Год не нацыяльнальнай культуры
Каб культура Беларусі была культурай нацыянальна беларускай, ёй патрэбны адпаведны людскі матэрыял,
які, акрамя сем’яў, рыхтуюць звёны народнай адукацыі, пачынаючы з
дашкольных устаноў і заканчваючы вышэйшай школай. Мінадукацыі РБ ні
кроку не зрабіла, каб хоць трохі палепшыць стан беларускай мовы.
Шмат хто спадзяваўся, што Год культуры пройдзе пад знакам нацыянальнай, а не культуры ўвогуле. Але што ў выніку? Рускамоўная эстрада запаланіла не толькі сцэну, але і афіцыйныя СМІ. За высокія ганарары айчынным артыстам дапамагаюць прапагандаваць рускую эстраду іх калегі з Расіі. Не здаралася такога, каб хтосьці з гэтых нязменных гастралёраў адважыўся хоць адну песню выканаць на тытульнай мове нашай сёння так сумніўна, як ніколі, суверэннай краіны. Мо і ўлады яе не ўхвалілі б такога гераічнага інтэрнацыяналістычнага вычыну, каб гэтым самым не падарваць пазіцыі адзіна рэальнай дзяржаўнай у нас рускай мовы.
Былі спадзяванні, што ў Год культуры ўзмоцніць беларускі пачатак хвалёны «Славянскі базар у Віцебску». Нават сярэднестатыстычны жыхар нашай краіны разумее, што гэтае штогадовае мерапрыемства сістэматычна абыходзіць бокам беларускі нацыянальны інтарэс і лье ваду толькі на кола дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Вядучым яго, відаць, наказана не размаўляць па-беларуску, што яны ахвотна і робяць. Хутчэй узімку пачуеш голас зязюлі, чым беларускае слова ад вядучых «базару». Год культуры выключэннем не стаў — на «Славянскім базары ў Віцебску» яго ўдзельнікі ад нашай краіны больш зрабілі на карысць рускай, чым айчыннай беларускай культуры.
З больш чым двух дзясяткаў драматычных тэатраў краіны і пяці не набярэш, дзе б гучала беларуская мова, таму іх ніяк нельга аднесці да набыткаў беларускага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва, хаця абсалютная бальшыня артыстаў і выдатна спраўляецца са сваімі прафесійнымі абавязкамі, карыстаецца вялікай павагай у наведвальнікаў тэатраў. Ніякіх крокаў змяніць такую практыку ў дзейнасці драматычных тэатраў не было зроблена ў Год культуры.
Бедна прадстаўлена беларуская мова ў оперным тэатры Беларусі. У ім спяваюць пераважна па-руску ці на заходнееўрапейскіх мовах, тлумачачы гэта неабходнасцю выкарыстання мовы арыгінала замежных опер. Але ў даваеннай БССР заходнееўрапейская оперная класіка ставілася на беларускай мове. Упершыню нашы аматары опернага мастацтва пачулі партыю Кармэн з аднайменнай оперы французскага кампазітара Жоржа Бізэ менавіта на сваёй роднай мове. І выканала гэтую партыю наша славутая спявачка Ларыса Александроўская, што не толькі не перашкодзіла, а, наадварот, паспрыяла ёй стаць у 1940 годзе першай у БССР Народнай артысткай СССР.
Рэкорд жа па ігнараванні беларускай мовы ў сцэнічнай дзейнасці не першы год належыць калектыву Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Гэтага «ганаровага» для сябе месца ён не саступіў нікому і ў Год культуры.
Як і трэба было чакаць, у Год культуры праведзена нямала звязаных з культурай мерапрыемстваў. Іх пры магчымасці стараўся як мага больш наведваць і я. Акрамя атрымання асалоды ад мастацтва, мяне заўсёды цікавіла сфера ўжывання беларускай мовы. У сувязі з гэтым мяне вельмі ўзрадавала наведванне ўлетку канцэрта ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. У ролі дырыжора выступаў Аляксей Фралоў. І з залай, і з аркестрам ён размаўляў толькі па-беларуску, прычым на надзвычай чыстай, прыгожай літаратурнай мове.
