«Бязлітасны да ворагаў рэйху»

Як будуць выглядаць абавязковыя характарыстыкі пры ўладкаванні на працу — разважае на Свабодзе Валянцін Жданко.

documents_ge3a5c348c_1280.jpg


З мінулай пятніцы, калі вы наважыліся ўладкавацца на дзяржаўны завод, у школу, паліклініку (не кажучы ўжо пра райвыканкам ці сельсавет) — ад вас абавязкова запатрабуюць характарыстыку з папярэдняга месца працы.
А ў той характарыстыцы павінен быць пункцік пра «стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу» і пра тое, ці не здараліся ў вашай біяграфіі «антыдзяржаўныя праявы». Іншымі словамі, а ці не «змагар» вы і ці не сімпатызуеце варожым кіроўнаму рэжыму сілам.
Некаторыя напружыліся, а нехта, магчыма, нават і спалохаўся. Няўжо цяпер усім нелаяльным, заўважаным у апазіцыйных пікетах ці «не тых» колераў шкарпэтках і шаліках, давядзецца застацца без працы? У некаторым замяшанні і аддзелы кадраў ды намеснікі «па ідэалогіі». Дадатковыя абавязкі яўна ўскладуць на іх. Ці падвысяць пры гэтым заробкі — пытанне хутчэй рытарычнае.

Трыумф шаблону і бюракратызму

Абавязковыя характарыстыкі — гэта старая, добра вядомая старэйшым людзям, якія жылі і працавалі пры СССР, практыка. Задумвалася ўсё, відавочна, у спадзяванні на тое, што ўсе татальна будуць сачыць адзін за адным, фіксаваць усе заганы калегаў і адлюстроўваць у выглядзе характарыстык. У рэчаіснасці ж у познім СССР уся задума з абавязковымі характарыстыкамі ператварылася ў маштабную бюракратычную фармальнасць.
Характарыстыкі савецкіх аддзелаў кадраў — гэта трыумф шаблону і бюракратызму, стандартны набор сказаў і выразаў, якія былі далёкія ад рэчаіснасці і па сутнасці нічога не значылі. Можна, дарэчы, пакапацца ў архівах і знайсці што-небудзь са старой савецкай бюракратычнай творчасці. Ну напрыклад:
«За час працы зарэкамендаваў сябе як адказны, мэтанакіраваны, працавіты работнік. Адносіны з калегамі сяброўскія, прыязныя, заўсёды адклікаецца на просьбы аб дапамозе».
Альбо: «Да даручанага ўчастку працы падыходзіць творча. Пастаянна працуе над падвышэннем прафесійнага ўзроўню. Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: быў арганізатарам і актыўным удзельнікам турысцкага злёту і святочнага навагодняга «агеньчыка».
Падобныя характарыстыкі ў савецкі час штампаваліся і падшываліся да «асабістых спраў» у аддзелах кадраў мільёнамі. І нікога асабліва не хвалявала, што «адказны і мэтанакіраваны» работнік насамрэч мог аказацца хранічным прагульшчыкам, а «актыўны ўдзельнік турысцкага злёту і навагодняга «агеньчыка» — горкім п’яніцам.
Што праўда, тады ў характарыстыках звычайна не прынята было пісаць пра вернасць ідэалам марксізму-ленінізму і адданасць савецкай дзяржаве. Часам можна было сустрэць нешта накшталт «пастаянна працуе над падвышэннем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню» і «маральна ўстойлівы», — але пацвярджэння вернападданасці нідзе не патрабавалася.
Цяпер такое патрабаванне, відавочна, з'явілася. Няма сумневу, што з'явяцца і новыя стандартныя фармулёўкі. Працаўнікі дзяржаўных структур спрэс будуць лічыцца «адданымі канстытуцыйнаму ладу і асабіста прэзідэнту» і не заўважанымі ў «антыдзяржаўных праявах на працоўным месцы».
Аўтары ініцыятывы, пэўна, памятаюць, які лёс напаткаў тую савецкую бюракратычную практыку. Невыпадкова цяпер уводзіцца адказнасць «за выдачу характарыстыкі з заведама непраўдзівай інфармацыяй». Ці азначае гэта, што нейкая асобная служба будзе адсочваць і кантраляваць аб’ектыўнасць характарыстык, вызначаць крытэры гэтай аб’ектыўнасці, караць за суб’ектыўнасць ацэнак? І на чыім утрыманні яна будзе — тых самых дзяржаўных прадпрыемстваў, большасць якіх і так ледзь зводзіць канцы з канцамі?
Адна справа, калі адбіраецца кандыдат на цёплае месца намесніка кіраўніка цэха па ідэалогіі з высокім заробкам. І зусім іншая — калі трэба запоўніць вакансію слесара альбо ліцейшчыка з цяжкімі ўмовамі працы. На кіроўныя наменклатурныя пасады ў сённяшняй Беларусі і без таго існуе шматступеньчаты адбор і кантроль з боку розных службаў (з пагонамі і без), яшчэ адна характарыстыка тут ніякай ролі не выканае.
Што да рабочых спецыяльнасцяў, то за варотамі 90 працэнтаў дзяржаўных прадпрыемстваў чэргаў не назіраецца. Наадварот, кадравікі сутыкаюцца з вялізнымі цяжкасцямі, шукаючы кандыдатаў. Часта вымушаны заплюшчваць вочы і на крымінальнае мінулае кандыдатаў, і на іхныя напісаныя на тварах залежнасці і звычкі... З савецкага часу тут мала што змянілася.

