Рэальныя зарплаты ў Беларусі абагналі расійскія

Памер рэальных заробкаў у Беларусі ў доларах з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці перавысіў расійскія. 

Фота: Віктар Драчоў / ТАСС

Фота: Віктар Драчоў / ТАСС

Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на даследаванне Інстытута сацыяльнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі (ВШЭ).
Па падліках экспертаў, у Беларусі рэальная заработная плата ў тэрмінах парытэту пакупніцкай здольнасці валют (ППЗ, ураўноўвае спажывецкія здольнасці валют розных краін) у 2017 годзе складала 1602,6 долара, а ў Расіі — 1550 долараў. У той жа час, па намінальным курсе расійскія зарплаты апынуліся вышэйшыя за беларускія. У 2017 годзе сярэдняя заработная плата ў РФ, пералічаная па абменным курсе, складала 671 долар ЗША, а ў Беларусі — 421,9 долара.
У 2011-2014 гадах Расія яшчэ стабільна абганяла Беларусь па ўзроўні заробкаў, як бачна з разлікаў ВШЭ. Але паступова адрыў скарачаўся: так, у 2011 годзе ён складаў $338, а ў 2014-м — $ 95. Па выніках 2015 года (першага пасля дэвальвацыі рубля) Беларусь вырвалася наперад: сярэдняя зарплата ў тэрмінах ППЗ у ёй склала $1556, а ў Расіі — $1530. Хоць у 2016 годзе Расія зноў вярнула свае пазіцыі (1561 долараў супраць 1517 долараў), годам пазней Беларусь зноў апярэдзіла яе, хоць і нязначна — разрыў у 8 долараў стаў мінімальным за гэты перыяд (дэнамінацыя ў Беларусі ў 2016 годзе ўлічаная ў разліках).
Як адзначыў у гутарцы з РБК навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук, у 2017 годзе ў Беларусі сапраўды быў зафіксаваны рост рэальных заробкаў, хоць і не радыкальны (па дадзеных Белстата, ён склаў 7,5% да папярэдняга года ). «Пік рэальных заробкаў прыйшоўся на сярэдзіну 2014 года, потым яны зніжаліся на працягу трох гадоў, пакуль не аднавілі [рост] у мінулым годзе, прыкладна з другога квартала», — сказаў эксперт, адзначыўшы, што дынаміка заробкаў па ППЗ мае свае асаблівасці і можа адрознівацца.