Будзь у трэндзе: 10 каналаў у Telegram пра беларушчыну
Месэнджар Паўла Дурава хутка заваёўвае прасторы байнэту і становіцца ўсё больш уплывовым. Прадстаўляем вам дзясятак забаўляльных, адукацыйных і інфармацыйных каналаў Telegram, якія мусяць наблізіць вас да беларушчыны.
Галоўныя асаблівасці Telegram — бяспечныя пратаколы шыфравання і шырокае выкарыстанне ботаў. Праект за свае чатыры гады існавання ўсё яшчэ застаецца некамерцыйным, і ў выніку — адным з самых незалежных. Тут існуе звыш сотні тэматычных айчынных каналаў.
Белліт — https://t.me/bellitra
Канал спадабаецца аматарам чытаць па-беларуску. Тут вы знойдзеце навіны нашай літаратуры, агляды цікавых кніг і перакладаў. Аўтарка дае парады па асноўных літаратурных мерапрыемствах, знаёміць чытачоў з выхадамі новых твораў і публікуе некалькі радкоў з вершаў класікаў, якія актуальныя і зараз. Падпісчыкі канала дакладна змогуць выбраць сабе кнігу для чытання.
Кава & какава — https://t.me/Kava_link
Канал далёка не пра гарачыя напоі. Тут публікуюцца вытрымкі з беларускіх выданняў XIX — першай паловы XX стагоддзя: ад «Северо-Западного края» да «За вольную Беларусь». Адметнасць у тым, што па газетах фактычна можна вывучаць гісторыю Беларусі. Некаторыя публікацыі дадуць нагоду пасмяяцца з абсурднасці савецкай прэсы ці параўнаць мінулае з сучаснымі рэаліямі.
БНР 1918 — https://t.me/bnr1918
Адзін з самых новых праектаў у белтэлеграме. Канал чымсьці падобны да папярэдняга, але акцэнт у ім робіцца на гісторыі БНР. Кожны дзень тут з’яўляюцца навіны стогадовай даўніны, і чытач можа ўявіць сябе жыхаром рэвалюцыйнага 1917 года.
Апроч гістарычных матэрыялаў можна прачытаць пра мерапрыемствы, прысвечаныя стагоддзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Аŭtentyčnaść — https://t.me/authentika
Здымкі даваеннай Беларусі чамусьці не так проста знайсці, хаця нават напрыканцы існавання Расійскай імперыі працавала шэраг беларускіх фотамастакоў. Цяпер кожны кадр першай паловы мінулага стагоддзя з’яўляецца дакументальным: гарадскія і вясковыя пейзажы, сяляне і іх адзенне і абрады ў даволі добрай якасці можна пабачыць на канале Аŭtentyčnaść.
Невядомая мова — https://t.me/movaby
Ведаеце, што такое дубальтоўка? А як па-беларуску будзе «твердеть»? Калі не, то абавязкова падпісвайцеся на гэты канал. Штодзень тут тлумачаць не надта распаўсюджаныя, але цікавыя словы са слушнымі прыкладамі. Тым самым камусьці невядомая мова становіцца вядомай з дапамогай Telegram.
Беларускі піонэр — https://t.me/belaruskipioner
Невядома чаму ў беларускім тэлеграме стала так папулярна выкладаць сканы газет і здымкаў міжваеннага часу. Канал «Беларускі піонэр» — не выключэнне. Тут даволі шмат цікавых фактаў і малюнкаў. Напрыклад, займальна пачытаць дапаможнік па вырошчванні канопляў або даведацца, што пісалі да 400-годдзя кнігавыдавецтва Скарыны. Прычым нават пры Сталіне большасць мясцовай і моладзевай прэсы выходзіла па-беларуску.
1863x — https://t.me/x1863
Канал вядомага блогера Эдуарда Пальчыса. Тут можна пачытаць цікавыя меркаванні пра палітыку і гісторыю Беларусі. Аўтар выдае якасную аналітыку, захапляльныя гісторыі і слушны бэкграўнд падзеяў у нашай краіне. Па меркаванні блогера, Telegram зараз з’яўляецца цудоўнай платформай для папулярызацыі нацыянальна-дэмакратычнага руху, як для зносін праз прыватныя і публічныя чаты, так і праз спецыялізаваныя каналы. Пальчыс часта піша па-руску.
Не БТ — https://t.me/nelukashenko
Напэўна, гэты канал — самы папулярны айчынны тэлеграм-блог. Падобны на 1863х: тут публікуюцца цікавыя навіны, факты, абмеркаванні беларускай рэчаіснасці. Ужо некалькі разоў сам канал быў крыніцай інфармацыйнага шуму і нейкіх сацыяльна-палітычных здагадак. Апошні раз гэта здарылася падчас з'яўлення чутак пра прызначэнне Ліліі Ананіч на пасаду дырэктаркі Інстытуту журналістыкі БДУ. Мажліва, гэта быў папулярны зараз «укід», або «Не БТ» мае свае інсайды ў дзяржаўных органах? Дакладна невядома аўтарства блога, але колькасць падпісантаў за 2 месяцы працы перасягнула 1300.
Думаць Беларусь — https://t.me/methodology_by
Беларуская філасофія не так папулярызуецца ў сеціве, як тая жа гісторыя, культура, мова. Але аўтары гэтага канала спрабуюць выправіць сітуацыю. Штодзень тут выходзяць артыкулы, разважанні, запрашэнні на мерапрыемствы ад лепшых айчынных мысляроў: Уладзіміра Мацкевіча, Таццяны Вадалажскай, Андрэя Ягорава ды іншых. Кантэнт не самы просты, так што варта ўчытацца.
Минск и минчанин — https://t.me/pureminsk
Канал Дзяніса Блішча, магчыма, падыдзе не кожнаму беларусу, але раім падпісацца на яго жыхарам Мінска. Гуляючы па сталіцы, аўтар падкрэслівае пэўныя ўрбаністычныя асаблівасці ў архітэктуры, інфраструктуры і транспарце. Блогер дзеліцца ўражаннямі са спальных раёнаў, прыватнага сектару ці тых мясцін, якія нядаўна ўвайшлі ў рысу горада, і гэтым паказвае атмасферу новага Мінска.
Апроч вартых кожнаму беларусу каналаў у Telegram прысутнічаюць стыкеры на любы густ: ад Пазьняка да Саладухі.
Прычым, у адрозненні ад налепак Viber, тут значна прасцей стварыць такі набор без папярэдняй мадэрацыі.