
Сп. У.У. Макею,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
220016, г. Мінск,
вул. К. Маркса, 38
Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!
Таварыства беларускай мовы вельмі непакоіць той факт, што згодна з пастановай прэзідыума НАН Беларусі ад 28 красавіка 2012г., акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы
далучаецца да акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ), а потым на іх базе будзе створаны Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Айчынныя і замежныя моваведы і літаратуразнаўцы непакояцца тым, што як асобная навуковая ўстанова ў нашай краіне знікне акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры, які займаецца фундаментальнымі
даследаваннямі ў галіне беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства. Спецыялістамі вышэйназванага інстытута падрыхтавана і выдадзена шмат грунтоўных знакавых прац, у тым ліку этымалагічны і
гістарычны слоўнікі, Атлас беларускай мовы і Дыялектны атлас беларускай мовы і іншыя.
Супрацоўнікі інстытута кваліфікавана вырашаюць грамадска значныя пытанні, звязаныя з геаграфічнымі назвамі, імёнамі і прозвішчамі людзей, выступаюць у якасці кампетэнтных кансультантаў для многіх
дзяржаўных арганізацый, а таксама для ўсіх грамадзян краіны ў розных сродках масавай інфармацыі. Толькі ў інстытуце ёсць спецыялісты, якія могуць вырашаць пытанні, звязаныя з блытанінай імёнаў і
прозвішчаў у афіцыйных дакументах, найперш у пашпартах.
Хацелася б ведаць, каму прыйшла ў галаву думка ліквідаваць адзіную ў нашай краіне навуковую ўстанову, якая аказвае сур’ёзную навуковую падтрымку шматлікім установам культуры і адукацыі. Да
прыкладу, у суседніх краінах Расіі і Украіне дзейнічаюць па некалькі ўстаноў такога накірунку. Нават у цяжкія пасляваенныя гады ў нас існавалі асобныя інстытуты мовы і літаратуры ў складзе АН БССР.
Невыпадкова віцэ-прэзідэнтам АН БССР быў класік беларускай літаратуры Якуб Колас, чарговы юбілей якога наша краіна святкуе сёлета.
Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!
Мы спадзяёмся, што з тэкстам нашага ліста азнаёміцца з Вашай дапамогай Кіраўнік нашай краіны і будзе знойдзена магчымасць захаваць акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба
Коласа як асобную структуру НАН Беларусі.
З павагай,
старшыня
ТБМ
Алег Трусаў