Сілавікі супраць банкіраў: ці можна спыніць інфляцыю на «раз-два»?

«Звычайнаму беларусу» варта параіць уважліва сачыць за перастаноўкамі ва ўладзе. Калі Калаур усё ж пакіне сваю пасаду, гэта будзе выключным знакам: трэба купляць валюту. Але, верагодна, тады бегчы за валютай будзе ўжо позна.

czyhunka__ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo__1_.jpg


Зазвычай я са скепсісам стаўлюся да чутак і «зліваў», якія іншым разам даходзяць праз «інфармаваныя крыніцы». Але гэтым разам першая частка ўжо спраўдзілася. Пра магчымую адстаўку Андрэя Жышкевіча з пасады старшыні праўлення «Банка развіцця» мне казалі за тыдзень да таго, як яна адбылася.
Замест Андрэя Жышкевіча, які раней узначальваў «МТБанк», прыйшоў ужо былы намеснік старшыні «Беларусбанка» Аляксандр Ягораў. Новага кіраўніка банка калектыву прадставіў сам прэм’ер Раман Галоўчанка. «Наглядальны савет банка прыняў рашэнне аб прызначэнні Аляксандра Ягорава на пасаду старшыні праўлення. Прызначэнне ва ўстаноўленым парадку ўзгоднена з кіраўніком дзяржавы», — сказаў Галоўчанка.
Ягораў, які раней займаў пасаду намесніка старшыні «Беларусбанка», прыступіў да выканання сваіх абавязкаў ужо з 9 сакавіка.

Інсайд

Некаторыя крыніцы, напрыклад «Агенцтва фінансавых навін», звязалі гэтыя кадравыя ратацыі з тым, што Жышкевіча лічылі «чалавекам Сяргея Румаса». Сапраўды, змена кіраўніка «Банка развіцця» адбылася пасля серыі навін пра самога Румаса, а таксама пасля паведамленняў наконт далейшага развіцця справы ў сферы дрэваапрацоўкі.
Аднак у банкаўскіх колах ходзяць іншыя чуткі. Кажуць, што змена кіраўніка «Банка развіцця» — гэта першае звяно ў ланцужку адставак і перастановак, што ў канчатковым выніку прывядзе да вызвалення ад пасады Паўла Калаура — старшыні Нацбанка, які, паводле тых жа чутак, сам даўно просіцца ў адстаўку. Нібыта адзін з намеснікаў Калаура будзе адпраўлены на вакантную пасаду ў «Беларусбанк», сам Калаур сыдзе ў адстаўку, а месца старшыні Нацбанка зойме «чалавек Галоўчанкі». Таго самага Галоўчанкі, які казаў, што няма нічога дрэннага ў «двухзначнай інфляцыі», а калі інфляцыя не перасягне 10% — гэта будзе наогул добра. І які заяўляе, што «своечасова аказаная дзяржпадтрымка дазваляе развіваць і ўмацоўваць прадпрыемствы краіны».
То-бок, цяпер Галоўчанка праводзіць палітыку, практычна процілеглую той, якую праводзяць Калаур і Нацбанк, — апошнія імкнуцца ні ў якім разе не дапусціць уключэння друкарскага станка.

Тлумачэнне «замарозкі цэн»

