Чарнобыль — Фукушыма —… Ланцуг ядзерных трагедый можа спыніць толькі адмова ад АЭС

Маё знаёмства з валанцёркай беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” Марыяй Браткоўскай адбылося напярэдадні чарговай гадавіны трагедыі на ЧАЭС.



bratkouskaja_3.jpg

Марыя Браткоўская спявае пра Беларусь

Ураджэнка вёскі Малыя Чучавічы, што ў Лунінецкім раёне Берасцейшчыны, выпускніца Мінскага педагагічнага інстытуту замежных моваў цягам многіх гадоў дапамагае праводзіць аздараўленне і лячэнне на Балтыцы і ў клініках Нямеччыны дзяцей з Гомельшчыны (Брагіна, Хойнікаў і вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна). Спадарыня Марыя толькі вярнулася з Японіі, дзе разам з нямецкімі валанцёрамі грамадзянскай ініцыятывы гораду Ротвэйль (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг) удзельнічала ў сустрэчы з актывісткамі японскай грамадскай арганізацыі “Сябры Зямлі”, якія перажылі трагедыю Фукушымы.

У Японіі беларуска падзялілася вопытам правядзення адпачынку дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад Чарнобыля. Паколькі спадарыня Марыя з’яўляецца ўдзельніцай заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, народнага фальклорнага гурту “Гасцінец” (мастацкі кіраўнік Лізавета Пятроўская) з Ракаўскага цэнтру фальклору, што ў Валожынскім раёне Міншчыны, падчас вандроўкі ў Японію жанчына выконвала беларускія народныя песні ў цудоўным дамачоўскім  строі.

Асаблівы водгук яе спевы знайшлі сярод японак, апранутых у нацыянальныя строі кімано. Прадстаўнікоў трох краінаў паяднала адно жаданне — адмовіцца ад выкарыстання ядзернай энергіі і захаваць традыцыйныя каштоўнасці зямлянаў.

Паслухаем расповед спадарыні Марыі:

“Нібыта ў другі раз перажыла Чарнобыль, калі пабачыла ў прэфектуры Фукушыма тыя вялікія могільнікі з чорнымі поліэтыленавымі мяхамі забруджанай радыенуклідамі зямлі, якую японцы нават не ведаюць, дзе хаваць. Вось чаму гэтыя мяхі закопваюць нават каля квітнеючай сакуры, зверху закідваюць камянямі і прысыпаюць чыстай глебай. Аднак памяць чалавека не засыплеш і не затрэш нічым…

Мабыць японскія ўлады нешта рабілі лепш,чым у нас падчас Чарнобылю, бо не было такой панікі, ляманту і хаосу. Пасля трагедыі на Фукусіме 11 сакавіка 2011 года сялян адсялілі, а праз два гады яны вярнуліся ў свае вёскі, ужо чыстыя ад радыяцыі.

bratko_skaja_2.jpg

Забруджаная радыяцыяй глеба прыгатаваная для пахавання

Паколькі мажлівасці дзяржавы абмежаваныя, людзям давялося чакаць, пакуль падыдзе чарга на ачыстку іх паселішчаў. Прычым спачатку з коміна і даху мыліся ўсе дамы і толькі потым верхні, забруджаны радыенуклідамі пласт глебы быў заменены нармальнай зямлёю. Трэба мець на ўвазе, што жыхары пацярпелых ад Фукусімы вёсак харчуюцца, у асноўным, чыстай ад радыяцыі прывазной ежай, у тым ліку і імпартнай. Японцы аніяк не маглі зразумець, што на працягу 28 гадоў пасля Чарнобылю беларусы, якія пражываюць у пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС рэгіёнах, ядуць тое, што самі вырошчваюць і збіраюць у лесе.

Дарэчы, пры слове “Чарнобыль”, па-першае, чамусьці, успамінаецца сонечны цёплы дзень 26 красавіка 1986 году на маёй малой радзіме, дзе я з вялізным жыватом увесь час падстаўляю твар сонейку. Свой настрой ў той дзень я пазней перадала ў вершы:

Мне пашчасціла нарадзіцца на Палессі,

сярод балот.

Дзе жыццё не імчыцца, струменіцца,

шапаціць і вясной чарот.

Дзе сустрэўшыся ля аўтобуса,

павітаю я землякоў.

І пасля двух-трох слоў гаворкі

Я паціху іду дамоў…” 

У гародзе ўжо талакою садзяць бульбу, а бацькі, муж і сваякі ў адзін голас беражліва не пускаюць мяне працаваць. І хоць цяжарнасць даволі складана наступіла, я была ў нейкім гарманічным стане. Гэта — як песня маці: галасы чуліся, тут і птушкі, і траўка… І толькі вечарам бацька сказаў: “Ты чула такі горад — Цярнопаль ці Чарнобыль? Не зусім зразумеў. Нешта там адбылося, ці выстраліла што…”. І на гэтым усё. Болей у нас не было аніякай размовы.

Сапраўдныя хваляванні пачаліся пасля адыходу майскіх святаў, калі мы з мужам вярнуліся ў Мінск, бо насупраць  нашага дому па вуліцы імя Сямашкі стаялі вялізныя чэргі людзей у гарадскі кансультацыйна-дыягнастычны цэнтар, дзе рабілі замеры ўзроўню радыяцыйнага апраменьвання. А калі на 9 мая мы з мужам таксама зайшлі ў гэты цэнтр і здалі аналізы, на другі дзень мяне тэрмінова паклалі ў гарадскі клінічны раддом №2 на вуліцы імя Бельскага.

