На Берасцейшчыне засталася адна гарадская беларускамоўная школа
На ўсёй
Берасцейшчыне ў бягучым навучальным годзе, згодна са статыстыкай абласнога
ўпраўлення адукацыі, на роднай мове ў сярэдніх школах навучаецца меней за 20
адсоткаў вучняў.
![Адзіная
на Берасцейскім Палессі гарадская беларускамоўная школа Адзіная
на Берасцейскім Палессі гарадская беларускамоўная школа](/img/v1/images/9163357e_4170_42cc_9da7_3ff6eb3937d5_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адзіная на Берасцейскім Палессі гарадская беларускамоўная школа
У абласным і раённых цэнтрах сярэднюю адукацыю дзеці атрымліваюць у асноўным па-расейску. У асобных раёнах — Берасцейскім, Жабінкаўскім, Камянецкім — адукацыя ў школах вядзецца на рускай мове. На ўсім Берасцейскім Палессі засталася адзіная гарадская сярэдняя школа — у райцэнтры Янава (Іванава). Янаўская школа № 4 з музычным ухілам яшчэ з пачатку 1990-х гадоў супраціўляецца спробам пераводу навучання на рускую мову.
Беларускамоўную школу нумар 4 у Янаве ствараў Рыгор Сыраватка, які доўгі час працаваў тут дырэктарам:
«Я быў прызначаны дырэктарам сюды ў 1991 годзе. Палова будынка ўжо была, а астатняе ўжо дабудоўвалася пры мне. У 2002 годзе мяне зьнялі з пасады дырэктара, але я працягваў працаваць у школе як звычайны настаўнік».
![Рыгор
Сыраватка, стваральнік і першы дырэктар адзінай на Берасцейшчыне гарадской
беларускамоўнай школы Рыгор
Сыраватка, стваральнік і першы дырэктар адзінай на Берасцейшчыне гарадской
беларускамоўнай школы](/img/v1/images/fe4fd000_4971_40f3_8129_de8fbe41c2de_w650_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рыгор Сыраватка, стваральнік і першы дырэктар адзінай на Берасцейшчыне гарадской беларускамоўнай школы
Калі стваралася школа, то ў той час, кажа Рыгор Рыгоравіч, нават не разглядалася альтэрнатыва мове навучаньня. Садзейнічаў захаваньню беларускасьці ў школе і калектыў. Настаўнікі былі ня толькі калегамі ў працы, але таксама і аднадумцамі:
«Нас не спынялі складанасьці, зьвязаныя галоўным чынам з навучаньнем замежным мовам. Так, амаль усе пераклады для школаў у нашай краіне з ангельскай мовы зробленыя на расейскую. Але нашы настаўнікі, нягледзячы на цяжкасьці, пайшлі на тое, каб вучыць ангельскую па-беларуску. Гэта патрабавала дадатковых высілкаў, шмат працы асабістай. Але я лічу, што праблема з мовай у першую чаргу ў нашых галовах. Прычым на працягу доўгага пэрыяду ў гісторыі нам убівалі гэта. Яшчэ з часоў расейскай імпэратрыцы Кацярыны нас прымушалі забыць і мову, і сваю гісторыю».
Нават сцены могуць выхоўваць
Былы дырэктар зьвяртае ўвагу, што вучням, якія закончылі беларускамоўную школу, паступаць далей у ВНУ не складаней, чым выпускнікам расейскамоўных школаў. А гэта быў адзін з галоўных аргумэнтаў некаторых бацькоў, якія ня раз падымалі пытаньне аб пераводзе адукацыі ў школе на рускую мову:
![Інфармацыйныя
стэнды ў школе толькі па-беларуску Інфармацыйныя
стэнды ў школе толькі па-беларуску](/img/v1/images/348f6268_b8c1_423d_943c_090282cabb16_w650_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Інфармацыйныя стэнды ў школе толькі па-беларуску
«На вялікі жаль, многія бацькі, асабліва тыя, якія самі не вывучалі беларускай мовы ў школе (а мы памятаем, як некалі ў 60-70-я гады мінулага стагодзьдзя дазвалялася не наведваць заняткі па роднай мове), і цяпер цураюцца сваёй мовы. Мне даводзілася ня раз сутыкацца з такімі людзьмі, я разумею ў некаторай ступені іхную пазыцыі і ведаю, што ў іх сваё бачаньне. Але шчыра скажу, што вельмі спакойна на гэта рэагаваў. Большасьць бацькоў усё ж нармальныя і адэкватныя людзі. Школа адкрылася ў 1991 годзе, а ў 1993 годзе мы стварылі музычнае аддзяленьне. Цяжка гэта ўсё вырашалася. Але ў выніку нам удалося гэта зрабіць, таму сёньня тут працуе тэатар, адзіны такога ўзроўню ў вобласьці. Кажуць, што адзіны нават ва ўсёй краіне, але сьціпла скажу, што, можа, гэта і не зусім так. Але пастаноўкі рыхтуюцца ў асноўным на роднай мове, хоць бываюць і па-расейску. Быў у нашага тэатру пэрыяд шчыльнай супрацы з паэткай Нінай Мацяш. Яна была добрая мая сяброўка, таму дапамагала ў пастаноўках, рабіла адмысловыя лібрэта для нашага тэатру».
