«Беларусь паўстала, і цяпер беларусы самі пад акупацыяй»

Расія не выпусціла б з рабства паняволеныя народы, як толькі праз чарговую вайну, якая б адкрыла вочы тым, хто шчэ заставаўся сляпы, піша Зміцер Дашкевіч.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У гэтыя жахлівыя дні дазвольце сказаць вам адну банальнасць, адну заўвагу і адну прапанову.


Банальнасць

Пачну з банальнасці, якая многім была зразумела даўно, але некаторыя прыходзяць да яе толькі цяпер: па-іншаму Расія не выпусціла б з рабства паняволеныя народы, як толькі праз чарговую вайну, якая б адкрыла вочы тым, хто шчэ заставаўся сляпы. Бо калі людзі, якія чыталі кнігі па гісторыі, казалі, што Расія — гэта вайна, іх ніхто не хацеў разумець. Не разумелі ў 90-ых, не разумелі ў 2008-м пасля ўварвання ў Грузію, не разумелі нават у 2014-м пасля анэксіі Крыму і вайны на Данбасе. Ну, мо зразумеюць цяпер. Калі зразумеюць, тады стануцца вольнымі ад прарасійскай свядомасці, ад комплексаў малодшых братоў ці сясцёр — свабоднымі ад маскоўства ў галаве. Трагедыя, што для гэтага разумення мусяць ліцца рэкі крыві, але такая ўжо чалавечая існасць — на гісторыі вучыцца не хочам.

Заўвага

Шмат хто цяпер ва Украіне і некаторыя беларусы пішуць пра тое, што Беларусь — агрэсар, такі ці ледзь не такі ж, як Расія. Бясспрэчна, што тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца для атакі на любімы намі брацкі народ Украіны, за што нам прыкра і сорамна. Але ці не разумеюць каментатары, што беларусы самі пад акупацыяй? Ніхто ж не кажа: крымска-татарскі народ напаў на Украіну, бо яны самі пад акупацыяй, ці не так? Ніхто ж не кажа: Данбас напаў на Украіну, бо данбасаўцы самі пад акупацыяй, ці не так? Чаму тыя ж людзі, хто так не кажа, абвінавачваюць беларусаў? Каго вы абвінавачваеце? Тысячы тых, хто сядзіць без віны па турмах і дзясяткі тысячаў іх родных? Дзясяткі ці сотні тысяч тых, хто ў выгнанні? Ці вы абвіначваеце тых, хто застаўся і кожную раніцу чакае, ці арыштуюць? 

Калі ў кагосьці не хапае розуму зразумець, у якім тэроры цяпер жыве грамадства Беларусі, то ўявіце сабе наступную карціну. Менск, 1943 год, Беларусь пад акупацыяй. Тыя, хто вырваўся ў вольны свет, выдаюць улёткі: "Здраднікі, чаму не выходзіце на антываенныя пікеты?!" Ну, хай бы выйшлі на гітлерштрасэ і атрымалі кулю ў лоб і выраклі б сваю сям'ю на катаванне ў гестапа. Калі б Беларусь не паўстала супраць акупацыі, калі б мы мірна і спакойна гулялі па нашых праспектах, то гэта была б праўда. Але Беларусь паўстала, і цяпер беларусы самі пад вайсковым становішчам, самі пад акупацыяй.

Прапанова

І калі ў каго шмат нахнення і энергіі, то я пераходжу да прапановы, куды гэтую магутную сілу накіраваць. Бярыце прыклад з лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і рэдактара "Новай Газеты" Дзмітрыя Муратава, які пасля афіцыйнага нападу Расіі на Украіну надрукаваў сваё выданне па-ўкраінску. Нацыянальная мова акупанаванага ці паняволенага Расіяй народу — гэта наша самая надзейная і самая беспечная зброя за свабоду. Карыстайцеся ёю штодня і паўсюль — і ніхто не прыйдзе вызваляць "рускагаварашчых саацечэствіннікаў". А найперш бярыце прыклад з Ісуса Хрыста, Які заклікае заўсёды маліцца і абяцае нам: "Калі будзеце мець веру і скажаце гары гэтай: "Будзь узятая і кінутая ў мора!" — станецца так". І сёння мы молімся за Украіну і кажам гэтай Бабілонскай гары: "Будзь узятая і кінутая ў мора, каб на табе ўжо ніколі не трымаліся злачынныя рэжымы ўсяго свету, каб гэта было тваё апошняе крывавае вывяржэнне".