Чатыры міфы пра правакатара
Удзельнік Плошчы–2010 Уладзімір Хамічэнка (празваны ў народзе «Навушнікам») стаў, бадай, ледзь не больш медыйнай за экс-кандыдатаў у прэзідэнты персонай. Ягоныя
дзеянні на Плошчы, арышт і нядаўняе вызваленне пачынаюць абрастаць разнастайнымі міфамі і домысламі, якія замінаюць разабрацца, што ж гэта за чалавек, і ці адыграў ён нейкую ролю ў выбарчых падзеях.
Высветліць, што ёсць праўдаю, а што — выдумкамі, дапамагае юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Наста Лойка.
Удзельнік Плошчы–2010 Уладзімір Хамічэнка (празваны ў народзе «Навушнікам») стаў, бадай, ледзь не больш медыйнай за экс-кандыдатаў у прэзідэнты персонай. Ягоныя
дзеянні на Плошчы, арышт і нядаўняе вызваленне пачынаюць абрастаць разнастайнымі міфамі і домысламі, якія замінаюць разабрацца, што ж гэта за чалавек, і ці адыграў ён нейкую ролю ў выбарчых падзеях.
Высветліць, што ёсць праўдаю, а што — выдумкамі, дапамагае юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Наста Лойка.
Міф №1. Хамічэнка правакаваў на біццё шкла ў Доме ўраду
Як вынікае са шматлікіх відэазапісаў і інфармацыі, агучанай на судовым працэсе над Хамічэнкам, ён далучыўся да групы людзей, што білі дзверы Дома ўраду, праз 15–20 хвілін пасля першага
разбітага шкла. Ды і цяжка назваць гэта «далучэннем», бо Хамічэнка стаяў збоку ад дзвярэй, а не ў асноўнай масе людзей. Такім чынам, біццё шкла распачаў дакладна не ён. Тады
незразумела, у чым крыецца сутнасць ягонай «правакацыі». Можна было б меркаваць, што ён мусіў «закласці» іншых пратэстоўцаў, але і гэты варыянт не
падыходзіць: на судзе Хамічэнка засведчыў, што людзі былі настроены мірна, і ён не бачыў аніякай зброі ці прыладаў, каб біць шкло, у руках мітынгоўцаў.
Каментар юрыста: У афіцыйным абвінавачанні Уладзіміра Хамічэнкі гучала, што ён наносіў удары з 22 да 23 гадзінаў, як і яго паплечнікі па судовай лаве Андрэй Пратасеня, Зміцер Дрозд, Павал Вінаградаў
і Алесь Кіркевіч. Да таго ж, удары ён наносіў ужо па бітым шкле рукамі і нагамі, і толькі пазней у яго з’явіўся ледаруб, якім ён здзейсніў 2 удары. У сваім аналітычным аглядзе ПЦ
«Вясна» звяртаў увагу, што яго дзеянні не могуць кваліфікавацца, як «удзел у масавых беспарадках» (падрабязней азнаёміцца з аналітычным аглядам можна на сайце
«Вясны» http://spring96.org/be/news/43169).
Міф № 2. У Хамічэнкі быў начэплены навушнік
Калі паглядзець поўны відэазапіс дзеянняў Хамічэнкі на плошчы Незалежнасці 19 снежня (відэа можна знайсці тут: http://www.youtube.com/watch?v=aDur_kYZ0kQ&feature=player_embedded# —
Хамічэнка, у чорным паліто і рознакаляровай шапцы, у левым ніжнім куце), дык бачна, як ён здымае шапку, а пад ёй на вушах… нічога! Ніякага навушніка з дротам, што звычайна выкарыстоўваюць
чэкісты для каардынацыі сваіх дзеянняў, няма! Выказваліся меркаванні, што Хамічэнка размаўляе ў мікрафон, схаваны ў рукаве, але гэтая версія не больш праўдападобная за тлумачэнні самога Хамічэнкі
— маўляў, спаў на бетоне, адмарозіў вуха, яно балела, вось за яго і трымаўся. Дарэчы, амаль усе відэа з Хамічэнкам былі выдаленыя з відэасэрвісу YouTube, кім і чаму —
незразумела.
Каментар юрыста: Вельмі шкада, што прэзумпцыю невінаватасці ігнаруюць сёння не толькі супрацоўнікі органаў бяспекі і ўнутраных спраў, а нават і людзі, якія прызнаюць каштоўнасці дэмакратыі і
прававой дзяржавы. Не злоўлены — не злодзей, як гаворыцца ў прымаўцы. Самога навушніка ніхто не бачыў, а домыслы дазволілі даць чалавеку нават такую мянушку. Мы лічым Уладзіміра Хамічэнку
такім жа палітвязнем, як і іншых асуджаных па падзеях 19 снежня.
