Чаму Беларусь не становіцца другой Швейцарыяй?
Абяцанкам стварыць з Беларусі то другую Швейцарыю, то другія Эміраты — не адзін дзясятак год. Але адукаваныя беларусы з'язджаюць за мяжу, эканоміка
працягвае эксплуатаваць спадчыну савецкай эпохі. Кволыя спробы
мадэрнізаваць вытворчасць прывялі хіба да пасадак дырэктараў.
Не так даўно сайт howmuch.net апублікаваў дадзеныя інстытуту статыстыкі ЮНЕСКА па колькасці грошай , якія розныя краіны выдаткоўваюць на так званы Research&Development (вывучэнне і развіццё). Гэтым тэрмінам абазначаецца сфера ўкладанняў у інавацыі, навуку, адукацыю персаналу, новыя тэхналагічныя распрацоўкі — карацей, усё, што не прыносіць імгненнага прыбытку, а разлічана на доўгатэрміновую песпектыву.
Беларусь выдзяляе на Research&Development 907$ млн у год, што складае 0,5% ВУП. Для параўнання, у Польшчы гэта лічба 0,9%, Літве — 1% ад ВУП, і нават ваюючая Украіна ўмудраецца ўкладаць — 0,7% ВУП.
Пра іншыя краіны і казаць не даводзіцца. Для тыповай прамысловасці ЗША працэнт укладання ў R&D складае 3,5% ад прыбытку. У высокатэхналагічных вытворчасцях — ад 7 да 43,3%.
Укладанне Беларусі ў Research&Development амаль у пяць разоў ніжэй, чым у сярэднім па свеце (2,2% глабальнага ВУП ідзе на гэтую сферу).
Прыхільнікі беларускай мадэлі развіцця, можа, пачнуць спасылацца на сусветны крызіс, на тое што ў Беларусі няма карысных выкапняў, што незалежнасць мы атрымалі не так даўно і не паспелі «разагнацца», і, увогуле, у Афганістане яшчэ горш...
Аднак праблема Беларусі не ў асобных чыноўніках, не ў недахопе адукаваных спецыялістаў і нават не ў састарэлай інфраструктуры. Ужо які год «беларускія эміраты» ўпарта не хочуць будавацца, нягледзячы на жэстачайшыя пасадкі, выкарыстанне дармавой працоўнай сілы (ад бюджэтнікаў да салдатаў) і крыкі на нарадах. Лічбы інстытуту статысткі ЮНЕСКА агалілі сістэмныя хібы нашага ладу, якія распаўсюджваюца як на палітычную, так і на эканамічную сферу.
Што ж з'яўляецца адметнымі рысамі беларускай эканомікі? Не рызыкуючы моцна памыліцца, можна назваць тры кіты беларускага цуду: карупцыя, неэфектыўнасць, кантроль.
Карупцыя
Нядаўняя крымінальная справа з вышэйшымі чыноўнікамі Мінгарвыканкама, якія бралі хабар ежай, выдатна паказала псіхалогію гэтых людзей. Недасведчаны чытач мог падумаць, што беларускі карупцыянер да таго здрабнеў, што, не ў сілах дабрацца да буйных сум. Але ж «хлебных месцаў» хапае, і чыноўнікі гэтыя, безумоўна, людзі не настолькі бедныя, каб эканоміць на паходах у краму.
Можа, справа ў сквапнасці? Не можаш даць стос долараў — дай хоць куру. Не можаш падарыць аўтамабіль — падары свіную выразку. Хапаць болей, хапаць хутчэй — пакуль ёсць. Бо заўтра не будзе.
Чыноўнікі не разглядаюць свой пост, як месца служэння людзям. Відаць, для іх гэта месца, дзе можна ўрваць, каб забяспечыць сабе старасць а дзецям — пуцёўку ў жыццё (хутчэй за ўсё, еўрапейскае). Няма адчування таго, што ты — частка народа, і мусіш працаваць для ягонага дабрабыту. Няма пачуцця адказнасці перад іншымі. Бо кожны сам за сябе. І гэтае адчуванне настолькі моцнае, што нават перспектыва аказацца ў турме яго не пераважае.
Куды пры такім менталітэце дзяржслужбоўцаў будуць ісці грошы, выдаткаваныя на Research&Development, — здагадацца не цяжка. Ды і навошта выдзяляць нешта на доўгую перспектыву, калі не лічыш гэтую краіну (горад, вытворчасць) сваім домам?
Неэфектыўнае гаспадаранне
У Беларусі эканоміка пераважна дзяржаўная (не гледзячы на шматлікія ААА І ТАА). А дзяржаўнае, вядома, па старой савецкай звычцы, разглядаецца як «нічыё». Калі ты працуеш на прадпрыемстве, аднак цалкам адасоблены ад працэсу і вынікаў вытворчасці, і ад цябе нічога не залежыць, дзе ж ты будзеш зацікаўлены ў тым, каб рухаць нешта наперад? У гібрыднай беларускай сістэме людзі працы не стымулююцца рынкавымі механізмамі і не лічаць дзяржаўнае агульнай уласнасцю, якую трэба берагчы.
Адсутнасць будзь-якой матывацыі ў большасці беларусаў цягне цэлы шэраг наступстваў. Усё, што робіцца, робіцца з-пад палкі. Калі нешта можна не зрабіць — яно з высокай верагоднасцю не будзе зроблена. Калі начальнік можа «нагрэць» супрацоўнікаў на заробку — ён хутчэй за ўсё гэта зробіць. Калі падначалены можа не выканаць сваю працу і не быць пакараны — не факт, што ён яе выканае. Выключэнні ёсць, але на сістэму яны не ўплываюць. На буйных прадпрыемствах на аднаго працоўнага — як мінімум адзін менеджэр. На кіроўныя пасады ставяць не тых, хто добра працуе, а тых, хто ўмее праяўляць лаяльнасць. Людзі з новымі ідэямі і думкамі нікому не патрэбныя, бо здольныя зламаць існуючую сістэму, у якой начальства добра ўладкавалася і смокча бюджэтныя грошы. «Старыны не рушыць» — як было напісана ў Статуце ВКЛ.
Эканоміка, у якой пераважная большасць людзей не зацікаўленая ў тым, як працаваць, не можа быць паспяховай, колькі не кідай у турму і не выганяй на суботнікі.
Вялізныя траты на кантроль і прымус
Гэтая прычына — свайго роду, працяг і лагічнае следства папярэдняй. Ад дзяржустаноў да вуліц, ад заводаў да святаў, куды не ткніся: шлагбаўм, ахоўнік, міліцыянт, відэакамера, аўтазак. Ці заўважалі вы, што ў маленькіх гарадах аддзелы міліцыі абнесеныя плотам з калючым дротам? Нібыта ідзе грамадзянская вайна. А гэты дрот таксама каштуе грошай.
Такі пільны кантроль кажа не толькі аб стаўленні элітаў да падначаленых і працоўных як да функцыянала (ты патрэбны, паколькі ты працуеш), але і аб татальным недаверы: людзі, надзеленыя правам прымаць рашэнні, разумеюць, што, не будучы абранымі, яны не маюць мандата на кіраванне. Легітымнасць нізкая, і трымаецца хутчэй па інерцыі. Усімі — ад кіраўнікоў заводаў да кіраўніка краіны, рушыць усё той жа страх страціць уладу. І гэта прымушае іх выдаткоўваць грошы на кантроль. Нашы грошы!
Акрэсленыя праблемы не вычарпальныя, аднак найбольш заўважныя і выразныя. І калі нам у чарговы раз паабяцаюць 1000 долараў заробку, ці «Швейцарыю», ці «Эміраты» на месцы Беларусі — не верце. Сістэмныя змены магчымыя толькі пры наяўнасці свядомай волі народа. Калі ж гэтая воля сістэматычна душыцца, а галоўнай дабрачыннасцю, па якой ідзе адбор наверх, аб'яўляецца ўменне злавіць настрой начальніка — росквіт і дабрабыт будуць хіба ў абяцанках з тэлевізара.