У Германіі пачалі расследаваць факты гвалту над беларусамі

Федэральная пракуратура Германіі пачала папярэдняе расследаванне па заяве пра гвалт над удзельнікамі акцый пратэсту ў Беларусі. Пра гэта паведаміла нямецкая газета «Der Tagesspiegel».

photo_2020_11_01_19.48.36.jpeg


Заява была пададзеная ў пачатку траўня чатырма берлінскімі адвакатамі ад імя дзесяці беларусаў, пацярпелых ад сілавікоў у жніўні мінулага года, паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на БелаПАН. Гаворка ідзе пра нечалавечыя ўмовы перавозкі, утрымання пад вартай, збіццё, пагрозы і абразы. «Мы чакаем, што Федэральная пракуратура пачне фармальнае расследаванне», — заявіў адвакат Анур Азата. На думку заяўнікоў, пракуратура павінна расследаваць злачынствы ў Беларусі паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі.

19 траўня стала вядома, што офіс беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай накіраваў у Федэральную пракуратуру Германіі ліст з заклікам да федэральнага пракурора Пітэра Франка распачаць крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму паводле заявы, пададзенай нямецкімі адвакатамі ад імя дзесяці беларусаў. «Улічваючы эскалацыю рэпрэсій у Беларусі, а таксама пераслед журналістаў і блакаванне сайта tut.by, Ціханоўская просіць федэральнага пракурора распачаць усе магчымыя крокі для прыцягнення вінаватых да адказнасці», — гаворыцца ў паведамленні. Распачынанне такой справы дазволіць паказаць беларусам, што нават ва ўмовах беззаконня ў краіне іх абараняе міжнароднае права, лічаць у офісе палітыка.

5 траўня стала вядома, што генпракурор Пітэр Франк атрымаў заяву ад імя беларускіх грамадзян. Іх нямецкія адвакаты прадставілі больш як 100 задакументаваных выпадкаў катаванняў у Беларусі, адказнасць за якія нясе дзяржава. Дзесяць ахвяр наўпрост даручылі сваім прадстаўнікам падаць ад іх імя ў Генеральную пракуратуру ў Карлсруэ абвінавачанні ў сістэматычных катаваннях, каб дамагчыся расследавання пад юрысдыкцыяй Германіі.

Крыніца, якая ўваходзіць у працоўную групу гэтага кейса супраць Лукашэнкі і сілавікоў, паведаміла «БелаПАН», што праца над падрыхтоўкай працэсу ішла больш за паўгода: «Пасля шасці-сямі месяцаў карпатлівай працы мы знайшлі ахвяр і сведак катаванняў, якія далі згоду паўстаць перад Вярхоўным судом Германіі, пераклалі тысячы дакументаў на нямецкую мову і знайшлі бліскучых адвакатаў».

Як паведамлялася, паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі заявы на беларускіх сілавікоў былі пададзеныя ў Літве і Чэхіі.