Экс-палітвязня Эдуарда Лобава шукаюць міліцыя і АБЭП

Маці актывіста лічыць, што, магчыма, на яго завялі новую крымінальную справу. Былы палітвязень і сустаршыня «Маладога Фронту» Эдуард Лобаў прыканцы ліпеня таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаюцца супраць расійскай агрэсіі.



6b5e770b_e420_4e1f_88fe_b1974b0d6e4f_w640_r1_s.jpg

Фота: svaboda.org
5 лістапада супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі прыходзілі на кватэру бацькоў Эдуарда Лобава.

Пра гэта карэспандэнту "Радыё Свабода" паведаміла маці былога палітвязьня Марына Лобава:

«Яны прыйшлі рана — у 7 гадзін 10 хвілін. Яны хацелі зайсці ў кватэру, але я іх не ўпусціла, бо яны не мелі ордэра. Я выйшла да іх у калідор. Гэта былі двое супрацоўнікаў. Яны патлумачылі, што прыйшлі наконт майго сына. Яны пыталіся, дзе мой сын, калі я яго бачыла апошні раз. Але я адмовілася даваць паказанні. Тады яны адмовіліся казаць, з якой нагоды шукаюць майго сына і па якім артыкуле. На гэтым мы развіталіся. Яны прапанавалі мне падпісаць пратакол аб адмове ад дачы паказанняў, але я адмовілася падпісваць. Пасля гэтага яны пайшлі».

Марына Лобава не змагла патлумачыць такую пільную цікавасць праваахоўных органаў да яе сына.

«Дагэтуль было зацішша, пакуль ішлі выбары. Напэўна, супрацоўнікі міліцыі былі занятыя, а цяпер у іх стала больш вольнага часу, і, падобна, пачалі хадзіць — учора і сёння. 4 лістапада былі з крымінальнага вышуку, Здзівілі, што шукаюць яны Эдуарда за злачынства па крымінальным артыкуле 206 (рабаванне). Таксама тэлефанавалі са следчага аддзелу. Ня ведаю, што будзе заўтра. Ня ведаю, чаму ходзяць такія розныя службы і пра такія цікавыя артыкулы кажуць», — сказала Марына Лобава.

Былы палітвязень і сустаршыня «Маладога Фронту» Эдуард Лобаў прыканцы ліпеня таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаюцца супраць расейскай агрэсіі.

Эдуард Лобаў уваходзіць у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сектару», які размешчаны пад Марыўпалем. Сваю будучыню актывіст звязвае з Беларуссю.

У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі паводле артыкула «Хуліганства» разам з лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 снежня 2014 году.