Кошт татальнага кантролю

Напэўна, знойдуцца і зацятыя ды апантаныя прыхільнікі рэжыму, і добраахвотныя аматары даносаў (такія былі ва ўсе часы), якія ахвотна падтрымаюць новую ініцыятыву і будуць заўзята выкрываць нядобранадзейных калегаў. І ўсё ж, мяркую, шырокага распаўсюду гэта не атрымае. Куды прасцей, каб адчапілася начальства, напісаць пару агульных фразаў, чым ствараць на роўным месцы сабе ворагаў, ператварацца ў ізгоя ва ўласным калектыве ды наклікаць нянавісць суседзяў і калегаў.
А ўвогуле, назіраючы, як з кожным тыднем множацца дырэктывы пра дадатковыя кантроль, сачэнне, выяўленне, недапушчэнне, прыходзіш да сумных высноў. На ўсе шматлікія выклікі — адзін адказ: яшчэ больш закруціць гайкі, яшчэ большы татальны кантроль за любымі праявамі вальнадумства. Колькі гэта каштуе і хто за ўсё гэта заплаціць — падобна, аўтараў такіх ініцыятыў не надта турбуе. Вялізныя грошы трацяцца не на тое, каб вырабляць, вырошчваць, зарабляць і памнажаць ВУП. У прыярытэце зусім іншыя мэты: за ўсімі сачыць; кожнаму даць характарыстыку, а потым яе яшчэ і праверыць; кантраляваць усе тэлеграм-каналы і тэлеграм-чаты. А яшчэ — сачыць за колеравай гамай шкарпэтак, шалікаў і заплечнікаў; пільнаваць за афарбоўкай штораў у вокнах...
Якой мусіць быць ідэальная характарыстыка ўзорнага працаўніка, адданага рэжыму? Асабіста мне ў звязку з гэтым успамінаецца культавы серыял пра савецкага шпіёна (па сумяшчальніцтве — штандартэнфюрэра СС) Штырліца. Памятаеце, рэжысёр фільма Таццяна Ліёзнава часта перабівала кінакадры архіўнымі нацысцкімі дакументамі, а менавіта службовымі характарыстыкамі на рэальных і выдуманых персанажаў фільма. Цытавалася і такая вось характарыстыка на Штырліца:
«Истинный ариец. Характер нордический, выдержанный. С товарищами по работе поддерживает хорошие отношения. Безукоризненно выполняет служебный долг. Беспощаден к врагам рейха. Отличный спортсмен: чемпион Берлина по теннису. Холост; в связях, порочащих его, замечен не был. Отмечен наградами фюрера и благодарностями рейхсфюрера СС».
Як вядома на прыкладзе «сапраўднага арыйца» Штырліца, нават самая ідэальная характарыстыка — гэта яшчэ не гарантыя таго, што «бязлітасны да ворагаў рэйху» і «адзначаны ўзнагародамі фюрэра» не акажацца палкоўнікам савецкага НКВД, адданым зусім не фюрэру, а ягоным заклятым ворагам.