Прафесійнае войска ў Беларусі: за і супраць
Нядаўнія выказванні міністра Раўкова пра сістэму камплектавання Узброеных сілаў Беларусі выклікалі хвалю розных меркаванняў у грамадстве. Так сталася, што асноўныя меркаванні занялі жорстка палярныя пазіцыі. То бок альбо выключна прафесійнае войска, альбо захаванне наяўнай прызыўнай мадэлі.
Кожны з гэтых прынцыпаў мае станоўчыя і адмоўныя бакі. І трэба адразу нагадаць, што яны не з’яўляюцца адзіна магчымымі, рэальна існыя сістэмы нашмат складанейшыя.
I
Ці можа прафесійнае войска забяспечыць абараназдольнасць РБ? Здаецца так. Звычайна прыгадваюць такія станоўчыя бакі прафесійнай арміі, як высокая эфектыўнасць вядзення БД і мінімальны час на падрыхтоўку і разгортванне ў выпадку ўзнікнення ваеннай пагрозы. Але ёсць і свае мінусы. Галоўны – высокі кошт утрымання. Прафесійная армія – вельмі дарагая, таму звычайна адносна малалікая. Ці можа Беларусь дазволіць сабе прафесійнае войска, захоўваючы сучасны яго памер, прызнаны дастатковым для выканання задач абароны краіны? Пытанне хутчэй да эканамістаў, але сусветны досвед і гісторыя сведчаць, што наўрад ці.
Прафесійнае войска дастаткова буйнога памеру можа сабе дазволіць такая краіна, як ЗША, а параўноўваць моц нашых эканомік не будзем, бо сумна. З гісторыі вядомыя спробы ўтрымання буйных прафесійных армій. Напрыклад, у другой палове XVI ст. іспанская карона мела надзвычай прафесійную і шматлікую групоўку войск – Фландрскую армію легендарнага герцага Альбы. Разам з флотам (Вялікая Армада) яна з’ядала каля 80% бюджэту, які напаўнялі не столькі падаткі, колькі “залатыя канвоі” з Амерыкі. Канчатковай перамогі іспанцы так і не здабылі, а эканоміка ад такіх выдаткаў так і не ачуняла.
Невялікія, але прафесійныя войскі насамрэч надзвычай эфектыўныя. Яны здабылі шмат перамог і ўпісалі шмат ганаровых старонак у ваенную гісторыю. Але перамога ў бітве ці нават ланцуг такіх перамог яшчэ не гарантуюць дасягненне мэты збройнага канфлікту. Вайна — гэта найперш канкурэнцыя ўсіх рэсурсаў канфліктных бакоў. Прафесійныя арміі даказалі свае перавагі ў канфліктах нізкай інтэнсіўнасці ці невялікай працягласці. У іншых выпадках перамога звычайна дастаецца боку, які больш эфектыўна мабілізуе ўсе магчымыя рэсурсы. Як прыклад можна згадаць радэзійскую лёгкую пяхоту, чые шматлікія перамогі так і не здолелі ўратаваць дзяржаву.
Наша гісторыя, гісторыя ВКЛ, таксама мае падобныя прыкрыя старонкі. Выбітныя перамогі пад Какенгаўзэнам, Белым Каменем, Кірхольмам не прывялі да ўтрымання Інфлянтаў праз няздольнасць уладаў ВКЛ забяспечыць утрыманне групкі на ТБД. Па сутнасці, эпізадычныя яскравыя перамогі не прынеслі плёну ў супрацьстаянні з Швецыяй, якая здолела год за годам, ад паразы і да паразы, але мэтаскіравана і неперарыўна весці баявыя дзеянні і дасягнуць мэты. Агулам, як вядома з ваеннай гісторыі, пераход да розных формаў мабілізацыйнай мадэлі камплектавання арміі адбываўся вымушана, як спроба вырашэння дылемы паміж неабходнасцю мець дастаткова шматлікую пастаянную армію і абмежаванымі эканамічнымі магчымасцямі дзяржавы.
Прафесійнае войска, у значнай ступені адарванае ад грамадства, стварае замкнёную карпарацыю, якая, па сутнасці, атрымлівае выключнае права сілы. З гісторыі вядомыя шматлікія прыклады такіх “прэтарыянскіх кагортаў”, якія ўзурпавалі палітычныя ды эканамічныя правы. Не ўпэўнены, што пры сучасным стане грамадства тыя прафесіяналы будуць настолькі патрыятычнымі, што грамадству няма падставаў для турбот.
