Беларусы не змогуць пагуляць у новы Mortal Kombat
Кампанія «Warner Bros. Games» афіцыйна пацвердзіла, што іх новая гульня «Mortal Kombat 1» не будзе даступная на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

«Mortal Kombat 1» — камп'ютарная гульня ў жанры файтынг, якая распрацоўваецца студыяй «NetherRealm Studios» і выдаецца «Warner Bros. Games». Гэта дванаццатая частка ў асноўнай серыі Mortal Kombat. Выхад адбыўся 19 верасня 2023 года. А для тых, хто перадзамовіў гульню, яна стала даступнай 14 верасня 2023 года.
Ужо з гэтай даты гульцы з Расіі і Беларусі сутыкнуліся з тым, што ім былі адключаны сеткавыя функцыі. У сеціве хадзілі чуткі, што кампанія пасля афіцыйнага рэлізу можа дазволіць гульцам з Беларусі і Расіі карыстацца паўнавартаснай версіяй, але гэтага не адбылося.
«Warner Bros. Games» уваходзіць у лік кампаній, якія адмовіліся працаваць на рынках Беларусі і Расіі праз развязаную поўнамаштабную вайну супраць Украіны.
Нагадаем, што з Беларуссю з-за саўдзелу ў вайне адмовіліся працаваць такія гульнявыя сэрвісы, як «Steam» і «EA Online». Шматлікія распрацоўшчыкі гульняў паведамілі, што іх прадукты больш не будуць дасяжныя ў Расіі і Беларусі. Больш за тое, з Беларуссю спынілі працу і ўсе буйныя антывірусныя кампаніі.
Пры гэтым гульнявыя кампаніі рэагавалі не толькі на вайну ва Украіне, але і на маштабнае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі ў 2020 годзе.
Глядзіце таксама