Беларускае слова ўдалося пачуць мне ад артыстаў у Мінску ў час канцэртаў «Класіка ля ратушы» на плошчы Свабоды. Было гэта, калі выступаў аркестр амерыканскіх вайсковых паветраных сіл у Еўропе. Вядучы праграмы выйшаў на сцэну ды звярнуўся да гледачоў спачатку па-англійску, а затым па-беларуску, прычым, не заглядваючы ў паперку.
Спявачка з Румыніі, выступаючы на сцэне «Класіка ля ратушы», звярнулася да наведвальнікаў канцэрта са словам: «Прывітанне». Пачулі ад яе і такія словы: «Як справы, беларусы!» На досыць бурныя апладысменты найчасцей адказвала: «Дзякуй!» Вучыцеся, шаноўныя беларускія спевакі і музыканты, асабліва ўдзельнікі «Славянскага базару ў Віцебску»!
* * *
Да ўдзелу ў правядзенні Года культуры з усёй сур’ёзнасцю павінна было б паставіцца кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі. Як-ніяк, але ўжо не першы год яго сябры больш працуюць на карысць рускай, чым беларускай нацыянальнай літаратуры, што не можа не выклікаць трывогі ў кожнага з неразмытай этнічнай свядомасцю беларуса.
Многія спадзяваліся, што пра яе нацыятворную ролю абавязкова будзе весціся самая сур’ёзная размова падчас правядзення трэцяга з’езду СПБ: адбываўся ж ён у Год культуры! У змешчаных у перыядычным друку матэрыялах з гэтага форуму я не знайшоў нічога такога. Выходзіць, ніхто не палічыў патрэбным сказаць важкае слова пра катастрафічны стан мовы тытульнай краіны.
Сучасную беларускую мову можна смела, беспамылкова называць мовай каставаю, паколькі яна бытуе толькі сярод нязначнай колькасці людзей, пераважна прафесійна звязаных з яе выкарыстаннем. Усім зразумела, што такія людзі — гэта найперш пісьменнікі, журналісты, выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры. У трывожныя савецкія часы менавіта гэтыя катэгорыі творчай інтэлігенцыі прабіваліся праз усялякія перашкоды да высокага кіраўніцтва ЦК КПБ, каб выказаць свой боль пра горкі лёс роднай мовы.
За апошнія больш як дваццаць гадоў нічога падобнага ў нас не назіралася. За гэты час не было аніводнага выпадку, каб якая-небудзь з найбольш вядомых уплывовых абдзяржаўленых пісьменнікаў асоба наведала ці звярнулася з лістом да паліткіраўніка краіны, каб паказаць, у якім становішчы знаходзіцца родная мова тытульнага народа, і абмеркаваць шляхі яе выратавання ад рэальнага вымірання. Ніхто з больш чым з 600 сяброў Саюза пісьменнікаў Беларусі на такое не адважваецца.
* * *
Афіцыйна абвешчаны Год культуры абавязваў найперш міністэрствы культуры і адукацыі больш сур’ёзна паклапаціцца пра становішча беларускай мовы. Не паклапаціліся. У ніводнай з духоўных сфераў краіны Год культуры нічым не адрозніваўся ад усіх астатніх гадоў пасля таго, як у нас усталявалася (не на радасць і шчасце беларускай мовы!) прэзідэнцкая сістэма кіравання краінай.
Каб культура Беларусі была культурай нацыянальна беларускай, ёй патрэбны адпаведны людскі матэрыял, які, акрамя сем’яў, рыхтуюць звёны народнай адукацыі, пачынаючы з дашкольных устаноў і заканчваючы вышэйшай школай. Мінадукацыі РБ ні кроку не зрабіла, каб хоць трохі палепшыць стан беларускай мовы ў навучальна-выхаваўчым працэсе. Будучы рускамоўным, яно толькі спрыяе павелічэнню ў краіне носьбітаў рускай культуры.
У Год культуры нічым сябе не выявілі навуковыя калектывы, дзейнасць якіх звязаная з духоўнай сферай. Сцвярджаць такое даюць падставы нават праведзеныя імі тры навукова-практычныя канферэнцыі, у якіх і мне пашчасціла браць удзел. Кожны раз я прапаноўваў прысвечаны беларускай мове выступ у надзеі, што мне дадуць выступіць на пленарным пасяджэнні. Тэма ж архінадзённая! І ў дакладчыка хапае навуковай ступені і звання, аўтарытэту службовай пасады (доктар гістарычных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі), каб прэтэндаваць быць пачутым на пленарных пасяджэннях. А часта ж на іх заслухоўваліся і такія даклады, якія не мелі аніякага дачынення да беларускай культуры і чыталіся не на беларускай мове. А на такога ж роду канферэнцыях дый яшчэ падчас пленарных пасяджэнняў яна павінна быць дамінантнай.
Але такога ганаровага заслужанага статусу не мела яна на Першым міжнародным навуковым кангрэсе беларускай культуры (5–6 мая; галоўныя арганізатары — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь), на V міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Культура Беларусі: рэаліі і сучаснасць» (27 верасня; арганізатары — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытут культуры Беларусі гэтага ж міністэрства), на VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтва» (24–25 лістапада; галоўны арганізатар — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі).
Ужо не першы год стаіць пытанне: быць ці не быць культуры нашай краіны нацыянальна беларускай, а яе карэннаму насельніцтву — беларусамі, а не этнічным натоўпам? Таму няма аніякага сэнсу праводзіць ні рэспубліканскія, ні міжнародныя канферэнцыі па праблемах культуры, калі ў іх праграмах адсутнічае нацыянальны аспект, калі не плануецца весці гаворку аб шляхах выратавання беларускай культуры ад руйнавальнага ўздзеяння на яе русіфікацыі, аб захаванні этнакультурнай самабытнасці беларусаў, аб выкараненні з іх душаў заскарузлага нацыянальнага нігілізму. Усе гэтыя лёсавызначальныя пытанні акурат па-джэнтльменску і абыдзены на разглядаемых мною форумах, на правядзенне якіх выдаткавана шмат фінансавых сродкаў і патрачана нямала часу. Вынік для нацыянальнай культуры Беларусі — нулявы.
* * *
Афіцыйна абвешчаны 2016 год Годам культуры не стаў такім для беларускай НАЦЫЯНАЛЬНАЙ культуры. Народ нашай краіны жыў больш набыткамі рускай, чым беларускай культуры, асабліва звязанай з выкарыстаннем мовы. Сёння мы, у тым ліку і занятыя ў сферы культуры, з-за страшэннай зрусіфікаванасці папросту не ў стане належным чынам правесці такое адказнае мерапрыемства. Да яго патрэбная грунтоўная агульнанацыянальная падрыхтоўка.
Давайце правядзем яе пры самым актыўным удзеле не толькі работнікаў культуры, але і дзяржаўных структур. І Годам культуры абвесцім 2018 год, калі будзем адзначаць 100-гадовы юбілей стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, улады якой з вялікім разуменнем ставіліся да ўсяго нацыянальнага. Апошнія ж дні гэтага юбілейнага года мяжуюць з другой важнай гістарычнай датай: стагоддзем абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай (БССР) з яе дзяржаўнай палітыкай беларусізацыі, якая так абудзіла беларускі народ да актыўнай нацыятворнай дзейнасці і прымусіла паверыць у сябе.
Году культуры ў 2018 годзе — быць, і быць Годам беларускай НАЦЫЯНАЛЬНАЙ культуры. Пры належнай падрыхтоўцы, умелым правядзенні ён можа стаць важным фактарам мабілізацыі ўсяго беларускага народа на пераадоленне небяспечнай для яго культурна-моўнай асіміляцыі, без утаймавання якой яму не захаваць сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, а разам з ёю і дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь.