Улады падрыхтавалі стратэгію кіравання дзяржсектарам

Стратэгія закліканая забяспечыць максімальны прыбытак ад выкарыстання дзяржмаёмасці ў інтарэсах дзяржавы і грамадства.

Фота Thinktanks.by

Фота Thinktanks.by


Паводле інфармацыі БелаПАН, праект дакумента прадугледжвае, што кіраванне стратэгічна значнымі арганізацыямі будуць па-ранейшаму ажыццяўляць міністэрствы і канцэрны. У той жа час мяркуецца "разумная цэнтралізацыя ў адным дзяржаўным органе" функцый уласніка па кіраванні дзяржпрадпрыемствамі. На першым этапе такія функцыі будзе выконваць Дзяржаўны камітэт па маёмасці. У наступным плануецца стварыць Нацыянальны фонд кіравання актывамі, якому могуць быць перададзеныя ў кіраванне стратэгічна значныя арганізацыі.
Акрамя таго, праект стратэгіі прадугледжвае правядзенне шэрагу мерапрыемстваў у сферы прыватызацыі. Згодна з дакументам да прыватызацыі могуць быць прапанаваныя малыя і сярэднія арганізацыі, пакеты акцый гаспадарчых таварыстваў у памеры да 50% статутнага фонду з сярэдняй колькасцю работнікаў да 100 чалавек. Дапускаецца прыватызацыя неплацежаздольных арганізацый, а таксама пакеты акцый арганізацый з дзяржаўным удзелам да 25% з дапамогай іх рэалізацыі на беларускай біржы.
Да прыватызацыі могуць быць прапанаваныя і буйныя прадпрыемствы, якім патрабуецца стратэгічны інвестар. Умовы продажу такіх дзяржактываў плануецца "ўвязаць з патрабаваннямі па іх развіцці".
Улады разлічваюць, што гэтыя меры "дазволяць забяспечыць правядзенне структурных пераўтварэнняў і развіццё эканомікі".
Незалежныя эксперты, аднак, мяркуюць, што прадугледжаныя стратэгіяй меры не змогуць павысіць эфектыўнасць сістэмы кіравання дзяржсектарам і прывесці да структурных рэформаў у эканоміцы.
"Сённяшнія падыходы ўладаў да рэформаў прадугледжваюць толькі касметычныя змены", — зазначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера "Альпары" Вадзім Іосуб. На яго думку, гэта пацвярджае адсутнасць планаў па карэнным пераглядзе сістэмы кіравання дзяржсектарам.
"Калі камерцыйныя дзяржарганізацыі застаюцца падведамаснымі міністэрствам і канцэрнам, гэта азначае, што па-ранейшаму да дзяржпрадпрыемстваў могуць даводзіцца розныя адвольныя паказчыкі, мэта якіх — зусім не заўсёды рост эфектыўнасці. Указанні па росце экспарту, аб'ёмаў вытворчасці, забеспячэнні занятасці могуць супярэчыць мэце павышэння прыбытковасці дзяржсектара", — лічыць Іосуб.
Для павышэння эфектыўнасці беларускай эканомікі неабходна аптымізаваць долю дзяржсектара, аднак вышэйзгаданая стратэгія адпаведных арыенціраў не прадугледжвае, адзначаюць аналітыкі.
"Галоўны выклік для Беларусі сёння — празмерна разадзьмуты дзяржсектар. Яго глыбокае пранікненне ў эканоміку прыводзіць да падаўлення прыватнай ініцыятывы. У той жа час дзяржава сёння акцэнтуе ўвагу на тым, што праблема не ў маштабах дзяржсектара, а ў неэфектыўным яго кіраванні", — мяркуе навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
На яго думку, у Беларусі існуе палітычная ўстаноўка — забяспечыць эфектыўную працу дзяржсектара, нічога карэнным чынам не змяняючы. У той жа час улады разумеюць, што для выканання даўгавых абавязацельстваў краіне патрэбныя рэсурсы МВФ, які настойвае на глыбокіх рэформах.
"У выніку ўзнікае казуістыка, калі канкрэтныя крокі па рэфармаванні эканомікі падмяняюцца другараднымі мерамі, якія падаюцца як гатоўнасць праводзіць структурныя змены ў эканоміцы. Па сутнасці, мы назіраем імітацыю рэформаў", — заявіў Дзмітрый Крук.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН