Блогер «Свабоды»: Ахвяр сілавікоў нашмат больш, чым мы думаем
Блогер «Свабоды» Наста Захарэвіч у адмысловай калонцы распавяла аб тым, што ахвяр у беларускіх пратэстаў больш, чым вядома. Прыводзім яе тэкст.
Фрагмент перадсмяротнай запіскі, якую напісаў грамадзянін Расіі, жыхар Лоева (Гомельская вобласць) Сяргей Барысаў. У снежні 2018 году з прычыны высылкі з Беларусі ён ўчыніў самагубства
— Калі «за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»
затрымалі адну маю знаёмую, да яе дамоў прыйшлі з ператрусам. Дома ж была
толькі вельмі немаладая маці, і пасля такога сюрпрызу ад уладаў у яе рэзка
пагоршылася здароўе, і яна зусім перастала хадзіць.
17-гадовага Цімура сілавікі пабілі так моцна, што медыкам
давялося ўвесці хлопца ў штучную кому. Юнак выжыў, і праз некалькі тыдняў яго
выклікалі ў Следчы камітэт, адкуль ён зноў трапіў у рэанімацыю. Яшчэ праз некалькі тыдняў яго маці памерла.
Колькасць пацярпелых і ахвяр падаўлення пратэстаў у
Беларусі — нашмат большая, чым прынята лічыць. Мы ж звычайна як падлічваем?
Бяром тыя смерці, інфармацыя пра якія трапіла ў СМІ і пра якія мы больш-менш
дакладна ведаем, што яны звязаныя з дзеяннямі сілавікоў. Але ж так шмат
застаецца за кадрам!
Колькі інфарктаў і інсультаў за гэтыя месяцы былі выкліканыя
дзяржаўным гвалтам і тэрорам? Колькі сваячак і сваякоў палітвязняў памерлі, бо
не вытрымалі ціску і не маглі далей жыць у свеце, дзе іх родных катуюць? Якой
колькасьці людзей давялося ўпершыню звярнуцца да псіхатэрапеўта ці псіхіятра
праз сімптомы посттраўматычнага разладу? Наколькі пагоршылася сітуацыя з хатнім
гвалтам, бо злосць, выкліканую беззаконнем, некаторыя выліваюць на сваіх
родных?
Наўрад ці можна нават прыблізна палічыць колькасць людзей,
так ці інакш пацярпелых ад здушэння пратэстаў. І колькі чалавек заўчасна
памерла, бо іх арганізмы не маглі больш трываць гэты стрэс, мы таксама не можам
ведаць. Але дакладна вядома, што Людміла Хлусевіч цяпер на мяжы самагубства і
што ў сваёй будучай смерці яна вінаваціць дзяржаву.
Людміле 65 гадоў, яна змагаецца з анкалагічнай хваробай. За
апошнія паўгода яна прайшла праз ператрус, прыблізна 10 допытаў, праверку ў
адной крымінальнай справе і стала абвінавачанай у іншай справе. Яна займела
штодзённыя панічныя атакі, праблемы са сном, трывожнасць, гіпэртанічныя крызы
і страціла 9 кілаграмаў. І ўвесь ціск і пераслед дзяржава лічыць адэкватнай
рэакцыяй на тое, што жанчына меркавана пакінула абразлівы каментар у адной
сацыяльнай сетцы на адрас міліцыянта.
Цяпер, у чаканні суду, яна напісала перадсмяротны ліст:
«Вінаватай у маёй смерці прашу лічыць дзяржаву. Так больш жыць не магу. Маё
здароўе і жыццё давялі да смерці. Я была хворая, яны пагоршылі мой стан.
Дажыла да пенсіі, такіх здзекаў і катаванняў не вытрымала. Жыла сумленна, не крала, не забівала. Мяне забілі, давялі да смерці. Хай усе даведаюцца: мае
блізкія, знаёмыя, родныя і сябры».
Я вельмі спадзяюся, што Людміла ўсё ж будзе жыць яшчэ доўга
і ў добрых умовах, але ў цэлым баюся, што ў найбліжэйшы час нам варта чакаць
хвалі самагубстваў, і што гісторыя Дзмітрыя Стахоўскага, які скокнуў з вакна,
— гэта толькі пачатак. Пра сувязь шмат якіх будучых самагубстваў з падаўленнем
пратэстаў мы і ведаць не будзем — нехта не пакіне перадсмяротнага ліста, пра
кагосці СМІ і тэлеграм-каналы вырашаць не расказваць, каб не выклікаць эфэкт
Вертэра — хвалю перайманняў вядомага самагубства.
Якімі б жахлівымі ні выглядалі цяперашнія спісы палітвязьняў,
статыстыка па адміністрацыйных справах паводле палітычных артыкулаў і спіс
людзей, чые смерці звязваюць з падаўленнем пратэсту, гэта ўсё хіба малая
частка агульнай карціны, якую мы цалкам ніколі і не ўбачым. А калі б убачылі,
дык не факт, што здолелі б далей з гэтым жыць.
А жыць трэба.