Па папярэдніх дадзеных гадавая інфляцыя ў 2020-м перавысіла 7%
Урад перастараўся са стымуляваннем дзяржсектара. У 2021 год Беларусь уваходзіць з рэкордным ростам цэн.
У канцы снежня прэм’ер Галоўчанка паведаміў, што рост спажывецкіх цэн у межах года складзецца ў межах 6-7% і назваў гэта дасягненнем «у цяперашніх умовах». Пры гэтым ён прызнаў правал планаў па абмежаванні тэмпаў гадавой інфляцыі ў межах 5%, пішуць banki24.by.
Паводле афіцыйнага прагнозу на 2020 год улады збіраліся абмежаваць гадавую інфляцыю ў снежні на ўзроўні 5%. Аднак ужо ўвосень прагноз фактычна праваліўся: за 10 месяцаў статорганы зафіксавалі рост коштаў на 5,4%, за 11 месяцаў — на 6,1%. У лістападзе інфляцыя ў параўнанні з 2019 годам склала 6,6%.
Па папярэдніх дадзеных, у снежні усё стала толькі горш. Гадавая інфляцыя забралася вышэй за 7%, што з’яўляецца максімальным паказчыкам за 47 месяцаў. Такім хуткім рост коштаў не быў з зімы 2017 года.
Што ж магло стаць прычынай разгону інфляцыі ў спажывецкім сектары? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў пастанове Саўміна №802. Дакумент быў прыняты 31 снежня, але афіцыйнае апублікаванне адбылося толькі 12 студзеня. Згодна з пастановай быў значна адкарэктаваны ўверх ліміт дырэктыўнага крэдытавання эканомікі. Урад замацаваў, што банкі могуць выдаць за 2020 год ажно 2,4 млрд BYN нярынкавых крэдытаў.
Цікава, што першапачаткова планавалася абнуліць выдачу дырэктыўных крэдытаў да 2020 года. Гістарычная дынаміка планаў па нярынкавым крэдытаванні была наступнай: 2016 год — 2,8 млрд BYN, 2017 год — 1,9 млрд BYN, 2018 год — 1,24 млрд BYN, 2019 год — 0,8 млрд BYN.
Праблемы пачаліся ў 2019-м, калі стала ясна, што крэдытная праграма з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця па факце завяршылася. Да канца таго года ўлады пашырылі ліміт да 0,984 млрд BYN. На 2020 год зацверджаны план выдачы нярынкавых крэдытаў склаў 740 млн BYN. Аднак па меры спаўзання дзяржсектара ў варонку крызіса планку хутка сталі задзіраць. Па выніку яна паднялася больш чым утрая.
Галоўны ўнёсак у рост дырэктыўнага крэдытавання далі крэдыты па рашэнні прэзідэнта.Адрэдагаваны план па такіх крэдытах павялічыўся да 1,809 млрд BYN. Мяркуючы па дадзеных банкаўскай статыстыкі, апошні буйны ўсплёск адбыўся ў кастрычніку, калі ў эканоміку ўлілі больш за 1 млрд BYN. Мабыць, гэта і паўплывала на паскарэнне інфляцыйных працэсаў.
Таксама характэрна, што асноўную масу нярынкавых крэдытаў прыпісалі не да Банка Развіцця, а да камерцыйных дзяржбанкаў. Квота БР склала ўсяго 765,2 млн BYN (менш за траціну), а астатняе ўзялі на сябе Беларусбанк, Белаграпрамбанк і Белінвестбанк. Падобны падыход крытыкаваў Нацбанк, бо пры стварэнні Банка Развіцця меркавалася, што ён возьме на сябе ўсе дырэктыўныя лініі.
Што будзе з інфляцыяй ў 2021 годзе? Як мінімум у першым квартале нічога добрага. Будзе дзейнічаць комплекс негатыўных фактараў — нізкая база 2020 года, рэшткавыя эфекты ад бурнага крэдытавання ў 4 квартале 2020-га і павелічэнне ставак падаткаў з 1 студзеня (асабліва ПДВ).
У прагноз чыноўнікаў на бягучы год запісаныя тыя ж 5% інфляцыі, што і ў 2020-м. І ўжо з самага пачатку 2021-га гэты ўзровень пачынае здавацца ўсё менш дасягальным.