Рэальныя грашовыя даходы беларусаў рэкордна ўпалі

Рэальныя наяўныя грашовыя даходы жыхароў Беларусі (за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, з улікам інфляцыі) за студзень—кастрычнік 2016 года знізіліся на 7,3% у параўнанні з аналагічным леташнім паказчыкам, паведаміў Белстат. Гэта самае значнае падзенне за апошнія 22 месяцы.

Фота 1ul.ru

Фота 1ul.ru


У цэлым даходы насельніцтва падаюць з 2015 года. Што тычыцца 2016 года, то ў студзені зніжэнне склала 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені—лютым — 6,4%, студзені—сакавіку — 6,5%, студзені—красавіку — 6,8%, студзені—маі, студзені—чэрвені і студзені—ліпені — 7%, студзені—жніўні — 7,1%, студзені—верасні — 7,2%.
Між тым Мінэканомікі раней чакала, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2016 года знізяцца на 1,5% да адпаведнага перыяду 2015 года, у першым паўгоддзі будуць на леташнім узроўні, а па выніках дзевяці месяцаў — вырастуць на 0,1%, па выніках года — на 0,5%.
17 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску для расійскіх журналістаў Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў аб неабходнасці павелічэння заробкаў у валютным эквіваленце да 500 долараў. "У 2017 годзе — памерці, але трэба выйсці на 500 долараў... Я буду рабіць усё для таго, каб мы выйшлі на 500", — падкрэсліў ён.
У сваю чаргу міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, адказваючы ў канцы лістапада на пытанні журналістаў, заявіў, што павышэнне сярэдняга заробку да 500 долараў у наступным годзе — "гэта вельмі цяжкая задача".
На думку экспертаў, рост даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах будзе невялікім. "У гэтай пяцігодцы можна разлічваць на вельмі сціплы рост даходаў насельніцтва пры адсутнасці эканамічных рэформаў. І нават калі яны адбудуцца, эфект мы адчуем няхутка, так што і ў гэтым выпадку прарываў у частцы павелічэння даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах чакаць не варта", — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
"У 2016—2020 гадах мяркуецца, што эканоміка будзе расці на лічаныя працэнты. Ніякіх рэсурсаў, каб павышаць даходы насельніцтва больш хуткімі тэмпамі, у дзяржавы сёння (ва ўмовах значных выплат па ўнутраных і знешніх даўгах) няма", — мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Згодна з ацэнкай Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, павелічэнне ў 2017 годзе сярэдняй заработнай платы ў Беларусі да 500 долараў малаверагоднае, паведаміў раней у інтэрв'ю БелаПАН дырэктар праектнай групы па фінансавых крэдытах ЕФСР Алішэр Мірзоеў. "З нашага пункту гледжання, дасягненне пастаўленай мэты з'яўляецца малаверагодным пры ўмове захавання абвешчанага прынцыпу павышэння заработнай платы суразмерна росту прадукцыйнасці працы", — сказаў ён.
Зыходзячы з гэтага прынцыпу, адзначыў Мірзоеў, выхад на заработную плату ў 500 долараў запатрабуе росту прадукцыйнасці працы прыкладна на 33% па наяўным валютным курсе, што ў 2,5 разу перавышае вынікі рэкорднага 2004 года.
Марына Носава, БелаПАН