МТЗ рыхтуецца да працэдуры банкруцтва?

Сярод працаўнікоў МТЗ ходзяць чуткі, што сярэдні заробак на заводзе ў маі замест пяці мільёнаў складзе толькі тры, потым з прадпрыемства зробяць ААТ і прададуць. 



img_4687.jpg

Прадукцыя МТЗ, якую няма каму збываць

Трактары ўжо няма куды ставіць, але канвеер працуе сем дзён на тыдзень, ва ўзмоцненым рэжыме. Заробкі не растуць, масава ўцякаюць з завода людзі, на чале з генеральным канструктарам. Як распавёў НЧ адзін з працаўнікоў МТЗ, днямі на пасяджэнні кіраўніцтва завода ішла размова пра хуткую працэдуру банкруцтва прадпрыемства.

Усе склады і ўсе пляцоўкі застаўлены трактарамі, — распавядае працаўнік завода, прозвішча якога рэдакцыя не разгалошвае па яго просьбе. — Іх мноства на самім заводзе, вакол яго, у вёсцы Абчак. Ставяць ужо трактары нават на пешаходных дарожках, немагчыма прайсці! Кіраўніцтва займаецца вынаходніцтвам: куды б яшчэ ўсунуць трактарчык? Магчыма, што нехта купляе іх дробнымі партыямі, але асноўных продажаў няма, факт. Да таго ж, днямі на нарадзе кіраўніцтва ішла гаворка пра тое, што завод плануюць ператварыць у ААТ, і для гэтага трэба прайсці працэдуру банкруцтва, каб па бесцані прадаць завод — Расіі ці якой іншай краіне, ніхто дакладна яшчэ не ведае.

Працаўнік МТЗ зрабіў для НЧ нават фота прадукцыі завода, якую няма куды збываць. Раней пацвердзіць інфармацыю з плётак вакол гэтага можна было хіба што праз Google-спадарожнік.

img_4698.jpg

img_4700.jpg

Зараз сярод працаўнікоў МТЗ упарта ходзіць інфармацыя пра пераход у маі на “чатырохдзёнку”.

Наогул могуць зрабіць вакацыі на паўтары тыдні, бо няма грошай, а на зарплаты апошнім часам завод бярэ крэдыты, — кажа працаўнік МТЗ. — Ёсць інфармацыя, што на красавіцкія зарплаты нам далі апошні крэдыт. Што будзе далей, не вядома…

Аднолькавая для шэрагу беларускіх буйных прадпрыемстваў “хвароба” забітых пад завязку складоў ускладняецца для МТЗ невялікімі заробкамі, якія, паводле нашай крыніцы, у наступным месяцы будуць яшчэ меней.   

— Адкуль у вас інфармацыя наконт “апошніх” грошай?

Пра гэтае кажуць кіроўцы, якія возяць начальства і чуюць размовы кіраўніцтва. Яны распавялі, што адбылася зачыненая нарада ў дырэктара, на якой прынята наступнае рашэнне: сярэдні зарабок па заводзе — пяць мільёнаў — знізіць да трох. Асабіста я чуў гэта на пазамінулым тыдні.   

 

— На вашу думку, ці пагодзяцца людзі працаваць за такую нізкую зарплату?

Працоўныя — не, канешне. Напачатку гэтага года кіраўніцтва з-за адсутнасці продажаў пазбавіла прэміі толькі інжынераў і прыбіральшчыц, бо ведала, што гэтыя катэгорыі ніколі не выйдуць  страйкаваць. А вось працоўным мужыкам пабаяліся не даць тыя 20–25 адсоткаў… Зразумела, што інтэлігенцыя, як і слабыя жанчыны, абурацца не пачнуць, але завод губляе людзей — яны трываюць ці звальняюцца. З-за нізкіх зарплатаў народ уцякае з завода неверагоднымі тэмпамі! Звольніўся нават генеральны канструктар Іван Нікадзімавіч Вус, тры тыдні таму. Амаль траціна інжынераў ужо сышла. Нават яшчэ ў мінулым годзе ўцякло цэлае канструктарскае бюро, каля дзесяці чалавек, за выключэннем начальніка. Людзі бягуць хто куды: хто у Расію, хто працаваць у розныя беларускія фірмы. Тое, што ў завода справы — дрэнныя, відавочна.

Між тым, кіраўніцтва спрабуе супакоіць працоўных праз прафсаюз.

Днямі адбыўся прафсаюзны сход, на якім паведамілі, што ўсё добра, ніякай “чаторыхдзёнкі” не будзе, працуем у звычайным тэмпе. А тэмп канвеера сёння, калі няма продажаў, — сем дзён на тыдзень, з выходнымі ўключна, —  зазначае працаўнік. — Прыцягваюць да працы людзей, якія нават не звязаны з працоўнымі спецыяльнасцямі. Навошта гэта ўсё рабіць, хутчэй гнаць план, калі прадукцыя не знаходзіць пакупнікоў?

Гэткі парадокс кіраўніцтва МТЗ працаўнікам не тлумачыць. Рабі моўчкі, і ўсё. Зрэшты, хутка яшчэ адна буйная ахвяра камандна-адміністрацыйнай сістэмы трапіць у рукі аднаго з расійскіх сяброў, а на працоўныя месцы прыдзірлівых беларусаў прыйдуць непераборлівыя кітайцы.