Вячаслаў Чамярыцкі: Углядаюся ў адвечныя краявіды Бацькаўшчыны
Вячаслаў Чамярыцкі, знаны даследчык старажытнай беларускай літаратуры пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў для чытачоў «Новага Часу».
Вячаслаў Чамярыцкі за рабочым сталом у Інстытуце літаратуры, 2006 г.
Калі вядомы беларускі крытык і літаратуразнавец, культуролаг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаслаў Чамярыцкі паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю пра беларускія летапісы і хронікі, Уладзімір Караткевіч з гэтай нагоды напісаў для яго паэтычны экспромт:
«Слыннаму летапісцу Краю пану Чаславу Чамярыцкаму ад люду паспалітага:
Ад Аўраамкі да Аўрамчыка
Гісторыю за горб бяры,
І чэмер сып усім у вочы,
Каб аж здзівілісь Чамяры.
19.12.67 г. Места Менскае славутае».
Пад вершам паставілі свае аўтографы яго сябры: Уладзімір Караткевіч з Оршы, Сцяпан Міско з вёскі Чамяры Слонімскага раёна і Адам Мальдзіс з Астравеччыны. Ліст з гэтым аўтографам Вячаслаў Чамярыцкі беражэ да сённяшніх дзён. Як і шмат іншых аўтографаў вядомых і паважаных асобаў.
Пажаданні ад Уладзіміра Караткевіча, Сцяпана Міско і Адама Мальдзіса. Пісаў Уладзімір Караткевіч. 19.12.1967 г.
Дарога ў жыццё і ў літаратуру пачалася ў Вячаслава Чамярыцкага з вёскі Рабкі Дзятлаўскага раёна, дзе ён нарадзіўся летам 1936 года. Маці была звычайнай хатняй гаспадыняй, а калі сям’я з Рабкоў пераехала ў Наваградак, пэўны час працавала на маслазаводзе. Бацька быў будаўніком, майстрам на ўсе рукі. Ён у 1937 годзе купіў каля Наваградка зруб, перавёз яго ў горад, а потым пабудаваў дом. Там сям’я Чамярыцкіх перажыла ўсе ліхалецці. Праўда, падчас вайны хлопчык Вячаслаў пераважна быў у Рабках. Як прыгадвае сам Вячаслаў Антонавіч, вяскоўцы не так баяліся немцаў, як партызан, якія ноччу наведвалі сялянскія хаты і рабавалі іх: забіралі жывёлу, рэчы, харч. Нават аднойчы сялянская гаспадарка Чамярыцкіх моцна пацярпела ад начнога набегу партызан, якія прыставілі да сцяны дзядзьку Івана і забралі ў яго адзінага каня.
Пры немцах Вячаслаў Чамярыцкі пайшоў у школу, якая знаходзілася на ўскраіне Наваградка. Але хутка школу спалілі партызаны. А пасля вайны хлопчыка запісалі ў другі клас беларускай школы, якая неўзабаве стала працаваць у будынку былой Наваградскай беларускай гімназіі, у якой яшчэ ў 1920-я гады вучыўся Барыс Кіт і выкладаў Язэп Драздовіч.
Вучні 9-га класа беларускай сярэдняй школы № 1 г. Наваградка пішуць сачыненне. У першым радзе Слава Чамярыцкі, 1952 г.
«Зусім непісьменная мая маці круцілася, як магла, хацела, каб я добра вучыўся, казала мне: вучыся, сынок, панам будзеш, — успамінае Вячаслаў Антонавіч, — і я стараўся, бо даволі рана зразумеў, што навука сапраўды дапаможа ўзбіцца хоць і не заўсёды на панскае, але на больш людское. Помню, як толькі навучыўся чытаць, палюбіў кнігу. Чытаў запоем, балазе, што ў школьнай і ў гарадской бібліятэках было нямала літаратуры. На руках жа ў людзей, па хатах, пападаліся рэдкія кнігі на польскай і беларускай мовах, творы Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, розныя заходнебеларускія выданні. Паступова ў мяне ўзрастала асаблівая, патрыятычная цікавасць і цяга да гісторыі і культуры Беларусі, да беларускай літаратуры і роднага слова. Гэтаму спрыялі і само асяроддзе горада, дзе тады паўсюдна яшчэ чулася беларуская гаворка, старасвецкія муры некалі магутнага замка, дзе рэхам аддаваліся галасы далёкіх гераічных стагоддзяў, імя славутага Адама Міцкевіча, а таксама цалкам беларускамоўнае асяроддзе роднай вёскі, дзе былі закладзены асновы маёй беларушчыны».
Адам Мальдзіс і Вячаслаў Чамярыцкі на беларуска-італьянскай канферэнцыі, прысвечанай Францыску Скарыну, Венецыя, 21 кастрычніка 1992 года.
У 1953 годзе Вячаслаў Чамярыцкі паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. А пасля заканчэння яго, паехаў па размеркаванні настаўнічаць у Вілейскі раён, потым перабраўся ў Маладзечна, дзе адпрацаваў інспектарам райана. І ў 1962 годзе падаўся ў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі купалы АН Беларусі. Ужо тады стаў сур’ёзна цікавіцца новай беларускай літаратурай, захапляцца творчасцю Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Аднак унікальная «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага рашуча схіліла навуковыя інтарэсы юнака ўбок старажытнай літаратуры.
У 1967 годзе Вячаслаў Чамярыцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю пра беларускія летапісы і хронікі. Яна лягла ў аснову ягонай манаграфіі «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры» (1969 г.), якая стала першай грунтоўнай працай пра гэтыя каштоўныя помнікі беларускага летапісання, падрыхтаваная па-беларуску беларускім вучоным. Набыты даследчыцкі вопыт даў Вячаславу Чамярыцкаму магчымасць плённа ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да друку тэкстаў беларускіх летапісаў і хронік у вядомай акадэмічнай серыі «Поўны збор рускіх летапісаў», куды яго прыцягнуў знакаміты гісторык Мікола Улашчык. Вячаслаў Чамярыцкі падрыхтаваў і ў 35 томе (1980 г.) упершыню апублікаваў выдатны помнік летапісання Беларусі эпохі Барока — Магілёўскую хроніку (у арыгінале, на польскай мове). Па яго ініцыятыве і пры яго непасрэдным удзеле быў пачаты пераклад на сучасную беларускую мову і публікацыя для шырокага чытача, спачатку ў часопісе «Спадчына», летапісных помнікаў Беларусі. А ў 1997 годзе яны выйшлі асобным выданнем у мінскім выдавецтве «Беларускі кнігазбор».
Вячаслаў Чамярыцкі з’яўляецца адным з аўтараў першых навуковых гісторый нашай нацыянальнай літаратуры на беларускай і рускай мовах, 3 і 4 тамоў «Истории всемирной литературы» (Масква, 1985, 1987), кнігі пра Францыска Скарыну, якая была выдадзена ў Парыжы на французскай і англійскай мовах, плённа ўдзельнічаў у распрацоўцы і выкананні вялікай Скарынаўскай праграмы, за што быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 1994 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. А восенню 1992 года ён прымаў удзел у Скарынаўскай канферэнцыі ў Венецыі і ў Падуі.
Вельмі плённымі ў навукова-творчай біяграфіі Вячаслава Чамярыцкага былі 1990-я гады, а таксама пачатак ХХI стагоддзя, калі ён узначальваў у Інстытуце літаратуры аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры.
Выдатным дасягненнем таленавітага калектыву навукоўцаў, якім кіраваў Вячаслаў Чамярыцкі, сталі падрыхтоўка і выданне «Гісторыі беларускай літаратуры XI — XIX стагоддзяў» у двух тамах і «Анталогіі даўняй беларускай літаратуры». Гэта шмат у чым новыя і арыгінальныя, сапраўды этапныя працы як паводле багацця выкарыстанага фактычнага матэрыялу, так і паводле сваёй навуковай канцэпцыі і грунтоўнасці выкладу. Яны, смела магу адзначыць, з’яўляюцца важкім плёнам удумлівых навукова-даследчых распрацовак іх аўтараў і лепшых дасягненняў усяго айчыннага літаратуразнаўства ў вывучэнні тысячагадовай пісьмовай спадчыны беларускага народа. Гэтыя працы — годнае падсумаванне і ўласных шматгадовых навуковых штудый асабіста Вячаслава Чамярыцкага ў галіне гісторыі даўняй беларускай літаратуры.
Калегі Інстытута літаратуры (злева направа) Генадзь Кісялёў, Вячаслаў Чамярыцкі, Сяргей Гаранін, Уладзімір Мархель, сакавік, 1999 г.
Цяпер Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі на заслужаным адпачынку. Ён пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў для чытачоў «Новага Часу».
— Нягледзячы на ваш шаноўны ўзрост, хачу запытаць, а ці пішацца што сёння, ці працуецца?
— Вядома ж. Цяпер рыхтую да выдання зборнік сваіх прац, які мяркую ўдасца выдаць да свайго афіцыйнага 80-годдзя, а таксама думаю ўдасца апублікаваць у 2017 годзе новы, больш поўны збор твораў Францыска Скарыны, які я ў асноўным падрыхтаваў да друку. Нядаўна пабачыў свет том летапісаў і хронік — своеасаблівы вынік маіх паўвекавых заняткаў летапісамі. Хочацца яшчэ чым-небудзь вартым ушанаваць наш непаўторны Наваградак: дапрацаваць і ўбачыць на кніжных паліцах доўгачаканую «Наваградчыну літаратурную», якую я ўклаў разам з пісьменнікам Яўгенам Лецкам. Паспрыяць, каб нарэшце была перакладзена з лацінскай мовы на беларускую і выдадзена ўнікальная кніга пра гісторыю Наваградка, што ў 1759 годзе была апублікавана ў Львове і рэдкі асобнік якой я ў 1980-я гады адшукаў у невычэрпных кніжных сховах Ленінграда.
— Вячаслаў Антонавіч, а што вас сёння найбольш хвалюе, трывожыць, засмучае ці, наадварот, радуе?
— Засмучаюць старэчыя гады і парадзелыя шэрагі маіх родных, сяброў, калег. Асабліва ж балюча перажываюцца катастрафічны стан беларускай мовы, самага каштоўнага, самага дарагога духоўнага скарбу беларускага народа, асновы яго нацыянальнай ідэнтычнасці, культурна-гістарычнай незалежнасці і незайздроснае становішча ў свеце нашай краіны, якая, на жаль, ніяк не можа заняць «свой пачэсны пасад між народамі». А радуюся сёння кожнай сустрэчы з непаўторным Наваградкам, дзе жыве мая сястра Ванда, шчыруюць на ніве культуры і асветы мае маладзейшыя сябры і добрыя знаёмыя ў гістарычна-краязнаўчым музеі, куды я перадаў шэраг каштоўных матэрыялаў, добрую сотню кніг і часопісаў са сваёй уласнай бібліятэкі, у музеі Адама Міцкевіча, у іншых установах культуры і асветы горада. Асаблівую ўзрушанасць адчуваю, калі наведваю родную школу, адкуль я вылецеў у вялікі свет, калі ўзнімаюся на Наваградскі замак, дакранаюся да яго старадаўніх муроў і з вышыні птушынага палёту ўглядаюся ў адвечныя краявіды Бацькаўшчыны.