Аляксандр Ярашук: Нас чакаюць гарачыя часы
Ці сціхлі страйкі? Ці можа на новым этапе да іх далучыцца сярэдні ды буйны бізнес? Што даюць выступы і звальненні асобных працоўных?
На гэтыя ды іншыя пытанні шукаў адказы на Радыё Рацыя старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук у гутарцы з Алісай Поль:
— Цяпер сітуацыя ў такім падвешаным стане. Што датычыць настрою людзей, то яны, адпаведна, такія ж, як і наогул настроі ў грамадстве. Была рэвалюцыя, а цяпер контррэвалюцыя. Не было гатоўнасці страйкаваць у жніўні і кастрычніку, калі быў другі заклік з боку Святланы Ціханоўскай.
Зараз таксама не выпадае казаць пра тое, што ёсць нейкая гатоўнасць. Але і не выпадае казаць, што ўсё быццам бы ўжо памерла. Нікуды яно не падзелася, людзі з гэтым жывуць, бо яны прайшлі праз фальсіфікацыі, жахі гэтых рэпрэсій, самі ды іх родныя. Канешне, тое, што адбываецца на шэрагу прадпрыемстваў, на “Беларуськаліі”, “Гроднаазот”, на іншых прадпрыемствах, калі людзі ўваходзяць у страйк, таксама не дазваляе заснуць.
Відавочна, гэта сведчыць пра тое, што такія настроі жывуць, але сапраўднае абуджэнне можна чакаць вясной. У многім гэта будзе звязана з тым, што эканамічная сітуацыя не будзе паляпшацца — гэта дакладна, яна будзе толькі пагаршацца.
Аляксандр Ярашук звярнуў увагу на тое, што заявы асобна ўзятых працоўных могуць адыграць большую ролю, чым страйкі на цэлым прадпрыемстве, паколькі цяпер мы жывём у час інфармацыйных тэхналогій.