Беларусы зацікавіліся "Еўрапейскім дыялогам"


Апошняе апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў не толькі прынесла сенсацыйныя звесткі аб яўцы выбаршчыкаў на парламенцкія выбары, але таксама паказала, што сярод беларусаў зноў павялічылася колькасць прыхільнікаў еўраінтэграцыі.

Аднак, кажуць эксперты, пакуль рана гаварыць аб тым, што праеўрапейскія настроі — гэта доўгатэрміновы трэнд. У той жа час эксперты адзначаюць, што беларускія грамадзяне мала ведаюць пра ініцыятыву ЕС "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю", але нават 20% тых, хто мае аб гэтым уяўленне, — гэта ўжо пазітыўны знак.

Арэлі геапалітычных пераваг беларусаў зноў калыхнуліся ў бок Еўропы. Так, вынікі вераснёўскага апытання НІСЭПД зафіксавалі зніжэнне прарасійскіх і ўзмацненне праеўрапейскіх настрояў. За аб'яднанне з Расіяй выказаліся 36,2% апытаных, за далучэнне Беларусі да ЕС — 44,1% рэспандэнтаў (яшчэ ў чэрвені долі "беларосаў" і "еўрабеларусаў" складалі 43,6% і 39,8% адпаведна).

Аднак пры гэтым, як паказваюць звесткі апытання, беларусы мала ведаюць пра еўрапейскія ініцыятывы адносна Беларусі.

На пытанне: "Не так даўно Еўрасаюз аб'явіў пра пачатак новай праграмы "Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі". Яна прадугледжвае абмен поглядамі і ідэямі паміж ЕС і прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі аб неабходных рэформах у Беларусі, развіцці адносінаў з ЕС і магчымай падтрымцы Еўрасаюза. Ці ведаеце/чулі Вы што-небудзь пра гэтую праграму?"  адказалі “не — 79,1 %, “так — 20,9%.

Але адносна слабая дасведчанасць аб ініцыятыве ЕС "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю" не перашкодзіла рэспандэнтам ацаніць гэтую ідэю станоўча адноснай большасцю.

 Размеркаванне адказаў на пытанне: "А як Вы лічыце, ці патрэбна такая праграма Беларусі?" такое: “так — 40,3%; “не — 18,2%; “цяжка адказаць/ не адказалі — 41,5%.

Медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі адзначае, што гэта вельмі аптымістычныя звесткі. Хаця не выключае: частка рэспандэнтаў маглі гаварыць, што чулі пра гэтую ініцыятыву ЕС, мяркуючы, што такі адказ будзе прыемна пачуць інтэрв'юеру.

У цэлым жа, кажа Быкоўскі, звесткі апытання абумоўленыя тым, што рэальна ў беларускіх СМІ ёсць публікацыі на тэму "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі".

"Хаця я б не сказаў, што гэта публікацыі, якія тлумачаць, чым жа з'яўляецца гэты дыялог, — падкрэсліў Быкоўскі ў інтэрв'ю БелаПАН. — Хутчэй, размова ідзе аб тым, што, выкарыстоўваючы гэтую ініцыятыву, эксперты выказваюць сваю пазіцыю або пазіцыю сваіх аналітычных груп, партый, грамадскіх аб'яднанняў. Не факт, што звычайны чытач зверне ўвагу, што ўсё гэта адбываецца ў рамках дыялогу, але назва запамінаецца".

Пазітыўна Быкоўскі ацэньвае і тое, што большасць апытаных лічаць неабходнай і карыснай праграму мадэрнізацыі краіны. Аднак эксперт звяртае ўвагу на той факт, што гэтыя звесткі не дазваляюць зразумець, як менавіта рэспандэнты разумеюць "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі" — гэтак жа сама, як яго разумеюць у ЕС, або ўкладваюць іншы сэнс.

"Трэба правесці якаснае даследаванне або хаця б апытанне фокус-групы, каб зразумець, які сэнс у мадэрнізацыю ўкладваюць менавіта звычайныя беларусы, а не лідары меркаванняў, кіраўнікі ўжо ангажаваных у гэты дыялог арганізацый, — сказаў аналітык. — Пакуль можна строіць гіпотэзы. Магчыма, хтосьці разважае аб неабходнасці мадэрнізаваць эканоміку, хтосьці — аб тым, што нам патрэбна дэмакратыя. Сэнсаў можа быць вельмі шмат і вельмі розных".