Калі падсумаваць, то прафесійнае войска, пры ўсёй сваёй эфектыўнасці, але абмежаванай колькасці не здольнае на працяглае супрацьстаянне, а ўтрыманне дастатковай па колькасці групоўкі – непад’ёмны цяжар для эканомікі. Дазволю сабе дапушчэнне, што прыхільнікі канцэпцыі прафесійнага войска кіруюцца не столькі інтарэсамі абараназдольнасці краіны, колькі незадаволенасцю ад сучаснага стану беларускай арміі, нежаданнем службы ў ёй. Пагадзіцеся, што гэткая матывацыя апрыёры хібная ў выбары канцэпцыі камплектавання арміі. Да таго ж, не з’яўляючыся адмыслоўцам у сферы эканомікі, магу дапусціць, што ў сучасным стане Беларусі ўтрыманне прафесійнага войска дадатковай колькасці магчымае толькі праз дадатковыя падаткі. А ці гатовыя вы плаціць?
II
Армія прызыўнай мадэлі мае свае хібы і перавагі. Перавагі збольшага ўжо акрэсленыя: гэтая армія “па кішэні” сучаснай Беларусі. Але ёсць і галоўны плюс: гэтая мадэль стварае мабілізацыйны рэзерв, што ў выпадку канфлікту дазволіць у разумныя тэрміны разгарнуць шматлікую вайсковую групоўку, патэнцыяльна дастатковую для выканання задач па абароне суверэнітэту краіны. Шмат разоў казалася пра нізкі прафесійны ўзровень і недастатковую матывацыю. Калі першае пэўным чынам ўласцівае арміям прызыўнай мадэлі (натуральна, у параўнанні з цалкам прафесійным войскам, але згадаем выслоўе Фрыдрыха Другога: “Бог заўсёды на баку вялікіх батальёнаў”), то другое якраз не з’яўляецца “шараговым праклёнам” прызыўнага войска.
Варта згадаць адну з першых масавых армій – армію часоў Вялікай французскай рэвалюцыі, калі “Айчына ў небяспецы! Да зброі, грамадзяне!” далі на ТБД каля 200 наваствораных батальёнаў высокаматываваных патрыётаў. Прафесійная перавага войскаў інтэрвентаў не дапамагла ім ад слова “зусім”. Альбо гісторыя змагання швейцарцаў за сваю незалежнасць. Цягам больш чым стагоддзя рэгулярныя напады прафесійных (бо асноўнай сілаю былі рыцары) армій прывялі да абвальнага змяншэння кошту даспехаў і ўзбраення, бо трафеямі швейцарскія хлопцы завалілі ўсе арсеналы). Незалежнасць Фінляндыі, паспяховая абарона ад агрэсіі СССР — таксама заслуга здольнасці фінскага народа на максімальнае напружанне ўсіх сілаў і сродкаў. Такім чынам, разважаючы пра хібы сучаснай беларускай арміі, казаць, што яны ёсць наступствам прынятай сістэмы камплектавання, будзе няправільна.
Тут хутчэй варта згадаць, што пры прызыўнай сістэме камплектацыі войска з’яўляецца зрэзам грамадства. З усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі, яму ўласцівымі. Таму калі гаварыць пра з’яву дзедаўшчыны, давайце згадаем бойкі паміж навучэнцамі мінскага мастацкага каледжа. Калі норавы і ўзоры паводзінаў агулам у грамадстве далёкія ад прымальных, то такія эксцэсы непазбежныя. Безумоўна, гэта не апраўдвае дзедаўшчыны.
Кожны армейскі калектыў мусіць мець тое, што Напалеон называў “esprit de corps” – “дух падраздзялення”, той дух таварыства, гонару і дысцыпліны, што і робіць з механічнай колькасці ўзброеных людзей вайсковую адзінку, здольную выканаць свой абавязак. А як шо ні, то ні) І тут размова пра некампетэнтнасць і неадпаведнасць пэўных службоўцаў па ўсёй вертыкалі з верху і да нізу, хібаў у арганізацыі працэсаў у войску, а не пра неадпаведнасць самога прынцыпу, што абарона Радзімы – справа ўсяго грамадства.
Як уяўляецца, праблема надзейнай абараназдольнасці Беларусі павінная вырашацца камбінаваннем плюсаў прызыўнай і прафесійнай сістэм камплектавання войска.
Прыкладам паспяховай рэалізацыі можа быць швейцарскае войска. Невялікая прафесійная яго частка, перш за ўсё кіраванне, высокатэхналагічныя роды войскаў, часткі спецпрызначэння і кадры вайсковых частак, займаюцца рэгулярнай і рэальна выніковай падрыхтоўкай мабілізацыйнага рэзерву з ліку ваеннаабавязаных грамадзянаў. Па сутнасці рэалізоўваючы канцэпцыю ўзброенага народа. З улікам рэальна падрыхтаванага мабілізацыйнага рэзерву, Швейцарыя мае ці не найвялікшую армію ў Еўропе. Пагадзіцеся, што разгорнутыя цягам двух тыдняў 650 000 дастаткова падрыхтаваных абаронцаў – дастатковы аргумент, каб вайна не пачалася, бо для любога патэнцыйнага агрэсара кошт перамогі будзе непад’ёмны, а імавернасць гэтай перамогі – мізэрная. З такімі не ваююць. З такімі размаўляюць, прычым ветліва.
Міраслаў Лазоўскі, budzma.by