Выбар Алены Анісім
Сёння Алена Анісім адзначае сваё 55-годдзе. Размову з ёй я задумаў за некалькі гадоў да таго, як яна стала дэпутатам. Калі дайшло да справы, вырашылі абмежавацца
толькі канстатацыяй самога факту прыналежнасці да Палаты прадстаўнікоў.
Затое пра сваё жыццё і наканаваны выбар сама Алена Анісім расказала
шмат.
Наканаваны выбар
Я нарадзілася ў настаўніцкай сям'і 28 верасня 1962 года ў вёсцы Саванi Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Маю двух братоў, Віктар старэйшы за мяне на 13 гадоў, Анатоль — на 9. Абодва ўжо на пенсіі, адзін жыве ў Мінску, другі — на Стаўбеччыне ў вёсцы Ператокі.
Бацька, Мікалай Сцяпанавіч Амельчыц, выкладаў рускую і беларускую мовы, а таксама мову нямецкую, якую добра ведаў, таму што патрапіў пад акупацыю, а да гэтага вучыўся ў гімназіі ў Стоўбцах. Сярод вяскоўцаў у яго быў вялікі аўтарытэт. Заўсёды запрашалі на сямейныя святы, накшталт вяселляў і хрэсьбінаў. Ён нават мірыў маладых, калі ў тых узнікалі сур’ёзныя спрэчкі.
Мама, Вера Іванаўна Амельчыц, выкладала матэматыку, а перад пенсіяй працавала выхавацелькай групы падоўжанага дня.
Так атрымалася, што найбольшы ўплыў на мяне аказаў бацька.
Добра памятаю, што першыя словы прачытала ўжо ў чатыры з паловай гады. Гэта была назва «Настаўніцкай газеты». Слова «настаўніцкая» я яшчэ асіліць не магла, а «газета» прачытала выразна.
Бацькі вырашылі аддаць мяне ў школу раней часу. Па-першае, таму, што не было з кім пакідаць, па-другое, яны ўсё роўна ішлі туды кожны ранак, і проста сталі браць мяне з сабой.
Такім чынам, школьніцай я стала, калі яшчэ не было шасці гадоў.
Цяпер разумею, наколькі з іх боку гэта было правільна. Я расла і ўвесь час (у тым ліку і фізічна) падцягвалася да дзяцей, якія былі за мяне на год старэйшымі.
У гэты ж час бацька навучыў мяне катацца на каньках, што стала захапленнем на бліжэйшыя дзесяць гадоў. Зімой я каталася кожны дзень. Браты вучыліся на філфаку БДУ і, калі прыязджалі дамоў, чысцілі мне ад снегу ўсе бліжэйшыя стаўкі, сажалкі і нават кар'еры, якія пасля таго, як адтуль забіралі торф, залівала вадой. Практычна не было таго дня, каб не каталася на каньках. Дзе заўгодна, хоць па выслізганай дарозе.
Акрамя гэтага, бацька істотна паўплываў і на тое, каб мой характар быў такім, якім ён стаў зараз. Мяккі па-жаночаму, але і па-мужчынску дастаткова прамалінейны і прынцыповы.
На ўсё жыццё мне запомнілася шмат яго выразаў. Прывяду толькі адзін прыклад. Калі ў падлеткавым узросце ў мяне нешта не атрымлівалася, і я моцна нервавалася-злавалася, ён казаў: «Я ў тваіх бедах не вінаваты». Гэтыя словы ставілі ўсё на месца. Я навучылася ў сваіх бедах абвінавачваць толькі сябе.
А яшчэ бацька навучыў мяне крытычна ставіцца да прапаганды. Ён не быў камуністам, ніколі да гэтага не імкнуўся, што і прывіваў сваім дзецям. А яго маці (мая бабуля Серафіма) была і ўвогуле антысаветчыцай. Заходняя Беларусь усё ж...
А вось мама мая паходзіла з Усходняй Беларусі. Яна родам з вёскі Сакольнікі, якая, напэўна, ужо стала часткай Віцебска.
Такім чынам, у нашай сям'і як бы паядналіся дзве часткі Беларусі. І гэта крышачку адчувалася. Памяркоўная, ціхмяная маці і баявы, крытычна настроены да савецкай улады бацька.
Вучылася я выдатна. Пасля васьмі класаў рыхтавалася паступаць у радыётэхнічны тэхнікум, які зараз стаў каледжам. Мы з бацькам нават ездзілі ўсё там паглядзець, аднак перад тым, як я павінна была ехаць падаваць дакументы, ён задумліва сказаў: «Канешне, ты, Алена, можаш рабіць, як хочаш, але там трэба працаваць з машынамі, а табе можа лепш з людзьмі».
Гэта прымусіла моцна задумацца. У выніку, я пайшла ў дзявяты і дзясяты класы, што азначала пераход у сярэднюю школу вёскі Залужжа. Ад нас гэта шэсць кіламетраў. Калі было магчыма, кожны дзень ездзілі на роварах. А зімой жылі там «па кватэрах».
Я заўсёды з задавальненнем удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, чаму актыўна спрыялі бацькі. Дарэчы, мая маці добра іграла на гітары. У маладосці яна была ў складзе настаўніцкага школьнага ансамбля.
Увогуле, тады была натуральная традыцыя спяваць сямейным колам. У нас быў спеўнік песняў на беларускай мове. Мой бацька ведаў акрамя процьмы беларускіх песняў шмат украінскіх.
Я таксама хацела скончыць яшчэ і музычную школу. І нават туды паступіла, аднак месцілася яна ў Стоўбцах, трэба было ездзіць, што не заўсёды атрымлівалася, і ад гэтага захаплення давялося адмовіцца. Бацька нават купіў акардэон, і я саматугам вучылася на ім граць.
У тыя ж часы я перамагла на абласным конкурсе сачыненняў, пра што сведчыць адпаведны дыплом. Сярэднюю школу скончыла з залатым медалём.
Маці — матэматык, бацька — філолаг, таму я крыху вагалася з жыццёвым выбарам, хаця адназначна марыла быць настаўніцай. Урэшце перамог тата. Я разважала так: «Матэматыку я сама разумею, але ці змагу гэта растлумачыць дзецям так, каб зразумелі яны…»
Для пятнаццацігадовай дзяўчыны гэта стала галоўным аргументам — і я падала дакументы на філалагічны факультэт БДУ.
Матэрыялізацыя выбару
На філфак я паступіла без усялякіх праблем. Акрамя вучобы і лагічнага ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці нашага факультэта, я прыдбала яшчэ занятак. Мой старэйшы брат Віктар (на філфаку вучыліся абодва) у свой час быў перакладчыкам у турыстаў з Польшчы.
Я таксама пачала працаваць з турыстамі, толькі з Чэхаславакіі. Мову вывучыла разам з аднакурснікамі ў складзе адпаведнай групы, многія з іх па маім прыкладзе таксама ездзілі з групамі як перакладчыкі. Дарэчы, славацкая мова больш падобная да беларускай, чым чэшская.
А другі брат, Анатоль, ездзіў у будаўнічыя атрады, чым таксама стаў для мяне прыкладам.
Пасля першага курса (нягледзячы на ўзрост, які афіцыйна забараняў працаваць) мы паехалі ў Бярэзінскі раён на цагляны завод. Наш будаўнічы атрад быў жаночым. Недзе ў сямейным альбоме захаваліся (вельмі дрэнныя па якасці) фотаздымкі тых часоў — маладыя дзяўчаты здымаюць з канвеера па 4–5 цаглін…
Бацька вельмі хваляваўся за мяне і нават прыязджаў паглядзець, як мы там жывём.
Праз год я ўжо паехала працаваць у Малдову, збіраць ураджай памідораў і гароху. Гэта быў 1980-ты, год алімпіяды ў Маскве.