Зрэшты, чуткі пра адстаўку Калаура ходзяць досыць даўно і безвынікова. Але цяпер яны атрымалі некаторае пацвярджэнне ў выглядзе чаканай адстаўкі Жышкевіча.
Варта адзначыць, што і «Банк развіцця», і «Беларусбанк» займаюцца, у прынцыпе, адным і тым жа. Яны даюць крэдыты прадпрыемствам на мадэрнізацыю, на «падтрыманне штаноў» — і часцяком спісваюць гэтыя крэдыты «па законах ваеннага часу», не атрымліваючы вяртання выдадзеных сродкаў. Толькі нядаўна «Беларусбанку» было загадана спісаць даўгі пяці прадпрыемствам на агульную суму каля 7 мільёнаў долараў. А «Банк развіцця» ў чарговы раз заняўся звыклай усім нам «мадэрнізацыяй», абвясціўшы конкурс на інвестпраекты «па будаўніцтве, у тым ліку рэканструкцыі, малочнатаварных ферм з аказаннем дзяржаўнай падтрымкі крэдытаатрымальнікам».
Замену Жышкевіча на Ягорава можна лічыць заменай «шыла на мыла». Але калі гэты «ланцужок перастановак» працягнецца ў адпаведнасці з інсайдарскай інфармацыяй, то нас чакаюць даволі цяжкія выпрабаванні. Праўда, мы праз іх ужо праходзілі, але яшчэ раз наступаць на тыя ж граблі ну ніяк не хочацца.
Па схеме «адстаўкі Калаура» становіцца зразумелым дзівоснае рашэнне ўрада па пашырэнні пераліку «сацыяльна значных» прадуктаў, лекаў і тавараў медыцынскага прызначэння, а таксама забарона павышаць цэны на гэтыя тавары больш чым на 0,2% у месяц — нашумелая пастанова ўрада №100, якую большасць эканамістаў назвалі вялікім глупствам, што вядзе да стварэння дэфіцыту і, фактычна, «забойства» прамысловых і перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Пры гэтым працягнулася інфармацыйная «артпадрыхтоўка». Напрыклад, кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў 1 сакавіка заявіў, што разам з іншымі органамі КДК займаецца яшчэ маніторынгам цэн, і адзначыў: «У большасці сваёй цэны пайшлі ўніз». Паводле яго слоў, гэта адбылося яшчэ да таго, як Саўмін прыняў пастанову, якая абмяжоўвае штомесячнае павышэнне цэн па 60 пазіцыях.
У той жа час КДК займаецца і кантролем дзейнасці Нацбанка. І адносна рэгулятара той жа Герасімаў сказаў: «Меры, што прымаюцца Нацыянальным банкам па рэсурснай падтрымцы эканомікі, пакуль недастатковыя для забеспячэння зададзеных параметраў эканамічнага росту. Лічым мэтазгодным паказаць Нацыянальнаму банку на неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння з урадам па забеспячэнні эканамічнага росту».
Тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску» пракаментаваў гэтыя словы проста: «Дарога на эмісійнае крэдытаванне эканомікі адкрытая».
Узнікае ўражанне, што «сілавікі» ва ўладзе — Галоўчанка і Герасімаў, — вырашылі прадэманстраваць кіраванне эканомікай у звыклым вайсковым стылі: «Сяржант, спыніце цягнік! — Цягнік, стой, раз-два!» Рашэнне ўрада аб «замарозцы росту цэн» — гэта той самы загад цягніку стаяць. Зразумела, што за месяц нічога не абваліцца, хоць ужо цяпер прадуктаў у крамах стала менш. Але такім чынам «сілавікі» вырашылі прадэманстраваць, што «спыніць» інфляцыю можна і ў прымусовым парадку. А значыць, можна патрабаваць прыбраць Калаура і ажыццявіць сваю мару — уключыць друкарскі станок для абяцанага «павышэння ўзроўню даходаў насельніцтва» і «мадэрнізацыі і індустрыялізацыі краіны». Менавіта пра «індустрыялізацыю» краіны марыць Галоўчанка.

