Беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава пахаваюць у Варшаве. Аб'яўлены збор сродкаў
Беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава, які загінуў 26 сьнежня пад Вуглядарам, пахаваюць у Варшаве. Дата разьвітаньня яшчэ не вядомая.
У Варшаве цяпер жыве маці Эдуарда Марына Лобава, паведаміў
«Св*бодзе» паплечнік Эдуарда Аляксандар Малчанаў.
Як стала вядома, спачатку цела Эдуарда адвязуць у
горад Белая Царква побач з Кіевам, дзе знаходзіцца ягоная вайсковая частка. У
гэты час будуць рыхтаваць дакумэнты, каб транспартаваць цела ў Польшчу, і
атрымаць месца на могілках у Варшаве.
Абвешчаны збор сродкаў на пахаваньне. Грошы можна перавесьці
на рахунак маці Эдуарда. Рэквізыты:
Назва банка: Bank Millennium S.A.
IBAN: PL 751160 2202 0000 0003 6482 8385
SWIFT: BIGBPLPW
Уладальнік рахунку: MARYNA LOBAVA
Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе.
Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх
акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў быў пад Вуглядарам.
Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці
«Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й
асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.
У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады
пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога
Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.
У 2015 годзе Лобаў таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да
добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у
склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад
Марыюпалем. У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых
дзеяньнях: «Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо
калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей — і Беларусь, я
абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару сутак».
Нават пасля ад’езду
Эдуарда з краіны яго не пакінулі ў спакоі лукашэнкаўскія сілавікі. У 2016 годзе
ў мінскай кватэры былога палітзняволенага адбыўся ператрус.
«Я выходзіла выгульваць сабак, каля ліфта мяне чакалі тры
высокія мужчыны ў цывільным. Яны прад’явілі пастанову на ператрус, падпісаную
пракурорам у сувязі з тым, што супраць Эдзіка распачатая крымінальная справа за
ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне, — распавядала тады маці добраахвотніка. —
Мяне прымусілі вярнуцца ў кватэру. Зайшлі самі і прывялі панятых. Некалькі супрацоўнікаў засталіся ахоўваць уваход у кватэру.
Падчас ператрусу забралі два ноўтбукі — мой і майго мужа. Таксама працэсар (сістэмны блок) ад камп'ютара, некалькі флэшак і кнігу пра «Малады Фронт» і пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтар "В*сна"».
Тады ж у маці
Эдуарда сілавікі сілай з кішэні забралі мабільны тэлефон і парвалі куртку.