Дарэчы, менавіта ў гэты час я цалкам перайшла на беларускую мову. Калі з бацькамі ніякіх праблем не было, то па месцы вучобы адчуваўся пэўны дыскамфорт. Выключна псіхалагічнага плана. Яно і зразумела. Калі яшчэ ўчора ты размаўляў «як усе», а сёння цалкам перайшоў «на мову», то ўзнікаюць нейкія пытанні. Хай ён і кароткі, але гэты перыяд трэба было вытрымаць і перастаць вагацца.
На трэцім курсе я ўжо была ў «Майстроўні». У 18 гадоў чалавек — фактычна сфармаваная асоба і робіць асэнсаваныя выбары, таму «Майстроўня» для мяне стала нечым магістральным у жыцці. Было прыемна ўсведамляць, што побач з табой шчырыя сябры і аднадумцы.
Асяроддзе — надзвычай важна. Думаю, у гэтым сэнсе мне шчасціла. Сярод маіх аднагрупнікаў і аднакурснікаў былі вельмі вядомыя людзі — Вінцук Вячорка, Сяргей Запрудскі, кандыдат філалагічных навук Вераніка Курцова, якая зараз працуе ў Акадэміі навук, магілёўскі паэт Сяргей Украінка, на жаль, ужо адышоўшая ў лепшы свет паэтка Ала Канапелька.
Нічога ў нашым жыцці не бывае бессэнсоўным, усё пакідае свой адбітак. Мне вельмі пашанцавала з тымі, хто быў побач, з тымі, хто вучыў жыць. Карыстаючыся момантам, нагадаю свайго класнага кіраўніка, настаўніцу беларускай мовы Любоў Ульянаўну Война і ўніверсітэцкага выкладчыка, які зрабіў першы пасляваенны правапіс беларускай мовы, Яўгена Міхайлавіча Камароўскага. Яны навучылі мяне быць адказнай, мэтанакіраванай і прынцыповай.
Нягледзячы на тое, што сустрэчы «Майстроўні» праходзілі на нашым філфаку, яе нельга назваць «філфакаўскай», бо там было багата студэнтаў з іншых факультэтаў і ВНУ — хімікі, журналісты, гісторыкі, эканамісты.
Для сустрэчаў давалі нават актавую залю факультэта. Напэўна, гэтаму спрыяла тое, што нашым выкладчыкам быў светлай памяці Ніл Сымонавіч Гілевіч, з яго аўтарытэтам і прыязнымі адносінамі да ўсяго беларускага.
У «Майстроўні» мы ставілі «Цара Максіміліяна», а Ларыса Сімаковіч вучыла спяваць. А яшчэ вучыліся ладзіць розныя народныя святы. Накшталт «Гукання вясны» 1982 года. А на адным са святаў была сустрэча са спявачкай Валянцінай Пархоменка. На той момант, здаецца, ужо народнай артысткай Беларусі.
Дарэчы, на іншым факультэце БДУ (механіка-матэматычным) вучыўся і мой муж Валерый. У 1982 годзе ён скончыў вучобу і размеркаваўся на мінскі «Інтэграл», а ў 1983-м мы пабраліся шлюбам. Я вучылася тады на пятым курсе.
Праз дзесяць дзён пасля абароны дыплома я нарадзіла старэйшага сына Аляксандра.
Дэкрэтны адпачынак тады быў паўтара гады. Але я толкам не паспела папрацаваць, як нарадзіла другога сыночка Мікалая.
Калі яму споўніўся год, я выйшла на працу ў СШ №55 Мінска. Выкладала там беларускую мову і літаратуру, а ўсяго праз пару месяцаў, паколькі гэта была толькі кадравая замена, перайшла працаваць у СШ №71, якая зараз стала гімназіяй. Першы запіс у працоўнай кніжцы там зрабілі 25 жніўня 1986 года. Адпрацавала там пяць гадоў.
Так здарылася, што ў лепшы свет адышоў бацька. Пасля смерці бацькі маці пачувала сябе вельмі кепска, я знаходзілася побач і кожны дзень з роднай вёскі Савані ездзіла ў Мінск на працу на электрычцы.
Вярталася ў 10–12 гадзін вечара, а ў 5 гадзін раніцы падымалася зноў. Гэта доўжылася адну вучэбную чвэрць, а потым я забрала маму да сябе ў Мінск. Падыходзячую кватэру знайсці было надзвычай цяжка, бывала, жылі ў адным пакоі ўсе разам, упяцёх.
Праз пэўны час мужу, як маладому спецыялісту, прапанавалі пабудаваць кааператыўную кватэру, і ў 1988 годзе мы пераехалі ў чатырохпакаёўку на Паўднёвым Захадзе.
Шмат хто памятае тыя часы — чэргі, перапоўнены транспарт, татальны дэфіцыт… Не разумею тых, хто марыць пра «светлае ўчора».
У 1991 годзе была мода на добрае веданне беларускай мовы і беларушчыну ўвогуле, і з Акадэміі навук шмат хто перайшоў на працу ў Саўмін альбо ў Вярхоўны савет. Кадраў там не хапала, і я падала дакументы на ўдзел у адпаведным конкурсе, пра які даведалася ад маёй сяброўкі Веранікі Курцовай. І прайшла. У школе адпускаць не хацелі, аднак 14 мая 1991 года я прыйшла ў Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук.
Прафсаюзны выбар
Канешне, працаваць у школе з дзецьмі нялёгка, аднак сярод бюракратаў — яшчэ цяжэй. Колькасць паперак тады была вялікай, але гэта нішто, калі параўноўваць з тым, што ёсць зараз.
Праз год працы на новым рабочым месцы я нарадзіла трэцяга сына Уладзіміра, а калі ў 1995 (дэкрэт быў ужо тры гады) зноў выйшла на працу, адразу атрымала прапанову ўвайсці ў прафсаюзны камітэт. Шчыра кажучы, гэтая прапанова мне не вельмі спадабалася.
Угаварылі і хутка абралі намесніцай старшыні. Неўзабаве старшыня прафкому Іван Дода з’ехаў на стажыроўку ў Польшчу, і мяне кінулі на яго месца. Так бывае заўсёды, калі чалавек не адмаўляецца адразу.
Але, з іншага боку, новая праца прывяла да таго, што мяне пачалі ўспрымаць як пэўнага лідара. Паколькі, калі выконваеш свае абавязкі належным чынам, так, як сам лічыш неабходным, то абавязкова сутыкнешся з начальствам. Не, гэта не канфлікты. Гэта адстойванне пазіцыі шараговых супрацоўнікаў, бо прафсаюзная дзейнасць — не толькі культурніцкія мерапрыемствы. Гэта — абарона правоў тваіх калегаў.
Было нялёгка, асабліва, калі лідар прафсаюзаў усёй краіны Уладзімір Іванавіч Ганчарык вырашыў прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Фактычна, усе мы былі ў яго камандзе, што на практыцы азначала перманентную напружанасць у адносінах з выканаўчай уладай. Да таго ж я была чальцом Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Дарэчы, атрыманы тады досвед вельмі мне спатрэбіўся, калі я ўдзельнічала ў выбарах сама.
У 1999 годзе мяне дэлегавалі на гарадскую канферэнцыю Таварыства беларускай мовы ад акадэмічнай суполкі. Гарадскую арганізацыю тады ўзначальваў светлай памяці прафесар Аляксей Саламонаў.
Я тады выконвала абавязкі сакратара, і рабіла гэта так добрасумленна, што ён сказаў: «Я хацеў бы бачыць цябе на сваім месцы». Канешне, было прыемна, але і крыху дзіўна.
Прафесар як у ваду глядзеў. Праз некалькі гадоў я ўзначаліла гарадскую арганізацыю ТБМ (2000 год) і была яе кіраўніком аж да 2014 года, калі на змену прыйшоў Аляксандр Давідовіч. Зараз я з’яўляюся першым намеснікам старшыні (Алега Трусава) Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
У гэтыя ж часы я ўваходзіла ў Рэспубліканскі савет, а нейкі перыяд нават узначальвала Савет старшыняў прафсаюзных арганізацыяў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, куды ўваходзілі і даволі буйныя структуры. Гэта быў вельмі карысны досвед.
Наш прафсаюзны камітэт месціўся ў памяшканнях акадэмічнага Інстытута гісторыі НАН. Паколькі інстытуцкая арганізацыя была невялікай, я кіравала прафсаюзам на грамадскай аснове.
Выбар «Новага Часу»
Пачынаючы з 2000 года, я была вельмі цесна завязаная на Таварыства беларускай мовы (ТБМ), таму да актыўнай дзейнасці ў прафсаюзах дадаўся яшчэ і гэты кірунак. У ТБМ былі падрыхтаваныя разнастайныя слоўнікі, беларускі варыянт правіл дарожнага руху, праекты законаў і яшчэ шмат чаго.
А ў 2002 годзе мы запачаткавалі газету «Новы Час». Скажу шчыра, у той момант далёка не ўсе ў гэта верылі і хацелі рабіць. Маўляў, навошта гэта трэба, дастаткова «Нашага слова». Я была сярод тых, хто лічыў, што акрамя таго, што ёсць, патрэбна газета больш высокага ўзроўню, большай чытацкай аўдыторыі. Хацелася зрабіць выданне інтэлектуальнага кшталту, якое было б цікава не толькі сябрам нашай арганізацыі, але і іншым. Распрацавалі канцэпт, прыдумалі назву, вырашылі прызначыць галоўным рэдактарам Кастуся Тарасава. Трэба было толькі знайсці чалавека, які б афіцыйна фігураваў як заснавальнік. Прапанавалі гэта Трусаву, але Алег Анатольевіч заўважыў, што ўжо з’яўляецца заснавальнікам газеты «Наша слова», і прапанаваў у заснавальнікі Мінскую гарадскую арганізацыю ТБМ, якую на той момант ачольвала я.
З задавальненнем пагадзілася зрабіць апошні крок, узяла падрыхтаваныя дакументы і пайшла ў Міністэрства інфармацыі.
Як і трэба было чакаць, там іх браць не захацелі, бо ішоў ужо, паўтаруся, 2002 год, і для незалежных выданняў, скажам мякка, узнікалі пэўныя цяжкасці. У міністэрстве я пачала пералічваць усе неабходныя для рэгістрацыі дакументы, якія ж імі і былі названыя. Аказалася, у мяне ёсць усё, акрамя так званага «рэгістрацыйнага збору», які заўчасна не стала рабіць наўмысна, бо не ведала, да чаго канкрэтна яны прычэпяцца.
Хуценька яго аплаціла і літаральна прымусіла зафіксаваць маю заяўку. Праз пэўны час мне патэлефанавалі з Міністэрства інфармацыі і прапанавалі забраць пасведчанне аб рэгістрацыі.
Вельмі сімвалічна, што першае пасведчанне аб рэгістрацыі было выдадзена 25 сакавіка 2002 года.
Для мяне было надзвычай прынцыпова забраць яго менавіта 25 сакавіка. Памятаю, у Доме ветэранаў у гонар Беларускай Народнай Рэспублікі была імпрэза, і я на ёй з гонарам многім паказвала адпаведны дакумент.
Умоўна дзейнасць любой газеты можна падзяліць на дзве часткі — творчую і адміністрацыйную. Творчай часткай займаўся Кастусь Тарасаў, усім астатнім — я.
Праз пяць гадоў на пляцоўку Кастуся Тарасава прыйшла творчая каманда ліквідаванай уладамі газеты «Згода». Шэф-рэдактарам «Новага Часу», а пасля і галоўным рэдактарам стаў светлай памяці Аляксей Кароль.
Мне здаецца, лінія «Новага Часу» вельмі важная, бо чалавек, які чытае выданне з моманту яго стварэння, можа бачыць тое, што адбывалася ў даўніну, якія тады былі людзі, хто штурхаў, тварыў гісторыю, пакінуў у ёй след. І ведаць, якія постаці ёсць сёння, што канкрэтна яны робяць.
«Новы Час» — беларускі час, які бярэ свае вытокі ў мінулым і накіраваны ў будучыню.
Я ганаруся, што ў свой час спрычынілася да стварэння гэтай газеты.