Сігналы з усіх бакоў

«Вайскоўцаў ва ўрадзе» можна зразумець. У той час, калі галоўнай задачай стала ўтрыманне ўлады Лукашэнкі любым шляхам і спосабам, эканоміка ператварылася ў галоўнага ворага. Прычым, законы эканомікі не можа аспрэчыць нават беларускі суд, а ВУП не адлупцуеш дубінкай. І калі прадпрыемства «лягло», загадам устаць яго не падымеш.
А тут яшчэ злева і справа паступаюць трывожныя сігналы. Рабочым цэментнага завода ў Ваўкавыскім раёне не плацяць заробкі — няма грошай. На ААТ «Нафтан», аказваецца, практычна цалкам адсутнічаюць абаротныя сродкі — з-за гэтага ён не можа фінансаваць будаўніцтва этылен-прапіленавай устаноўкі на «Паліміры», які ўваходзіць у згаданае ААТ. А калі не пабудаваць устаноўку, гэта можа прывесці да поўнага спынення «Паліміра» ўвогуле. Таму трэба аднекуль узяць аж паўмільярда долараў. І гэта — пасля маштабнай «мадэрнізацыі», якую нібыта прайшоў «Нафтан».
Наогул, дэфіцыт абаротных сродкаў назіраецца ў 54,7% прадпрыемстваў — па-простаму гэта азначае, што гэтым прадпрыемствам складана выплачваць заробак. Пра затрымкі заробкаў паведамілі з Мінскага хладакамбіната №2, заробак за люты затрымалі ў «Метрабудзе», і нават у РУП «БелЭЗ», што належыць Упраўленню справамі прэзідэнта і займаецца абслугоўваннем аб’ектаў асаблівага дзяржаўнага значэння (Палаца Незалежнасці, Дом урада, рэзідэнцый) усіх ІТР у лютым прымусілі напісаць на 4 дні «за свой кошт», каб знізіць выдаткі.
Дый яшчэ і калегі «падарунак» падкінулі. Па законе «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2021 год» Мінфін прадугледжваў дэфіцыт у памеры 4,047 мільярда рублёў. Але літаральна праз месяц працы той жа Мінфін апублікаваў удакладнены план па бюджэтным дэфіцыце. Цяпер улады думаюць, што ў рэспубліканскім бюджэце ўтворыцца «дзірка» памерам у 5,610 мільярда рублёў — гэта значыць, на паўтара мільярда больш, чым лічылі раней.
Таму «прыгожа» разруліць сітуацыю можна, толькі калі ўключыць друкарскі станок і раздаць грошы, якія яшчэ пахнуць друкарскай фарбай, насельніцтву і прадпрыемствам. Гэты крок, цалкам магчыма, прадухіліць сацыяльны выбух — цяпер. Але потым горача адгукнецца — у стылі 2011 года — у будучыні.
Уключэнню друкарскага станка, як ужо неаднаразова гаварылася, пакуль перашкаджае палітыка Нацбанка на чале з Калаурам. Яны таксама не хочуць паўтору 2011, 2014 і іншых гадоў. Пакуль Нацбанк адбівае ўсе атакі — і робіць у той сітуацыі, якая склалася, што можа. А калі Калаура, у адпаведнасці з чуткамі, усё ж такі адставяць з пасады старшыні Нацбанка і на яго месца паставяць «чалавека Галоўчанкі»?

Нічога добрага

Калі чуткі спраўдзяцца, нават з кульгаючай валютнай і інфляцыйнай стабільнасцю ў Беларусі давядзецца развітацца. Напаўненне эканомікі «пустымі» грашыма мы праходзілі не раз. У выніку праз некалькі месяцаў пасля такіх інтэрвенцый фінансавая сістэма падала, і падымацца ёй даводзілася ўсё цяжэй. Але варта ўзгадаць, за кошт чаго мы вылазілі з крызісаў — за кошт замежных стабілізацыйных крэдытаў. А ва ўмовах сённяшняй палітычнай сітуацыі «крэдытны» пад’ём нам больш не дасяжны.
«Сілавікі» вырашаюць пастаўленую задачу па захаванні ўлады «тут і цяпер», нават не прагназуючы, што будзе потым. У выніку мы маем шанец скаціцца ў такі крызіс, у параўнанні з якім 1990-я гады, якімі нас так палохалі, пададуцца кветачкамі.
«Звычайнаму беларусу» варта параіць уважліва сачыць за перастаноўкамі ва ўладзе. Калі Калаур усё ж пакіне сваю пасаду, гэта будзе выключным знакам: трэба купляць валюту. Але, баюся, што тады бегчы за валютай будзе ўжо позна.