Алена Анісім: актывістамі ТБМ распрацаваны беларускамоўны варыянт Правілаў дарожнага руху, які прайшоў навуковую экспертызу

Актывістамі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распрацаваны беларускамоўны варыянт Правілаў дарожнага руху, які прайшоў экспертызу ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пра гэта 8 снежня ў сталічнай штаб-кватэры ТБМ на пасяджэнні “круглага стала паведаміла першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання Алена Анісім.



85d6e9c8255c0364fb67b5ac8a25eea3.jpg

Актывістамі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распрацаваны беларускамоўны варыянт Правілаў дарожнага руху, які прайшоў экспертызу ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пра гэта 8 снежня ў сталічнай штаб-кватэры ТБМ на пасяджэнні “круглага стала паведаміла першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання Алена Анісім.
Паводле яе слоў, праца над перакладам правілаў пачалася ў ТБМ напрыканцы верасня, пасля таго, як усе афіцыйныя структуры адмовіліся гэта рабіць. “Правілы дарожнага руху — гэта той дакумент, якім карыстаюцца абсалютна ўсе грамадзяне краіны, у тым ліку дзеці рознага ўзросту, пешаходы, веласіпедысты і кіроўцы. Але калі рускамоўныя грамадзяне маюць такі дакумент, то беларускамоўныя — не маюць, што сведчыць аб выразнай дыскрымінацыі людзей па моўнай прыкмеце, — сказала Анісім.
Яна паведаміла, што маладыя сталічныя навукоўцы Святлана і Юрась Гецэвічы, якія па сваёй уласнай ініцыятыве працавалі над гэтай тэмай, палічыўшы яе важнай і актуальнай, звярнуліся да кіраўніцтва грамадскага аб’яднання. Такім чынам, у беларускамоўнай версіі правілаў, падрыхтаванай ТБМ, улічаны напрацоўкі грамадскасці, сказала Анісім.
Паводле яе слоў, 8 лістапада праект перакладу дакумента быў накіраваны ў акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры. І заўвагі навукоўцаў былі ўлічаныя, падкрэсліла Анісім. Паводле яе слоў, гэта звязана з тым, што дакумент павінен быць вельмі якасным і бездакорным з пункту гледжання патрабаванняў тэрміналагічнай лексікі. Разам з тым, як паведаміла Анісім, нядаўна ТБМ атрымала адказ ад упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў з інфармацыяй пра тое, што Правілы дарожнага руху ўжо перакладзены на беларускую мову Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі, і неафіцыйная версія перакладу апублікаваная на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала pravo.by. На гэтым электронным адрасе, як адзначаецца ў лісце, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі анансаваў працэс грамадскага абмеркавання неафіцыйнай версіі дакумента з мэтай унясення канструктыўных заўваг і прапаноў, накіраваных на паляпшэнне зместу перакладу.
“Мы лічым мэтазгодным супрацоўнічаць і ў бліжэйшыя дні перададзім грамадскую беларускамоўную версію правілаў Нацыянальнаму цэнтру прававой інфармацыі і ва ўпраўленне ДАІ, — заявіла Анісім.
Паводле яе слоў, зараз вельмі важна афіцыйна зацвердзіць распрацаваны праект беларускамоўных Правілаў дарожнага руху, каб ўсе тэрміны, якія закладзены ў гэты дакумент, можна было з поўным правам выкарыстоўваць у перакладах іншых дакументах, тым больш, што ТБМ падрыхтавала канспект па вывучэнню Правілаў дарожнага руху на беларускай мове, а таксама плануе падрыхтаваць матэрыялы для беларускамоўнага экзамену на правы кіроўца.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў падкрэсліў, што менавіта ініцыятыва грамадскасці прымусіла дзяржаўныя структуры зрабіць пераклад правілаў на беларускую мову. Ён паведаміў, што кіраўніцтва грамадскага аб’яднання будзе звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб беларускамоўная версія Правілаў дарожнага руху была зацверджана ўказам галавы дзяржавы. Акрамя таго, паводле яго слоў, ТБМ будзе дабівацца, каб гэты дакумент і дадаткі да яго былі выдадзены па-беларуску, а ўсе новыя версіі правілаў рабіліся з удзелам лінгвістаў акадэміі навук адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах — беларускай і рускай.