Адметнасьцю школы № 4 у Янава было і адмысловае пано ў актавай залі. Раней выява беларускіх харугваў зь бела-чырвона-белымі сьцягамі зьяўлялася візытоўкай школы. Стваралася карціна спэцыяльна. Бо, на думку былога дырэктара Рыгора Сыраваткі, нават сьцены могуць выхоўваць:
![Помнік
Напалеону Ордзе ў Янаве Помнік
Напалеону Ордзе ў Янаве](/img/v1/images/afa4237a_f7d8_4297_a408_b5f17ce455f7_w650_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Помнік Напалеону Ордзе ў Янаве
«У нас у
актавай залі было створана арыгінальнае пано, якое гомельскі мастак выразаў
проста тут, у школе на сьцяне. Аналягаў ёй не было нідзе. На малюнку былі
адлюстраваныя харугвы пад бела-чырвона-белымі сьцягамі. Скажу так, што нават у
90-я гады было шмат пытаньняў да выявы з боку кіраўніцтва. Але неяк удалося
абысьці супраціў і незадаволенасьць, і гэтае пано было ў нас на ўсю сьцяну. Але
літаральна некалькі гадоў таму гэтую працу зьнішчылі, затынкавалі, сьцяну
пафарбавалі. Ад выявы не засталося анічога, на жаль. Шкада, што сёньняшняе
чынавенства кідаецца на бела-чырвона-белую сымболіку. Свая зямля, разуменьне
беларускасьці для многіх чыноўнікаў сёньня чужое, ня роднае. А адсюль і многія
беды ў нашай краіне. Але, нягледзячы на гэта, той, хто здольны думаць і
па-сапраўднаму разумее беларускасьць, той павінен там, дзе можа, няхай хоць
крыху, але нешта зрабіць для яе. І вось калі кожны з нас нешта зробіць, няхай
хоць крок, вось тады і будзе сытуацыя зьмяняцца».
Беларускамоўная школа ў Янаве стала прэстыжнай
І, паводле Рыгора Рыгоравіча, сытуацыя ў самім Янаве паступова зьмяняецца. Цяпер у школе новае кіраўніцтва, новыя асобы, шмат маладых настаўнікаў, але надалей навучаньне тут будзе выключна па-беларуску. З гэтым ужо звыкліся бацькі дзяцей і ахвотна запісваюцца сюды, кажа Людміла Мікалаеўна Яфімчук, намесьніца дырэктара ў вучэбнай працы:
«Налета мы плянуем набраць больш за 80 першакляснікаў; адпаведна, будзе больш за 4 першыя клясы. Але як атрымаецца, будзем бачыць. З 2013 году ў нас створаныя профільныя клясы. Усе без выключэньня прадметы выкладаюцца на беларускай мове. Вучні на цэнтральным тэставаньні набіраюць па 98 балаў. А гэта сьведчаньне таго, што сярэдні ўзровень досыць высокі».
Цяпер у Янаўскай сярэдняй школе № 4 навучаецца 683 школьнікі. Але яшчэ некалькі гадоў таму навучэнцаў бракавала. Клясы былі меншыя. А жыхары гораду патрабавалі ад адміністрацыі школы пераводу на расейскую мову навучаньня, кажа намесьніца дырэктара:
![Інфармацыйныя
стэнды ў школе толькі па-беларуску Інфармацыйныя
стэнды ў школе толькі па-беларуску](/img/v1/images/636720af_4fcc_4907_b4c8_d260ab5a33ec_w650_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Інфармацыйныя стэнды ў школе толькі па-беларуску
«Да 2013 году колькасьць вучняў у нас зьмяншалася. Было шмат пытаньняў, чаму школу не пераводзім на расейскую мову. Гучалі нават такія пагрозы, маўляў, пакуль школа ня стане з расейскай мовай навучаньня, да таго часу сваіх дзяцей сюды не аддамо. Прыкладна гэта быў пэрыяд з 2008-га па 2012 год. Затым сытуацыя пачала кардынальна зьмяняцца. Мы пачалі актыўна разьвіваць музычны кірунак, тэатар, хор. А бацькі сталі актыўна запісваць сваіх дзяцей у нашу школу. Вучыцца ў нас стала нават прэстыжна.
Адназначна
мы і далей будзем выкладаць толькі па-беларуску. Гэта нашая родная мова. Мы
павінны кіравацца сваёй мовай, валодаць, размаўляць і вучыцца на ёй».
З такою пазыцыяй цяпер пагаджаюцца многія бацькі, якія альбо адпраўляюць сваіх дзяцей у школу, альбо маюць такі намер. Гэта ў сьценах школы расказала карэспандэнту Радыё Свабода маладая жанчына, што жыве побач са школай. Яна выхоўвае двух сыноў, якім цяпер два і чатыры гады. У школу жанчына прыводзіць дзяцей на заняткі да лягапэда. Але кажа, што, як толькі хлопцы падрастуць, то абавязкова пойдуць у гэтую школу.
Жыхарка Янава Ірына кажа, што нават не вагалася, у якую школу аддаваць сваіх дзяцей. Такога пытаньня проста не было:
«Я цудоўна ведаю многіх настаўнікаў з гэтай школы; разумею, што мае дзеці атрымаюць добрыя веды. І, акрамя таго, атрымаюць і неабходнае выхаваньне, якое ў школе вядзецца па-беларуску».
Вучні старэйшых клясаў школы паміж сабою на перапынках размаўляюць у тым ліку і па-беларуску. Навучаньне на роднай мове не ўскладняе ім жыцьця. Многія перакананыя, што мова ня стане перашкодай пры паступленьні ва ўнівэрсытэт, а наадварот. Настаўнікі Янаўскай школы адзначаюць, што ў іхнай установе навучаецца найбольшая колькасьць вучняў сярод іншых адукацыйных ўстаноў раёну, якія ўваходзяць у спэцыяльны фонд сацыяльнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў.