«Як паказваюць сацапытанні, 50 працэнтаў каталіцкіх ксяндзоў і манахаў хацелі б ажаніцца і мець дзяцей», — пішуць у інтэрнэт-навінах. «Лухта! — каментуюць такія навіны самі каталіцкія ксяндзы і манахі, — кожны з нас хацеў бы мець сям’ю». Служэнне Богу і людзям — тое, для чаго святар мусіць ахвяраваць найважнейшым у жыцці кожнага чалавека. У якую б краіну ці горад не накіраваў Пётру яго Ордэн, ён знаходзіць магчымасць часта бываць на радзіме. Падчас прыездаў дадому Пётра ў белых дамініканскіх шатах дапамагае на імшы ў касцёле. Касцёл поўніцца паненкамі. Гэта выглядае вельмі рамантычна.
Закапаць карані
Я выходжу ў сад, набліжаючыся такім чынам да Канвелішскай пагранзаставы на 498 метраў. Я не адзіная нелегалка пад яблынямі: падкапаўшы плот, тут зацята грабуцца, асцярожна азіраючыся на гаспадароў, рудыя куры. Жыхары Канвелішак падзяляюцца на дзве няроўныя групы: тыя, што маюць літоўскія або шэнгенскія візы, і тыя, што іх не маюць. Тыя, што маюць, ходзяць у літоўскія крамы па хлеб, закупляючы яго на ўсю радню. Кожны з іх павінен насіць у пашпарце безліч паперак і дэманстраваць штамп аб прапісцы на безлічы КПП, якія ўпрыгожваюць мясцовыя краявіды. Беларуская Віленшчына надзіва малалюдная: вёскі, мястэчкі знаходзяцца далёка адно ад аднаго, і мясцовыя жыхары гойсаюць паміж імі на джыпах і скутэрах па прыгожых пустых дарогах.
Насуперак усім тэзам сталічных інтэлектуалаў, я не пачуваюся тут «паміж». Я пачуваюся тут «нідзе». І разумею адну дзіўную рэч. Нягледзячы на аддаленасць ад адміністрацыйных цэнтраў і спецыфічны статус, тутэйшыя жыхары — самыя свабодныя людзі, якіх я сустракала ў жыцці. Нягледзячы на максімальную пабожнасць і традыцыйнасць выхавання — гэта самыя ліберальныя паводле поглядаў грамадзяне маёй краіны, якіх я сустракала. Нягледзячы на блізкую Вільню і вечную Польшчу — гэта квінтэсенцыя таго, якой асабіста я бачу сваю Беларусь. Я бяру рыдлёўку і асцярожна закопваю карані. Знаёмства адбылося. Эксперыментальным шляхам я выявіла адну важную рэч: кнігу «Паўстанне Беларусі» дыякан Пётра Рудкоўскі напісаў пра сябе і свае Канвелішкі.
* Слова “святар у гэтым артыкуле ужываецца ў больш шырокім значэнні, як сінонім слова “духаўнік