Адной нагой у СГА, або Хопіць даіць у вядро

На гэтым тыдні галоўная службовая асоба дзяржавы надавала асаблівую ўвагу сельскай гаспадарцы, што і не дзіўна, бо працягваецца бязлітасная і бескампрамісная бітва за ўраджай–2012. На гэтым фоне амаль незаўважна ідзе кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, сачыць за якімі ў Беларусь прыбылі першыя замежныя назіральнікі. І ўжо паспелі атрымаць «на арэхі».
 

Аляксандр Лукашэнка працягвае заставацца галоўным ньюсмэйкерам краіны. У той час, калі намалоты перавалілі за восем мільёнаў тон збожжа, самы час заняцца жывёлагадоўляй. Падчас рабочай паездкі ў Мінскую вобласць афіцыйны лідар нагадаў, што «задача рэканструяваць ці пабудаваць адзін малочна-таварны комплекс у кожнай гаспадарцы краіны да канца 2012 года застаецца нязменнай». Гэтую заяву пачулі ўсе, каго кіраўнік дзяржавы ўзяў з сабою ў тую паездку: чальцы ўраду, памочнікі прэзідэнта па абласцях, губернатары і намеснікі старшыняў аблвыканкамаў, якія адказныя за сельскую гаспадарку. Як паведамляе БелТА, «Аляксандр Лукашэнка правёў свайго кшталту практычныя заняткі і паказаў на канкрэтных прыкладах, а таксама патлумачыў, якімі мусяць быць сучасныя малочна-таварныя комплексы». І дадаў, што «сёння не ўсе адказныя асобы да канца разумеюць ягоныя патрабаванні, а таму пастаўленая задача выконваецца не ў поўным аб’ёме».
Можна сабе ўявіць, што адчулі тыя «адказныя асобы», якім адрасаваліся словы патрона. Дарэчы, рэканструкцыі «з улікам сучасных тэндэнцыяў развіцця малочнай жывёлагадоўлі» падлягаюць 1 200 малочна-таварных фермаў. «Малочна-таварныя фермы могуць быць трох відаў — прыкладна на 600, 800 ці 1000 галоў. Што тычыцца малакаправодаў, то яны, канешне, яшчэ застануцца, і не адзін год. Але ўжо сёлета трэба цалкам адысці ад даення ў вёдры», — адзначыў Лукашэнка. А чым жа будуць займацца даяркі? І застаецца толькі здагадвацца, колькі спатрэбіцца народных грошай на рэалізацыю пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач ва ўмовах, калі сельская гаспадарка і так з’яўляецца датацыйнай, паглынаючы штогод трыльёны бюджэтных рублёў.
Дарэчы, відаць, пад уражаннем ад наведвання Адкрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Дзяржынскі» (па словах былога профільнага міністра Васіля Лявонава, даволі моцнай гаспадаркі) кіраўнік Беларусі прызначыў яго генеральнага дырэктара Леаніда Зайца міністрам сельскай гаспадаркі. Але ж адна справа — кіраваць адной гаспадаркай, хоць і буйной ды прагрэсіўнай, і зусім іншая — уздымаць непад’ёмныя пласты галіны, якая недалёка адышла ад савецкіх метадаў дзейнасці ды існавання ўвогуле. Застаецца толькі пажадаць новаму міністру поспехаў у яго нялёгкай справе.
Тым часам 22 жніўня Расія стала паўнавартасным 156-м чальцом Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). А напярэдадні, 21 жніўня, на гэтую тэму выказаўся ўсё той жа кіраўнік Беларусі, кажучы пра неабходнасць нарошчваць прадукцыю жывёлагадоўлі. «Нас жыццё прымусіць. Мы заўтра ў СГА. Гэта Расія — гігант — туды бабахнулася. Вы што, хочаце сказаць, што мы адмяжуемся ад іх? Не. Мы самі там ужо адной нагою. Нам давядзецца канкураваць. І калі мы паперадзе планеты ўсёй бегчы не будзем, нам няма чым падстрахавацца: у нас няма ні нафты, ні газу, ні золата. Вось наша золата», — указаў Лукашэнка на малочна-таварную ферму.
Рыгоравіч ужо даўно выказваўся на тэму СГА: маўляў, уступленне туды Расіі не акажа негатыўнага ўплыву на беларускую эканоміку. Бо «рэзервы ў нас каласальныя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Праўда, падрабязна не ўдакладніў, што гэта за рэзервы.
Кіраўнік Беларусі дадаў, што Расія, уступаючы ў СГА, узяла на сябе абавязацельствы падтрымаць Казахстан і Беларусь. «Мы з Расіяй, і з Уладзімірам Пуціным, і з Дзмітрыем Мядзведзевым гэтае пытанне абмяркоўвалі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ягоныя словы ў нейкай ступені спраўджваў і міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў: «Спрыянне падключэнню да СГА Беларусі і Казахстана ёсць адным з важных складнікаў усяго нашага супрацоўніцтва ў Мытным саюзе, Адзінай эканамічнай прасторы».
А вось незалежныя эксперты больш стрыманыя ў сваіх ацэнках. Эканаміст, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін мяркуе, што ўступленне Расіі ў СГА прынясе Беларусі больш мінусаў, чым плюсаў. «З аднаго боку, пры ўступленні ў СГА Расія прыняла на сябе пэўныя абавязацельствы па паэтапным зніжэнні мытаў, якія аўтаматычна распаўсюджваюцца на нашу краіну як удзельніцу адзінай мытнай прасторы, — адзначае эксперт. — З іншага боку, краіны-чальцы СГА могуць у любы момант уводзіць абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі. Гэта і антыдэмпінгавыя расследаванні, і ўвядзенне квот датычна асобных таварных груп, і павышаныя ўвазныя мыты. Беларусь атрымала дзіўны статус — усе абавязкі чальца СГА, але ніякіх правоў».
Пра тое, што ў Беларусі ідзе парламенцкая выбарчая кампанія, сведчаць хіба што рэкі бруду на адрас апазіцыі, што льюцца з тутэйшых тэлеканалаў, ды хіба што прыезд у Мінск першых еўрапейскіх назіральнікаў — 21 жніўня ў Мінск прыбыла тэхнічная група назіральнікаў ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДіПЧ АБСЕ). Нешматлікія сціплыя пікеты за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты альбо за байкот выбараў у залік спакойна можна не браць.
Дык вось, пра еўрапейскіх назіральнікаў. Не паспелі тыя ступіць на беларускую зямлю, як у іх бок ужо паляцелі стрэлы. Прычым з самога палітычнага «верху». Яшчэ на сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым Аляксандр Лукашэнка выказаў непрыхаванае незадавальненне, калі не сказаць абурэнне, прызначэннем старшынёй місіі назіральнікаў за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ад Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы італьянца Матэа Мекачы — кіраўніка камітэта па правах чалавека ПАСЕ. Нават паабяцаў зрабіць нейкія захады ў адказ.
А 22 жніўня ўжо старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня» заявіла: «Дэмакратыя БДіПЧ АБСЕ — вельмі добра арганізаваная бюракратыя пры нейкай гульні з грамадскасцю і сродкамі масавай інфармацыі». «Гэта страшная рэч, ёй супрацьстаяць немагчыма. Яна знішчае любога, хто трапляецца на яе шляху, вось гэтай сваёй агульнай кансалідаванасцю», — падкрэсліла Ярмошына. Проста дзіўна, як жа ж кіраўнічка ЦВК жывой вярнулася са сталіцы Аўстрыі Вены, куды ездзіла на семінар па назіранню за выбарамі — з мерапрыемства, ладжанага гэтай «жахлівай» АБСЕ. Прычым, нават не будучы ўязной у краіны Еўрапейскага саюза.
Файны пачатак для назіральнай місіі еўрапейцаў. І шматабяцальны. Прычым для ўсёй парламенцкай кампаніі.