Гаворачы аб тым, як яшчэ больш павысіць папулярнасць і пазнавальнасць мадэрнізацыйнага дыялогу, Быкоўскі назваў некалькі шляхоў.

"У свой час ЕС выдаў брашуру "Што Еўрасаюз можа даць Беларусі". Цяпер зноў можна рухацца такім шляхам. Ён дастаткова вядомы з пункту гледжання піяр-тэхналогій, але ў той жа час такі шлях ужо не вельмі сучасны", — сказаў эксперт.

Акрамя таго, можна таксама расказваць аб гэтай ініцыятыве праз сацыяльныя сеткі, праводзіць конкурсы. Ён нагадаў, што "Еўрарадыё", пачынаючы сваю працу, актыўна раскручвала сайт і радыёстанцыю з дапамогай конкурсаў аб веданні Еўропы, удзельнікі атрымлівалі прызы. Яны былі дастаткова сімвалічныя, але цікавасць, тым не менш, прысутнічала.

"Можна пайсці па шляху правядзення канферэнцый, а пра вынікі гэтых канферэнцый расказваць больш даступнай мовай, робячы акцэнт на тым, што менавіта можна мяняць з дапамогай гэтай праграмы", — адзначыў Быкоўскі.

Гаворачы пра рост праеўрапейскіх настрояў беларусаў, які таксама зафіксавала апытанне НІСЭПД, Быкоўскі падкрэсліў: пакуль яшчэ нельга сказаць, што намячаецца нейкі трэнд у геапалітычных настроях.

"Долі прыхільнікаў еўраінтэграцыі і аб'яднання з Расіяй у прынцыпе роўныя. Маятнік перыядычна хістаецца то ў адзін, то і другі бок, але нельга сказаць, што адна з груп дамінуе. Нязначныя змяненні пераваг цікавыя, але не абавязкова з'яўляюцца трэндам", — падкрэсліў суразмоўца.

Гэтага ж пункту гледжання прытрымліваецца і старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў, які адзначае, што геапалітычныя перавагі — вельмі "каверзная рэч".

"Іх лепш вывучаць у доўгатэрміновай перспектыве, таму што флуктуацыі здараюцца, і вельмі часта. Але гэтыя ваганні — звычайна ў раёне 10% — адбываюцца ў асноўным з-за ўсплёскаў, у тым ліку прапагандысцкіх", — сказаў палітолаг у інтэрв'ю БелаПАН.

Напрыклад, прайшлі прэзідэнцкія выбары, беларускія ўлады абвінавацілі Захад у падрыхтоўцы перавароту, а Расія ў той жа час нібыта выратавала беларускую эканоміку ад крызісу — перавагі беларусаў калыхнуліся ў бок Усходу. "Цяпер яны калыхнуліся ў іншы бок, таму што адносіны з Расіяй не да канца зразумелыя, — сказаў Мельянцоў. — Я б ацэньваў трэнды больш доўгімі перыядамі, гадоў пяць-сем. А што да гэтых гадавых флуктуацый, то яны часцей за ўсё звязаны з электаральным цыклам або нейкімі іншымі падзеямі".

У прыватнасці, нагадаў эксперт, калі запускаўся праект Еўразійскага эканамічнага саюза, ён усюды піярыўся, на фоне чаго вырасла доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй. Калі ж узяць перыяд 2008—2010 гадоў, калі афіцыйны Мінск праводзіў палітыку абмежаванай лібералізацыі і заляцання з Захадам, назіраўся рост праеўрапейскіх настрояў, таму што было дазволена афіцыйна абмяркоўваць тэматыку Усходняга партнёрства, адносіны з ЕС.

"Цяпер можна сказаць, што выраўноўваецца еўрапейскі трэнд, які злёгку прасеў з-за таго, што мы ўвайшлі ў Мытны саюз, а таксама з-за таго, што мінулы год і частка гэтага былі насычаныя негатыўнымі падзеямі для беларуска-еўрапейскіх настрояў. Цяпер сітуацыя ў геапалітычных перавагах вяртаецца на свой звычайны ўзровень", — рэзюмаваў Мельянцоў.
 
Таццяна Каравянкова, БелаПАН