«Бери iPhone, пошли домой»

Жахлівыя гісторыі пра марадзёрства, гвалт і рабаванні расійскіх вайскоўцаў ва Украіне, вартыя хронік 17-18 стагоддзяў, чуў амаль кожны, хто хоць неяк цікавіцца тэмай вайны ў нашых суседзяў. Але ж трэба памятаць, што гэта ўсё ніяк не раптоўна і даволі чакана.

1648988932113569726.png


Мазырскае відэа з натоўпам людзей у форме, якія спяшаюцца хутчэй адправіць дадому нарабаванае, як ніякае іншае адлюстроўвае стан і адчуванні акупацыйных войскаў РФ. Так, яны сапраўды адчуваюць сабе акупантамі, то-бок часовай такой сілай, якая што паспела — тое ўхапіла. А яшчэ ж і дадому неяк трэба гэта адправіць. І вось тут у мяне ўзнікае пытанне — мяркуючы па іх даволі ненасычаных інтэлектам тварах і даволі бойкай працэдуры праходу афармлення дакументаў і потым, наступны, наступны... Рыхтаваліся ж! Паводле афіцэрскіх расповедаў, паводле вывучэння парадку запаўнення дакументаў. Рыхтаваліся і ведалі, што будуць гэта рабіць. На «паляванне» ехалі.

Ну а як жа ж? Яшчэ не так даўно, у часы Суворава, якому «да першай зоркі нельга», было негалоснае «першыя тры дні на рабавані і гвалт» войскам, бо трэба ж неяк супакоіць узрушаных у баях ваяроў. Яшчэ з часоў Рымскай імперыі гэта было нармальна, таму простыя людзі таго часу і хавалі жонак, дзяцей, каштоўнасці ў сутарэннях. Найбольш разумныя пакідалі частку золата і срэбра на палічках у дамах, каб захопнікі задаволіліся гэтым. Не тое што гэта было нейкім дзікунствам у тыя часы, але ж, паводле Ваярскага статута Пятра І, марадзёрства было кваліфікавана як «воинские преступления, как деяния, направленные против установленного порядка несения военной службы».

Далей, у 19 стагоддзі, а менавіта ў 1868 годзе, у артыкуле 275 Ваярскага статута за марадзёрства было прадугледжана і смяротнае пакаранне.

Вельмі цікава, што менавіта днямі ў Расіі дэкрыміналізавалі артыкул 266 «Марадзёрства». Менавіта сёння на гэта звярнулі ўвагу шмат блогераў, але акрываўленыя лядоўні і мікрахвалёўкі ўжо едуць да сваіх задаволеных мамак ды жонак.

Неяк так вось. Не тое каб я гэтаму ўсяму здзіўляўся, але ж да апошняга не верыцца, што людзі могуць быць настолькі пачварамі.

Страляць у патыліцу гаспадару, каб потым з усмешкай стырыць патэльню.

Згвалтаваць жанчыну і знесці мікрахвалёўку.

Забіць дзіця і ссыпаць у кішэню яго скарбонку.

Можа, і айфон у іх вёсцы бачаць толькі па тэлевізары. Старым такім. Дык і яго прыхапіць трэба. Каб лепей той айфон было бачна. А тое, можа, гэты не дойдзе, а іншы захапаць не паспее, бо забіць жа ж могуць.

Таму і гоняць танкі ды БМП з лядоўнямі, кандыцыянерамі ды айфонамі. Яны жыццё толькі па тэлевізары бачылі. Такі вось карга-культ. Будуць у іх айфоны ды лядоўні з тэлевізарамі — вось тады і зажывуць яны!

Усім на зайздрасць!

А як жа ж! Ратавальнікі свету з прыбіральняй на вуліцы...

P.S. Прыгадваю, як у 2020-2021 у Беларусі «аліўкі» ды «масліны» вельмі радаваліся, калі ў каго знаходзілі хоць нейкія грошы, якія потым ніколі і нідзе больш не з’яўляліся. Марадзёры Light Edition?