Без забеспячэння даступнасці нельга казаць ні пра якое іншае права

Сяргей Драздоўскі — дырэктар Офісу па правах людзей з інваліднасцю. Офіс месціцца ў Мінску, але туды па дапамогу можа звяртацца кожны беларус, чые правы былі парушаны праз яго інваліднасць.

inv.jpg

Цікавасць да правоў гэтай катэгорыі людзей для Сяргея Драздоўскага ляжыць і ў прафесійнай плоскасці, бо ён мае юрыдычную адукацыі, а таксама сам Сяргей перасоўваецца на інвалідным вазку. Ён распавядае пра тое, што такое ідэя даступнасці і чаму яна датычыцца не толькі асобных груп, але і ўсіх жыхароў краіны.
Паводле Сяргея Драздоўскага, даступнасць — гэта нават не права, гэта тое, што ляжыць пад правам. Без забеспячэння даступнасці нельга казаць ні пра якое іншае права?
То бок калі чалавек не мае доступу, то ён не мае доступу ні да якога права. І няправільна казаць, што гэта акалічнасць. Гэта база, на якой грунтуюцца ўсе астатнія правы. Канешне, для асобных катэгорый інваліднасці даступнасць — гэта ўвогуле яркае права. То бок для людзей, якія маюць паніжаны стан мабільнасці, якія не бачаць, не маюць слыху даступнасць з’яўляецца прамым правам.
Узгадаем даступнасць да правасуддзя — гэта таксама права, і калі ў дачыненні да астатніх людзей тэрмін «даступнасць» не гучыць, гучыць толькі: ёсць правасуддзе ці яго няма, то для чалавека з інваліднасцю: так, правасуддзе ёсць, але яно недзе там, да якога я не магу аніяк дабрацца. І ў гэтым праблема.
Паводле Радыё Рацыя