З Андрэя Бандарэнкі робяць «злоснага парушальніка»

Вязня сумлення Андрэя Бандарэнку перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу як «злоснага парушальніка рэжыму». Гэта вынікае з ягонага ліста, датаванага 20 кастрычніка.



andrej_bandarenka2.jpg

На гэты перыяд ён пазбаўлены права на спатканні, на атрыманне пасылак, перадач і нават на тэлефонныя званкі. Па заканчэнні адбыцця спагнання ў ПКТ, ён можа быць пераведзены на турэмны рэжым як асуджаны, «схільны да парушэнняў».

У сваім лісце Бандарэнка піша: «Сітуацыя за апошні час крута змянілася. З 5 кастрычніка я тыдзень правёў у ШІЗА (штрафным ізалятары), а цяпер апынуўся ў ПКТ. За гэты час на мяне навесілі кучу парушэнняў... Такі вось гуманізм у айчыннай пенітэнцыярнай сістэме».

За якія парушэнні яго перавялі ў ПКТ, і наколькі крытычныя і небяспечныя гэтыя парушэнні, Бандарэнка не напісаў.

Тым не менш, вязень перадае прывітанне ўсім, хто ў яго верыць, хто пра яго памятае. Ён вельмі перажывае за лёс Міхаіла Жамчужнага, сузаснавальніка «Платформы інавэйшн», якому пры пераглядзе прысуду ў Вярхоўным судзе дадалі яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Ён вельмі чакае дня вызвалення, калі можна будзе дзейнічаць і прад’явіць рахунак крыўдзіцелям.