Міф № 3. Хамічэнку вызвалілі датэрмінова перад прэзідэнцкімі выбарамі
Уладзімір Хамічэнка сапраўды выйшаў на свабоду 6 снежня, але датэрміновае вызваленне тут ні пры чым. За некалькі месяцаў да выбараў Хамічэнка спрабаваў скрасці мех бульбы, але троху неданёс
— яго затрымалі, завялі крымінальную справу. Да суду ён практычна 3 месяцы знаходзіўся ў следчым ізалятары. За спробу крадзяжу суд прысудзіў тыя самыя 3 месяцы арышту, з якіх сядзець яму
засталося 3 дні. Так і выпала, што тэрмін адбыцця арышту Хамічэнкі скончыўся напачатку снежня.
Каментар юрыста: Нам невядомыя падрабязныя акалічнасці мінулай крымінальнай справы. З прысуду за «масавыя беспарадкі» толькі ведаем, што — цытата — «раней
судзімы па прысудзе суда Аршанскага раёна і г. Оршы ад 3 снежня 2010 г. па ч.1 арт. 14 — ч. 2 арт. 205 КК да пакарання ў выглядзе арышту на тэрмін 3 месяцы». Падчас судовага
пасяджэння агучваўся факт, што свой тэрмін ён адбыў цалкам, а не вызваляўся датэрмінова.
Міф № 4. Хамічэнка абсалютна здаровы
На судовым працэсе было засведчана, што Уладзімір Хамічэнка мае псіхічныя адхіленні (пацверджана псіхіятрычнай экспертызай, агучанай у закрытым рэжыме падчас суду) і не можа паўнавартасна асэнсоўваць
падзеі. Такія людзі часта не могуць аддзяліць рэчаіснасць ад таго, што яны пабачылі/прачыталі/пачулі. А таму ўспрымаць усур’ёз байкі Хамічэнкі нельга. Многім запалі ў памяць
сведчанні тых, хто адбываў адміністрацыйнае пакаранне за Плошчу разам з Хамічэнкам, пра яго дзіўныя і супярэчлівыя аповеды, але для чалавека такога тыпу падобныя паводзіны традыцыйныя і
звычайныя.
Каментар юрыста: Заключэнне эксперта №870 ад 1 красавіка 2011 года было насамрэч агучана ў закрытым судовым пасяджэнні, паколькі магло нанесці шкоду асабістым інтарэсам Уладзіміра. Але згодна рашэнню
комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, стан яго псіхікі — цытата з прысуду — «абмяжоўваў здольнасць Хамічэнкі да сэнсавай ацэнкі сітуацыі і валявога кантролю сваіх
дзеянняў, у выніку чаго ён не мог у поўнай меры разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі». Больш за тое, па рашэнні суда ў дачыненні да абвінавачанага ўжываліся прымусовыя меры
бяспекі і лекавання — атрымалася падвоенае пакаранне.
Урывак з прысуду: «В соответствии с заключением эксперта № 870 от 01 апреля 2011 года амбулаторной комплексной судебной психолого-психиатрической экспертизы Хомиченко В.Н. в период
инкриминируемого деяния обнаруживал болезненное психическое расстройство в форме органического расстройства личности с когнитивным снижением и эмоционально-волевой неустойчивостью [...] вследствие
чего он не мог в полной мере сознавать значение своих действий и руководить ими. Хомиченко В.Н. нуждается в применении принудительных мер безопасности и лечения. У Хомиченко диагностируется синдром
зависимости от алкоголя (т. 3 л.д. 186-1)».
Выбары–2010 пакідаюць шмат пытанняў, адказы на якія нам яшчэ трэба будзе шукаць. Адно з галоўных пытанняў — кім жа былі спланаваны падзеі на плошчы Незалежнасці? Магчыма, да гэтага
неяк быў датычны і Уладзімір Хамічэнка, а магчыма — і любы іншы з ліку тых, хто зараз знаходзіцца за кратамі. Дарэчы, многіх з палітвязняў (напрыклад, Алега Федаркевіча ці Віталя
Мацукевіча), таксама адразу залічвалі ў шэраг «правакатараў». З часам гэтае таўро з іх знялі, а вось з Хамічэнкі — не. Можа, таму, што ён з тых, каго мы называем
маргіналамі? Сірата, з псіхічнымі адхіленнямі, без сталага месца жыхарства і схільны да пляшкі. Маючы стэрэатыпныя ўяўленні пра людзей такога кшталту, нам сапраўды цяжка даць яму веры. Але ж мы людзі
здаровыя, а таму ў стане аддзяліць рэчаіснасць ад таго, што пабачылі/прачыталі/пачулі. Тым болей, гэта так неабходна, каб разабрацца ў тым, што ўсё ж такі было 19 снежня на Плошчы.