У вялізнай палаце нас было чалавек 10–12 з розных рэгіёнаў Палесся. Гэта былі маладыя цяжарныя вясковыя жанчыны з чорнымі пазногцямі і парэпанымі пятамі, якія проста не мелі дастатковага часу і мажлівасці, каб пазбавіцца гэтых тыповых прыкметаў цяжкай сялянскай працы. Усё гэта мяне — жыхарку сталіцы — спужала горай, чым сама бяда, бо пра бяду ж дакладна не ведалі. Давалі нам па аднаму парашку адтыструміну ў дзень.

Нам не дазвалялася нікуды выходзіць з аддзялення і ні з кім сустракацца, перадачы нам перадавалі, але мы парушалі забарону, самі адчынялі вокны і нешта крычалі сваякам і калегам па працы. І калі мае суседкі ўвесь час роспачна ўспаміналі сваіх дзяцей, родных, гаспадарку, кароў і цялят, мне ж на памяць адчайна прыходзілі дзіцячыя апавяданні пра мінулую вайну. Сустрэць бы сёння гэтых жанчын і даведацца, як склаліся іхныя лёсы. На жаль, я нават не памятаю іхнія імёны. Зразумець тое, што адбывалася, было немагчыма, як і нешта адказаць сваім супрацоўнікам, мужу і ягонай радні.

А праз два месяцы — 28 чэрвеня — я нарадзіла і страціла сваю дачушку. Усё жыццё яна ходзіць за мною, і мне здаецца, што гэтае маё дзіця недзе жыве… Толькі ў 1990 годзе я нарадзіла сына, у якога сёння ўжо сям’я і чатырохгадовая дачка.

Успамінаю, як радасць палешукоў-перасяленцаў, што атабарыліся ў Астраўцы, змянілася сумам пасля весткі пра будаўніцтва атамнай станцыі, бо гэтыя людзі згубілі навек сваю малую радзіму, а на Астравеччыне зноў знайшлі свой пагібельны атам. 

Прыходзяць на памяць тыя вучні з постчарнобыльскіх рэгіёнаў, якія нават не разумелі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. На маё пытанне пра адзначэнне гадавіны Чарнобыльскай трагедыі дзеці адказвалі, што ў сваіх дакладах напісалі, як ганарацца Беларуссю — краінай, дзе будзе свая атамная электрастанцыя. Вельмі шкада, што і на пачатку XXI стагоддзя нашы дзеці застаюцца неадукаванымі ў пытаннях радыяцыйнай бяспекі, а таму безабароннымі ахвярамі ядзерных катастрофаў. 

bratko_skaja_1.jpg

Марыя Браткоўская (у беларускім нацыянальным строі) сярод нямецкіх і японскіх сяброў.

Па-іншаму ўспрымаюць трагедыю Фукушымы японскія дзеці. У Японіі ўсе жыхары пацярпелых ад радыяцыйнага апраменьвання рэгіёнаў карыстаюцца адмысловымі прыладамі і медычным абсталяваннем (дарэчы, беларускай вытворчасці): асабістымі дазіметрамі і спецыяльнымі крэсламі для вымярэння ўзроўню ўнутранай паглынутай чалавекам дозы радыяцыі. У краіне ўводзіцца сістэматычнае штотыднёвае двухдзённае аздараўленне дзяцей у чыстых ад апраменьвання рэгіёнах. І ўрэшце, самае галоўнае, — дзеці добра абазнаныя ў праблемах радыяцыйнай бяспекі.

Разам з тым, няма вялікай розніцы паміж адносінамі беларускай і японскай дзяржаваў да чалавека, які не па сваёй віне трапіў у бяду. Вось чаму у Японіі ствараюцца грамадскія арганізацыі, што ставяць за мэту дапамагчы людзям выжыць ва ўмовах пасля катастрофы на Фукушыме.

Асноўнае, што я вынесла для сябе пасля Чарнобылю і вандроўкі ў Японію: трэба адмовіцца ад АЭС, бо не бывае мірнага атама. Ён ніколі не стане сябрам чалавеку. Так трэба выхоўваць дзяцей і пра гэта трэба распавядаць школьнікам на Дзень ведаў”.

Напрыканцы нагадаю словы пра Чарнобыль і Фукушыму вялікага беларуса Генадзя Грушавога, да якога з глыбокім шанаваннем ставіцца спадарыня Марыя:

“У ланцугу ядзерных трагедый Чарнобыль не стаў кропкай, за ім ідзе Фукусіма — першая і, магчыма, не апошняя ядзерная катастрофа XXI стагоддзя. Фукусіма вярнула нас да Чарнобылю і нагадала, што гэтая трагедыя нікуды не знікла. Грамадству сёння патрэбна зноў выступаць супраць вяртання да палітыкі генацыду, якая існавала ў савецкія часы. Бо як можна браць шматмільярдныя крэдыты для будаўніцтва атамнай станцыі і адначасова адмаўляць большасці ліквідатараў Чарнобылю ў бясплатных леках, а хворым ад радыяцыйнага апраменьвання — у спецыялізаванай медыцынскай дапамозе? Нам трэба не новая АЭС, а тэрміновае вяртанне ў чарнобыльскія рэгіёны сродкаў кантролю за паглынутай дозай радыяцыі дзеля будучыні нашых дзяцей. Грамадству трэба біць у званы, бо генацыд зноў вярнуўся на нашу зямлю”.